From Wikipedia, the free encyclopedia
Рок, рок-музыка (англ.: Rock) — абагульняючая назва шэрагу напрамкаў папулярнай музыкі другой паловы XX стагоддзя, што паходзяць ад рок-н-ролу і рытм-энд-блюзу. Тэрмін Rock відавочна ёсць скарачэннем ад Rock’n’roll і літаральна перакладаецца як «хістаць(ца); трэсці(ся)», што намякае на характэрныя для гэтага кірунку рытмічныя адчуванні, звязаныя з пэўнай формай рухаў, па аналогіі з roll, twist, swing, shake… Такія рысы рок-музыкі, як выкарыстанне электрамузычных інструментаў, творчая самадастатковасць (многія рок-музыкі выконваюць песні ўласнага аўтарства), з’яўляюцца другаснымі і ўводзяць у памылку. Таму прыналежнасць некаторых стыляў да року можа аспрэчвацца.
Рок | |
---|---|
Кірунак: | папулярная музыка і Класічная музыка |
Вытокі: | рок-н-рол, джаз, электрык-блюз, народная музыка |
Месца і час узнікнення: | 1950-я, ЗША і Вялікабрытанія |
Папулярнасць: | З 1960-х па наш час |
Разнавіднасці | |
Паджанры: | псіхадэлічны рок, альтэрнатыўны рок, панк-рок, хеві-метал, арт-рок, хрысціянскі рок, desert rock, Detroit rock, Adult oriented rock, гаражны рок, эксперыментальны рок, глэм-рок, Group Sounds, гранж, хард-рок, хартленд-рок, інструментальны рок, інды-рок, джэнгл-поп, паўэр-поп, прота-панк, софт-рок, сімфанічны рок, сатэрн-рок, серф-рок, поп-рок |
Роднасныя: | рэп-рок, бхангра-рок, абарыгенскі рок, афра-рок, анаталійскі рок, блюз-рок, бугалу, кантры-рок, фламенка-рок, фолк-рок, глэм-панк, мэдчэстар, мерсібит, пунта-рок, прагрэсіўны рок, рага-рок, раі-рок, ракабілі, ракасон, самба-рок, спейс-рок, стоўнер-рок, суфі-рок |
Вытворныя: | нью-эйдж, сінці-поп, электрапоп, еўрадыска |
Гл. таксама: | |
рок-опера, рок-група, ВІА, Зала славы рок-н-рола |
Такія субкультуры, моды, які хіпі, панкі, готы, металісты, эма, інды-рокеры, ска, непарыўна звязаныя з пэўнымі жанрамі рок-музыкі.
Рок-музыка ўключае мноства кірункаў: ад досыць «лёгкіх» жанраў (танцавальны рок-н-рол, ад якога ў свой час і пайшоў увесь кірунак, поп-рок, брыт-поп) да брутальных і агрэсіўных жанраў (дэт-метал, блэк-метал, грайндкор). Змест песень вар’іруецца ад лёгкага і нязмушанага да змрочнага, глыбокага і філасофскага. Рок-музыка часта супрацьпастаўляецца поп-музыцы, «папсе». Крыху болей дакладна можна казаць аб так званай «музычнай экспрэсіі», якая, з прычыны падвышанай (у параўнанні з іншымі жанрамі музыкі) дынамікі (гучнасці) выканання (паводле розных крыніц, ад 110 да 155 дБ), з’яўляецца характэрнай для многіх рок-стыляў (кірункаў), паколькі нават гучанне вялікага сімфанічнага аркестра знаходзіцца ў межах ад 85 дБ і рэдка даходзіць да 115 дБ. Канкурэнцыю ў сэнсе гучнасці могуць скласці толькі кірункі музыкі, якія выкарыстоўваюць электраакустычнае гучанне[1][2][3][4].
