Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чарлз Роберт Дарвін[16] (англ.: Charles Robert Darwin; 12 лютага 1809 — 19 красавіка 1882) — англійскі прыродазнавец, распрацоўшчык тэорыі эвалюцыі, згодна з якой усе віды развіліся з цягам часу з агульных прародзічаў праз працэс натуральнага адбору. Наяўнасць эвалюцыі ў прыродзе была прызнаная навуковай супольнасцю яшчэ пры жыцці Дарвіна, але тэорыя натуральнага адбору стала агульнапрызнаным тлумачэннем эвалюцыйнага працэсу толькі ў 1930-я.
Сістэматык жывой прыроды | ||
---|---|---|
Аўтар найменняў шэрага батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Darwin».
Спіс такіх таксонаў на сайце IPNI Персанальная старонка на сайце IPNI
|
Чарлз Дарвін нарадзіўся 12 лютага 1809 года ў Шрусберы, графства Шропшыр, у радавым маёнтку Маунт Хаўс (англ. Mount House)[17]. Пяты з шасці дзяцей заможнага лекара і фінансіста Роберта Дарвіна і Сьюзанн Дарвін (англ.: Susannah Darwin), народжанай Уэджвуд (англ. Wedgwood). Ён з’яўляецца ўнукам навукоўца-натураліста Эразма Дарвіна па бацькоўскай лініі і мастака Джозайі Уэджвуда па матчынай. Абодва сямействы ў значнай частцы прымалі ўнітарыянства, аднак Уэджвуд былі прыхаджанамі англіканскай царквы.
Да таго часу, як ён паступіў у дзённую школу ў 1817 годзе, васьмігадовы Дарвін ужо далучыўся да натуральнай гісторыі і калекцыянавання. У гэтым годзе, у ліпені, памірае яго маці, і выхаванне 8-гадовага хлопчыка цалкам кладзецца на плечы бацькі, які не заўсёды чула прыслухоўваўся да духоўных запытаў сына. З верасня 1818 года ён разам са старэйшым братам Эразмам (Erasmus Alvey Darwin) паступае на пансіён у бліжэйшую англіканскую Школу Шрусберы (Shrewsbury School)[18][19], дзе будучы натураліст, які горача любіў прыроду, павінен быў вывучаць «сухія для яго жывой душы рэчы», як класічныя мовы і славеснасць. Гімназічныя гады заканамерна закончыліся атрыманнем пасрэднага атэстата.
Перад тым як адправіцца са сваім братам Эразмам ва ўніверсітэт Эдынбурга, летам 1825, ён выступае ў ролі асістэнта-вучня і дапамагае бацьку ў яго медыцынскай практыцы, аказваючы дапамогу беднякам Шропшыра.
У Эдынбургскім універсітэце Дарвін вывучаў медыцыну. Падчас навучання ён зразумеў, што лекцыі нудныя, а хірургія прычыняе пакуты, таму ён закідвае навучанне медыцыне. Замест гэтага ён пачынае вывучаць таксідэрмію ў Джона Эдманстоўна, вызваленага чорнага раба, які атрымаў свой вопыт, суправаджаючы Чарлза Уотэртана.
У 1826 годзе, будучы студэнтам кабінета натуральнай гісторыі, ён далучыўся да Плініеўскага студэнцкага таварыства, у якім актыўна абмяркоўваўся радыкальны матэрыялізм. У гэты час ён асісціруе Роберту Эдманду Гранту ў яго даследаваннях анатоміі і жыццёвага цыклу марскіх беспазваночных. На пасяджэннях таварыства, у сакавіку 1827, Дарвін прадстаўляе кароткія паведамленні аб сваіх першых адкрыццях, якія мянялі яго погляд на звыклыя рэчы.
Бацька Дарвіна, даведаўшыся, што сын закінуў навучанне медыцыне, быў раззлаваны і прапанаваў яму паступіць у каледж Хрыста Кембрыджскага ўніверсітэта і атрымаць сан святара Англіканскай царквы[20].
У 1831 годзе, пасля заканчэння ўніверсітэта, Дарвін у якасці натураліста адправіўся ў кругасветнае падарожжа на экспедыцыйным судне каралеўскага флоту «Бігль», адкуль вярнуўся ў Англію толькі 2 кастрычніка 1836 года. Падарожжа працягвалася амаль пяць гадоў. Вялікую частку часу Дарвін праводзіць на беразе, вывучаючы геалогію і збіраючы калекцыі па натуральнай гісторыі, у той час як «Бігль» пад кіраўніцтвам Фіцроя ажыццяўляў гідраграфічную і картаграфічную здымку ўзбярэжжа[21][22].
У 1838—1841 гг. Дарвін быў сакратаром Лонданскага геалагічнага таварыства. У 1839 ажаніўся, а ў 1842-м сямейная пара пераехала з Лондана ў Даўн (графства Кент), дзе стала жыць пастаянна. Тут Дарвін вёў адасобленае і мернае жыццё вучонага і пісьменніка.
Дарвін праявіў цікавасць да гісторыі прыроды падчас навучання медыцыне ва Універсітэце Эдынбурга, потым тэалогіі ў Кембрыджы. Пяцігадовае падарожжа (1831—1836) на караблі «Бігль» дало матэрыялы для навуковых прац «Дзённік пошукаў» (1833), «Будова і размеркаванне каралавых рыфаў» (1842), «Геалагічныя назіранні над вулканічнымі астравамі» (1844), «Геалагічныя назіранні над Паўднёвай Амерыкай» (1846).
Гэтыя працы прынеслі яму славу заснавальніка сучаснай геалогіі. У выніку назіранняў зрабіў вывад, што сучасныя формы жыцця з’яўляюцца вынікам працяглага гістарычнага развіцця арганізмаў ад адной або некалькіх прасцейшых форм. Асноўны змест свайго эвалюцыйнага вучэння ён выклаў у фундаментальных працах «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору, ці Захаванне спрыяльных парод у барацьбе за жыццё» (1859), «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (1868), «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871). Прааналізаваўшы праблемы штучнага адбору, з’яў зменлівасці і спадчыннасці, паходжання чалавека ад жывёльных продкаў, абгрунтаваў тэорыю палавога адбору як адну з форм натуральнага адбору.
Яго вучэнне стала выдатным адкрыццём XIX ст. Тэорыя Дарвіна, захоўваючы сваё агульнаметадалагічнае і светапогляднае значэнне, сёння развіваецца і мадыфікуецца пад уплывам фактычнага і тэарэтычнага матэрыялу генетыкі (малекулярнай і папуляцыйнай), біякібернетыкі і іншых дысцыплін.
У гонар Ч. Дарвіна названы востраў Дарвін, горад Дарвін.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.