Пашпарт Нансена
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пашпарты́ На́нсена, афіцыйнай найменне пашпарты асо́б без грамадзя́нства — міжнародна прызнаныя замежныя пашпарты ўцекачоў, якія дзейнічалі ў 1922—1938. Выдавала гэтыя пасведчанні Бюро Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў Лігі Нацый асобам без грамадзянства[1]. Распаўсюджаная назва «пашпарты Нансена» паходзіць ад імя нарвежскага дзяржаўнага дзеяча і палярнага даследчыка Фрыцьёфа Нансена, які прапанаваў ідэю выдачы гэткіх пашпартоў на пасадзе Вярхоўнага камісара.
Пасля сканчэння Першай сусветнай вайны пачалося агульнае бязладдзе, звязанае з развалам адных дзяржаў і стварэннем іншых, перакраеннем межаў паводле нацыянальных прыкмет, выбухам грамадзянскіх войнаў. З гэтых прычын мноства людзей былі вымушаны пакінуць сваю радзіму, хтосьці без дакументаў, а хтосьці з дакументамі ўжо няісных дзяржаў, з-за чаго страцілі магчымасць перасякаць дзяржаўныя граніцы.
Непасрэднай нагодай для ўвядзення пашпартоў Нансена стаў прыняты ў 1921 годзе дэкрэт бальшавіцкага ўраду пра пазбаўленне права на атрыманне савецкага грамадзянства асоб, якія эмігравалі за мяжу. У гэту катэгорыю трапілі і каля 800 000 уцекачоў ад грамадзянскай вайны. З 3 да 5 ліпеня 1922 года ў Жэневе адбылася скліканая Вярхоўным камісарам па справах уцекачоў Лігі Нацый[2] Фрыцьёфам Нансенам міжурадавая канферэнцыя ў пытаннях пасведчанняў асобы для расійскіх уцекачоў, якая ўхваліла выдачу такім асобам пашпартоў асоб без грамадзянства[3]. Да 1942 года яны былі прызнаны ўрадамі 52 дзяржаў.
У 1924 годзе пагадненне Нансена было распаўсюджаная на армян, а ў 1928 — на асірыйскіх, асіра-халдзейскіх, балгарскіх і турэцкіх уцекачоў[4]. Было выдадзена каля 450 000 пашпартоў Нансена[5] асобам без грамадзянства і ўцекачам, якія не маглі атрымаць пашпартоў у краіне грамадзянства.
Па смерці Нансена ў 1930 годзе выдачай пашпартоў займаўся Міжнародны офіс Нансена для ўцекачоў Лігі Нацый. З гэтай пары пашпарт спасылаўся не на канферэнцыю 1922 года, а выдаваўся ад імя Лігі. У 1938 годзе офіс быў закрыты; выдачу пашпартоў працягнула новая ўстанова, Офіс Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў пад эгідай Лігі нацый у Лондане[6].
У 1938 годзе Міжнародны офіс Нансена для ўцекачоў за свае намаганні па ўвядзенні пашпартоў Нансена атрымаў Нобелеўскую прэмію міру[7][8].