From Wikipedia, the free encyclopedia
Алякса́ндр Уладзі́міравіч Мілінке́віч (25 ліпеня 1947, Гродна) — беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык.
Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 ліпеня 1947[1] (77 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | фізік, этнолаг, выкладчык універсітэта, гісторык, палітык, матэматык, праваабаронец |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат фізіка-матэматычных навук |
Альма-матар | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Працаваў настаўнікам (Гродна). Пасля сканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР (1972) працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976—1978 гадах працаваў інжынерам і старшым выкладчыкам Гродзенскага педінстытута. Стажыраваўся ва ўніверсітэце Манпелье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім універсітэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучання ў Еўрапейскім цэнтры даследавання праблем бяспекі ў Гарміш-Партэнкірхене (ФРГ, 2000). Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1976). У 1980—1984 гадах загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта (1978—1980, 1984—2000).
Заснавальнік і кіраўнік грамадскай арганізацыі «Ратуша». Кіраўнік праграм «Фонду спрыяння лакальнаму развіццю». У 1996—1997 гадах прэзідэнт баскетбольнага клуба «Гродна-93».
Кандыдатура Мілінкевіча ў 2014—2015 годзе разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта[2]. У красавіку 2015 года Мілінкевіч прайграў выбары рэктара амерыканцу Дэвіду Поліку, пасля чаго заявіў, што гэты ўніверсітэт «больш не будзе служыць Беларусі»[3].
Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама (1990—1996) па пытаннях адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны.
Падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штаба Сямёна Домаша.
У 1996—2003 гадах старшыня гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання «Ратуша», ліквідаванага ўладамі.
У 1999—2005 гадах старшыня Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў.
У 2003—2005 гадах старшыня гродзенскага «Таварыства Беларускай Школы».
Увосень 2004 года Мілінкевіч быў кандыдатам на парламенцкіх выбарах у Гродзенскай вобласці — прайграў аднаму з памочнікаў Аляксандра Лукашэнкі[4].
У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл». Удзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе; паводле афіцыйных звестак, набраў 6 % галасоў выбаршчыкаў і заняў 2-е месца пасля Лукашэнкі.
У 2005—2007 гадах старшыня Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл. У сакавіку 2007 года, незадоўга да новага Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім быў адхілены з пасады старшыні, называў сябе «прэзідэнтам дэмакратычнай часткі грамадства»[5].
У 2012 годзе не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата на парламенцкіх выбарах[6].
У 2006—2016 узначальваў Рух «За Свабоду», у 2008 Рух быў зарэгістраваны беларускімі ўладамі ў якасці праваабарончага грамадска-асветніцкага аб’яднання[7].
Заяўляў пра свой магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года[8], хаця раней казаў пра тое, што на выбары павінен пайсці малады палітык[9]. Урэшце не выставіў сваю кандыдатуру і не падтрымаў ніводнага з кандыдатаў.
У 2007 годзе ў Еўрапарламенце казаў: «усё, магчыма, зараз будзе анексія Беларусі»[10]. У лістападзе 2010 года Мілінкевіч прагназаваў, што расійскае кіраўніцтва ў 2011—2012 прыкладзе намаганні, каб адхіліць Лукашэнку ад улады ў Беларусі: маўляў, Маскве патрэбны чалавек, які «цалкам аддасць Беларусь пад кантроль Расіі» і «спыніць любое збліжэнне з Еўропай»: «статус-кво не можа захавацца»[11]. У студзені 2019 года, ужо як «канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта», разважаў аб тым, што «падчас кожных выбараў прэзідэнта Беларусі былі расійскія правакацыі»[10].
У верасні 2022 года прызначаны пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі[12].
Кандыдацкая дысертацыя па тэме «Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў» (1976). Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.
Краязнавец. У канцы 1980-х знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне, за што ўзнагароджаны ордэнам «За заслугі перад польскаю культурай», напісаў пра гэта ўспаміны. Арганізаваў рэстаўрацыю старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле ў Гродне[13].
Паводле пісьменніцы Святланы Алексіевіч, Аляксандр Мілінкевіч з’яўляецца прыкладам беларуска-польскага інтэлігента[14].
26 кастрычніка 2006 года ўзнагароджаны Еўрапарламентам прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
Лаўрэат польскай прэміі «Рыцар свабоды», якую арганізуе Фонд імя Казіміра Пулаўскага (2007)[15].
Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.