From Wikipedia, the free encyclopedia
Фердынанд I (італ.: Ferdinando I; 12 студзеня 1751, Неапаль — 4 студзеня 1825, Неапаль) — кароль Абедзвюх Сіцылій з 1816 года, кароль Неапаля пад імем Фердынанд IV у 1759—1806 гадах, кароль Сіцыліі пад імем Фердынанд III у 1806—1816 гадах. Сын караля Іспаніі Карла III і Марыі-Амаліі Саксонскай.
Як палітычны дзеяч знаходзіўся ў цені сваёй энергічнай жонкі Марыі Караліны і яе фаварыта Актана. Прыхільнік вельмі кансерватыўных поглядаў. На яго кіраванне прыйшліся шматлікія войны з Францыяй.
Прадстаўнік дынастыі Бурбонаў. Бацька Фердынанда, неапалітанскі кароль Карл, атрымаў у спадчыну ў 1759 г. іспанскі трон і адправіўся кіраваць на Пірэнеі, пакінуўшы 8-гадовага хлопчыка ў Неапалі на апеку рэгенцкага савета. Саноўнікі на чале з Бернарда Танучы працягвалі распачатыя яго бацькам ліберальныя рэформы ў рэчышчы асветнага абсалютызму XVIII стагоддзя. Велізарныя сродкі расходаваліся на дабудаванне каралеўскай рэзідэнцыі ў Казерце. Заўзяты аматар палявання, Фердынанд замовіў для сябе будаўніцтва «паляўнічага доміка» на возеры Фузара.
Пасля нараджэння ў 1777 г. спадчынніка прастола ў дзяржаўны савет была дапушчана каралева Марыя Караліна, якая стала пры добразычлівым папушчальніцтве мужа наводзіць там свае парадкі. Танучы быў адпраўлены ў адстаўку, і ў каралеўстве запанавала атмасфера рэакцыі. Чарговае «закручванне гаек» адбылося, калі французскія рэвалюцыянеры адправілі на гільяціну родную сястру каралевы. Неапаль адразу ўступіў у першую антыфранцузскую кааліцыю, а потым і ва ўсе наступныя.
Прыбыццё ў Неапаль дружалюбных флотаў пад камандаваннем Фёдара Ушакова (расійскага) і Гарацыа Нэльсана (англійскага) падштурхнула караля ў 1798 г. напасці на Рымскую рэспубліку, створаную па вобразу і падабенству Французскай. Аднак у канцы снежня таго ж года французы ўвайшлі ў Неапаль, зрынулі караля і абвясцілі Партэнапейскую рэспубліку. На караблі Нэльсана каралеўскі двор у паніцы бег у Палерма.
У чэрвені 1799 г. рэспубліканцы здаліся на літасць караля і Фердынанд змог вярнуцца ў Неапаль. Нягледзячы на міласцівыя ўмовы здачы, завадатары «бунту» былі пакараны смерцю. У дзяржаве ўсталяваўся паліцэйскі рэжым — да 1806 года, калі напалеонаўская армія ўвайшла ў Неапаль і каралём замест Фердынанда быў абвешчаны Жазеф Банапарт, якога неўзабаве замяніў маршал Мюрат. Каралеўскі двор ізноў шукаў выратавання ў Сіцыліі.
Англійскі пасланец Бентынк пераканаў Фердынанда змякчыць дэспатычны стыль кіравання, выдаліць ад двара Марыю Караліну і яе фаварытаў, прызначыць рэгентам прынца Францыска і нават абмежаваць уладу манарха канстытуцыяй. Марыя Караліна адбыла на радзіму ў Вену. Як толькі да Палерма дайшла вестка пра яе смерць, Фердынанд, забыўшыся пра жалобу, заключыў марганатычны шлюб з палюбоўніцай Лючыяй Мільяча, якая была названа герцагіняй Фларыдыі.
Пасля звяржэння Мюрата і ўварвання аўстрыйцаў састарэлы манарх вярнуўся ў Неапаль як абсалютны кіраўнік каралеўства Абедзвюх Сіцылій. У гонар рэстаўрацыі Бурбонаў у сталіцы была закладзена грандыёзная базіліка Сан-Франчэска-дзі-Паола. Пачаліся ганенні на праціўнікаў рэжыму; колькасць ахвяр «белага тэрору» ацэньваецца ў 10 тысяч.
Вяртанне дэспатызму выклікала незадаволенасць ліберальна настроеных маладых людзей, празваных карбанарыямі. У 1820 г. глава рэвалюцыянераў Гульельма Пепэ ўрачыста ўступіў у Неапаль, а кароль вымушаны быў адступіць і абвясціць пра выданне канстытуцыйнага закона. Падзеі ў Неапалі выклікалі перапалох у Свяшчэнным саюзе; для іх абмеркавання сабраўся кангрэс у Тропау. Фердынанд у ім не змог прыняць удзелу па прычыне забароны з боку парламента.
На наступны год, перадаўшы стырны кіравання сыну, ён абраўся на кангрэс у Лайбаху (1821), дзе заручыўся падтрымкай аўстрыйскага канцлера Метэрніха. Аўстрыйская армія, уступіўшы ў межы каралеўства, нанесла паражэнне Пепэ і канстытуцыяналістам. Неапаль вярнуўся да абсалютысцкай формы кіравання. У разгар новых ганенняў на іншадумцаў Фердынанд памёр.
Пры падтрымцы Фердынанда I была створана Палермская астранамічная абсерваторыя, дзе быў адкрыты першы астэроід Цэрэра.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.