From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэй Алегавіч Саннікаў (8 сакавіка 1954, Мінск) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра Канстанціна Мікалаевіча Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1].
Андрэй Алегавіч Саннiкаў | |
---|---|
Андрэй Саннiкаў | |
Род дзейнасці | экс-кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, палітычны і грамадскі дзеяч, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» |
Дата нараджэння | 8 сакавіка 1954 (70 гадоў) |
Месца нараджэння | Мінск, Беларуская ССР, СССР |
Грамадзянства | Беларусь |
Бацька | Алег Саннікаў |
Маці | Ала Саннікава |
Жонка | Ірына Халіп |
Альма-матар | |
Член у | |
Узнагароды і прэміі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў Мінску 8 сакавіка 1954 года. У 1971 годзе Андрэй Саннікаў скончыў 42-ю мінскую школу, у 1977 — перакладчыцкі факультэт Мінскага Дзяржаўнага інстытуту замежных моваў. Працаваў у Пакістане і Егіпце ў нафтавай кампаніі і на будаўніцтве алюмініевага заводу, у таварыстве Дружбы з замежнымі краінамі (у 1980—1981 гадах).
У 1989 годзе скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве. Акрамя роднай беларускай, свабодна валодае рускай, англійскай і французскай мовай.
Жанаты, мае двух сыноў. Жонка — вядомая беларуская журналістка, карэспандэнт расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп, таксама асуджаная за Плошчу-2010.
У 1982—1987 гадах працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН.
У 1992—1995 годзе ўзначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраенні з правам подпісу ад імя краіны.
У 1993—1995 гадах працаваў саветнікам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі.
У 1995—1996 гадах намеснік міністра замежных спраў Беларусі.
Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла.
У лістападзе 1996 г., напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту.
У лістападзе 1997 г. Андрэй Саннікаў выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі’97», стаў міжнародным каардынатарам гэтай грамадзянскай ініцыятывы. У 1998 г. разам з Генадзем Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі.
Андрэй Саннікаў быў адным з арганізатараў маршаў пратэсту «Раздавім фашысцкую гадзіну!», «Так жыць нельга!», «За лепшае жыццё», акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.
У 2008 годзе разам з Віктарам Івашкевічам, Міхаілам Марынічам і іншымі палітыкамі стаў ініцыятарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць сваёй мэтай ўступленне Беларусі ў Еўрасаюз.
У 1998—2002 гг. — рэктар Народнага ўніверсітэта, нефармальнага адукацыйна-асветніцкага праекта.
У 2005 г. стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека.
24 верасня 2010 года Саннікаў падаў у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў заяўку аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. У ініцыятыўную групу Саннікава ўвайшлі 2003 чалавекі[2]
18 лістапада 2010 года Андрэй Саннікаў зарэгістраваны на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.[3]
Затрыманы падчас мітынгу супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г. у Мінску. Пры гэтым жорстка збіты (была пашкоджаная нага) і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Падчас следства сям’я Саннікава зазнала моцны ціск. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.
11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.[4]
25 сакавіка 2011 г. Андрэю Саннікаву выстаўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці, і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады.[5] Разам з ім па адной крымінальнай справе праходзілі Ілля Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Алег Гнедчык і Уладзімір Яроменак.
14 мая 2011 года Партызанскі раённы суд г. Мінска прызнаў Андрэя Саннікава вінаватым у арганізацыі беспарадкаў і прысудзіў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму[6].
Адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі, затым 29 верасня 2011 г. быў этапаваны ў калонію № 2 г. Бабруйску. Пасля Бабруйска ў канцы лістапада 2011 г. Саннікава перавялі ў калонію пад Віцебскам — «Віцьба-3».
14 красавіка 2012 г. Андрэй Саннікаў быў вызвалены паводле указу А. Лукашэнкі аб памілаванні[7].
У кастрычніку 2012 года атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі[8].
У 2018 камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што Андрэй Саннікаў стаў ахвярай незаконнага пазбаўлення волі, былі парушаны яго правы на прыватнае жыццё, свабоду выражэння меркаванняў і на мірныя зборы[9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.