Вытокі рок-музыкі ляжаць у блюзе, з якога і выйшлі першыя рок-жанры — рок-н-рол і рокабілі. Першыя паджанры рок-музыкі ўзніклі ў цеснай сувязі з народнай і эстраднай музыкай таго часу — найперш гэта фолк, кантры, скіфл, мюзік-хол. За час існавання рок-музыкі яе спрабавалі спалучыць амаль з усімі магчымымі жанрамі музыкі — з акадэмічнай музыкай (арт-рок, які з’явіўся ў канцы 1960-х, болей позні сімфа-метал), джазам (джаз-рок, які з’явіўся ў канцы 60-х — пачатку 70-х, панк-джаз), лацінскай музыкай (лаціна-рок, з’явіўся ў канцы 60-х), індзійскай музыкай (рага-рок, з’явіўся ў сярэдзіне 60-х). У 60-70-х гг. сфарміраваліся амаль усе найбуйнейшыя паджанры музыкі, найболей важныя з іх, акрамя пералічаных — хард-рок, панк-рок, рок-авангард. У канцы 70-х — пачатку 80-х з’явіліся такія жанры рок-музыкі, як постпанк, новая хваля, альтэрнатыўны рок (але ў канцы 60-х з’явіліся раннія ўяўленні пра гэты жанр), хардкор (буйны паджанр панк-рока), а пазней і экстрэмальныя паджанры металу — дэт-метал, блэк-метал. У 90-х атрымалі шырокі распаўсюд жанры гранж (з’явіўся ў сярэдзіне 80-х), брыт-поп (з’явіўся ў сярэдзіне 60-х), альтэрнатыўны метал (з’явіўся ў канцы 80-х).
Асноўныя цэнтры ўзнікнення і развіцця рок-музыкі — ЗША і Заходняя Еўропа (асабліва Вялікабрытанія). Большасць тэкстаў песень — на англійскай мове, але, з некаторым спазненнем, нацыянальная рок-музыка з’явілася амаль ва ўсіх краінах. У некаторых аўтарытарных дзяржавах рок-музыка з’яўлялася ці нават з’яўляецца аб’ектам пераследу. У СССР яе лічылі зброяй сусветнага капіталізму. У Грэцыі ў час дыктатуры Чорных Палкоўнікаў яе, наадварот, праследавалі як праяву сацыялістычнай пагрозы
Таксама «рокам» называюць свайго роду лад жыцця некаторых прыхільнікаў рок-музыкі, што перарос у субкультуру.
Рок-музыка — адзін з жанраў музыкі, на адным узроўні з народнай мелодыяй, акадэмічнай, джазам. Адсюль вынікае, што яе можна аналізаваць з пункту гледжання выключна музычных адметных якасцяў.
Рок-музыка звычайна выконваецца рок-гуртом, які звычайна складаецца з вакаліста, гітарыста (які, як правіла, грае на электрагітары, бас-гітары), барабаншчыка, часам клавішніка. Бас-гітара, ударныя, рытм-гітара (не ва ўсіх калектывах) складаюць рытм-секцыю. Аднак існуюць прыклады выкарыстання ў рок-кампазіцыях амаль усіх відаў музычных інструментаў.
Адметная рыса рок-музыкі — нязменны рытм, які падтрымлівае рытм-секцыя. Аднак ужо пачынаючы з 60-х гг. шэраг кірункаў року выкарыстоўваюць кампазіцыі з ускладненымі структурамі і рытмамі. Саліруе звычайна электрагітара. Таксама ў большасці рок-гуртоў прысутнічае вакаліст. Калі на пачатку свайго развіцця рок-музыка найчасцей ляжала ў межах блюзавай гармоніі, то цяпер гэтыя кірункі маюць мала агульнага ў музычным сэнсе.
Існуе меркаванне, якое сёння падзяляе большасць экспертаў, што рок-музыка — гэта не проста адзін з жанраў музыкі, а ўнікальны сацыякультурны феномен другой паловы ХХ стагоддзя, які стварыў сваю субкультуру і сістэму каштоўнасцяў.
Рок — гэта, з аднаго боку, рупар моладзі, музычнае ўвасабленне супярэчнасцяў, якія яе раздзіраюць, канфлікту з грамадскімі нормамі і шаблонамі. З іншага боку, рок — адзін з інструментаў шоу-бізнесу, скіраваны на камерцыйны прыбытак у індустрыі забаў. Гэта падвоеная прырода рока, яго ўнутраная супярэчлівасць, якая і абумоўлівае «пілавіднае» развіццё жанру. Па сутнасці, уся гісторыя рока — гісторыя ідэнтычных цыклаў, у пачатку кожнага з якіх — бунт, пратэст, нараджэнне новых стыляў і новых каштоўнасцяў, узнікненне гуртоў і выканаўцаў, а затым — паступовы працэс «падаўлення», камерцыялізацыі, часам — спрашчэння, узнікнення другарадных рок-гуртоў.
