From Wikipedia, the free encyclopedia
Справа «0 праміле» — крымінальная справа супраць журналіста TUT.BY Кацярыны Барысевіч і доктара хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна ў сувязі з апублікаваннем інфармацыі, што ў крыві Рамана Бандарэнкі было знойдзена 0 праміле алкаголю.
Пасля таго як А. Сарокін перадаў К. Барысевіч медыцынскую інфармацыю, што забіты Р. Бандарэнка быў абсалютна цвярозы (пацверджана даведкай, падпісанай 12.11.2020 года біёлагам Куравай[1]), і Барысевіч апублікавала гэтыя звесткі, фактычна абвергла заявы А. Лукашэнкі і Н. Качанавай, што Бандарэнка быў п’яны, Барысевіч і Сарокіна затрымалі 19 лістапада 2020 года ў Мінску[2].
2 сакавіка 2021 года суд Маскоўскага раёна горада Мінска (суддзя — Святлана Бандарэнка) абвясціў прысуд: Кацярыну Барысевіч прызналі вінаватай у падбухторванні да выдавання медыцынскай таямніцы і прысудзілі 6 месяцаў калоніі, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь[3]. Урач Арцём Сарокін быў прызнаны вінаватым у выдаванні медыцынскай таямніцы журналістцы і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 1 год, а таксама пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь[3].
Апеляцыя на прысуд, разгледжаная судом горада Мінска 20 красавіка 2021 года, задаволена не была[4].
19 мая 2021 года Кацярына Барысевіч выйшла на волю.
24 лістапада 2020 года міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала К. Барысевіч вязнем сумлення па справе Бандарэнкі[2]. У гэты ж дзень сумеснай заявай дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, яна таксама была прызнана палітычнай зняволенай[5][6][7]. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі сказаў, што ўлады змагаюцца не з праблемай, а са СМІ: «Яны думаюць, што калі прэса не будзе пісаць пра Бандарэнку, то людзі не даведаюцца пра гэта. Яны, вядома ж, усё пазнаюць, але СМІ ўсё адно трапляюць пад удар»[8].
Беларускія праваабаронцы назвалі Барысевіч «Журналістам года» (2020) (разам з Дар’яй Чульцовай ды Кацярынай Андрэевай)[9][10][11].
16 снежня 2020 года шэфства над палітычнай зняволенай узяў Джэм Эздэмір, дэпутат Бундэстага[12].
У адкрытай заяве рэдакцыі «TUT.BY» ад 2 сакавіка 2021 года прыгавор Барысевіч быў названы незаконным і несправядлівым, «помстай ёй персанальна за яе працу і спробай аказаць ціск на „TUT.BY“ і іншыя незалежныя медыя», у той час як усе журналісты, рэдактары і супрацоўнікі сайта падпісаліся пад тым, каб Кацярына Барысевіч была неадкладна вызвалена[13]. З крытыкай судовага рашэння таксама выступілі прадстаўнікі Нямецкай асацыяцыі журналістаў , «Рэпарцёраў без межаў», Джэм Эздэмір[14]. Святлана Ціханоўская назвала судовыя рашэнні ў дачыненні да ўрача і журналісткі доказам таго, што «для рэжыму праўда стала крымінальна каральным злачынствам», аналагічна выказалася і капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна[14]. Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама асудзіла турэмны прысуд у дачыненні да Кацярыны Барысевіч за яе працу[15].
Сярод іншых арганізацый, якія асудзілі зняволенне і прысуд Барысевіч, былі Еўрапейская федэрацыя журналістаў , Камітэт абароны журналістаў, Міжнародны інстытут прэсы[16][17][18]. Міс Беларусь, журналіст паводле адукацыі Вольга Хіжынкова пракаментавала прысуд: «Радуюся адносна „мяккаму“ прысуду для зусім невінаватых людзей. Што гэта не пяць, не дзесяць гадоў калоніі. Вось да чаго мы дажыліся»[19]. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Тэрэза Рыбейру назвала прысуд Барысевіч чарговым ударам па свабодзе СМІ ў Беларусі[20]. Палітолаг Вольф Рубінчык напісаў у сакавіку 2021 года: «абвінаваўчы прысуд для супрацоўніцы тутбая Кацярыны Барысевіч і ўрача Арцёма Сарокіна даказвае, што дэградацыя працягваецца»[21].
Блогер А. Чэрвонец з Мінска ў дзень вынясення прысуду зазначыў яшчэ адзін этычны аспект справы: «аб якім разгалашэнні ідзе гаворка, калі маці і сваякі загінулага не перашкаджалі разгалашэнню медыцынскіх заключэнняў, калі таямніцы, як такой, проста не было. Кожны разважны чалавек разумее, што калі Бандарэнка цвярозы, то гэта не з’яўляецца і не можа з’яўляцца медычнай таямніцай»[22].
9 красавіка 2021 года Барысевіч стала лаўрэаткай прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (разам з Дар’яй Чульцовай ды Кацярынай Андрэевай)[23]. 14 ліпеня 2021 года Барысевіч стала лаўрэаткай Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы ад Камітэта абароны журналістаў[24]. 12 жніўня 2021 года Барысевіч прысуджана Прэмія імя Герда Буцэрыўса «Вольная прэса Усходняй Еўропы » (разам з іншымі)[25].
{{cite journal}}
: Праверце значэнне |issn=
(даведка)Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.