Рок-музыка — культурны феномен, які стварыў так званы рок-н-рольны лад жыцця, сістэму паводзін і жыццёвых каштоўнасцяў. Тым не менш, субкультуры, якія ўзніклі на аснове розных плыняў рок-музыкі, маюць мала агульнага. Рок-музыка валодае адносна вялікай энергіяй (драйвам). Яна можа даць волю чалавеку ад закасцянелых грамадскіх прынцыпаў і стэрэатыпаў, ад навакольнай рэчаіснасці.
Пачаткам рок-музыкі з’яўляецца фарміраванне жанру рок-н-рола, які ўвабраў у сябе рысы блюза, рытм-энд-блюза, бугі-вугі, кантры і музыкі госпел. Значны ўплыў на рок-н-рол здзейснілі блюзавыя выканаўцы Роберт Джонсам, Лідбелі, Мадзі Уотэрс. Назва рок-н-рол паходзіць з песень госпел-выканаўцаў 40-х гг. і з’яўляецца, па сутнасці, заклікам да танцу, уяўляе сабою сексуальны эўфемізм. Упершыню выраз з’явіўся ў песні «Good Rockin’ Tonight» Роя Браўна ў 1947. У 1949 выходзіць песня «Rock And Roll» Уайлда Біла Мура.
Развіццё ранняга рок-н-ролу звязана ў асноўным з амерыканскімі выканаўцамі, аднак усталяваць, якая песня ці грампласцінка можа быць першай у гэтым жанры, амаль немагчыма. Сярод магчымых варыянтаў — сінгл «Fat Man» Фэтса Доміна, які выйшаў у 1950 г. Паводле іншых версій, першы рок-н-рол запіс — «Rocket 88», створаная ў 1951 годзе Jackie Brenston and his Delta Cats.
Сярод тых, хто заклаў падмурак рок-н-ролу як паўнавартаснага жанру, асноўнымі выканаўцамі з’яўляюцца Фэтс Даміна, Бо Дыдлі і Чак Беры. Чак Беры ўсур’ёз пачаў займацца музыкай у 1953 г., а ў 1955 запісаў свой першы сінгл. Чак Беры паклаў пачатак рок-стылю ў тэкстах песень, іміджы, ігры на гітары.
Сярод уплывовых музыкаў-афраамерыканцаў у жанры рок-н-рол можна вылучыць Літл Рычарда, які паўплываў на наступнае фарміраванне гаражнага рока і постпанка, бо яго манера спеваў і ігры на піяніна былі значна болей агрэсіўнымі і напорыстымі, чым у канкурэнтаў.
Спачатку рок-н-рол лічыўся спецыфічнай музыкай, характэрнай толькі для афраамерыканскай аўдыторыі. Аднак ужо з’явіліся першыя белыя музыкі ў жанры рок-н-рол. Прарывам рок-н-рола ў мэйнстрым стала песня Біла Хейлі «Rock Around the Clock». Тытул «караля рок-н-рола» атрымаў белы артыст Элвіс Прэслі. Ён стаў першым, хто запісваў рок-н-рол на ўзроўні з афраамерыканцамі (калі дыджэі ставілі яго першыя запісы ў эфір, яны спецыяльна папярэджвалі, што спявае белы артыст).
Другім значным выканаўцам рок-н-рола стаў Джэры Лі Льюіс, які атрымаў мянушку «Killer» («Забойца») за апантаную манеру ігры на піяніна. Крыху пазней стала з’яўляцца болей мяккая форма «белага» рок-н-рола, якая звязана найперш з імёнамі Бадзі Холі і Everly Brothers.
Сінтэз рок-н-рола і музыкі кантры (асабліва яго паджанра хілбілі) стварыў асабісты паджанр рок-музыкі — рокабілі. Найболей вядомыя выканаўцы 50-х — Эдзі Кокран, Джын Вінсэнт і Карл Перкінс. Сярод першых рокабілі вылучаюцца некаторыя раннія запісы знакамітага кантры-спевака Джоні Кэша. Уплыў на паджанр зрабілі першыя сінглы Чака Беры («Maybellene») і Элвіса Прэслі («That's All Right»). Музыка рокабілі зноў стала папулярнай у 80-х гг. Сярод прадстаўнікоў нэа-рокалібі — Stray Cats, The Cramps, Heavy Trash, Містэр Твістэр.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.