украінскі паэт, перакладчык, публіцыст, грамадскі і дзяржаўны дзеяч From Wikipedia, the free encyclopedia
Павел Рыгоравіч Тычына (укр.: Павло Григорович Тичина; 11 (23) студзеня 1891, в. Піскы, Чарнігаўская губерня, Расійская імперыя — 16 верасня 1967, Кіеў, УССР) — украінскі паэт, перакладчык, публіцыст, грамадскі і дзяржаўны дзеяч.
Павел Рыгоравіч Тычына | |
---|---|
укр.: Павло Тичина | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні |
руск.: Павел Григорьевич Тычинин укр.: Павло Григорович Тичинін |
Дата нараджэння | 11 (23) студзеня 1891[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 верасня 1967[2][3] (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, паэт, перакладчык, публіцыст, літаратуразнавец, палітык |
Гады творчасці | 1906 — 1967 |
Жанр | верш, narrative poetry[d], нарыс і апавяданне |
Мова твораў | украінская мова |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Акадэмік Акадэміі навук УССР (29.06.1929), дырэктар Інстытута літаратуры Акадэміі навук УССР, народны камісар асветы Украінскай ССР (1943—1947), член-карэспандэнт Балгарскай акадэміі навук (1947).
Нарадзіўся 11 (23) студзеня 1891 года ў в. Піскы Чарнігаўскай губерні (цяпер — Бабравіцкі раён, Чарнігаўская вобласць, Украіна). У метрычнай кнізе ён быў запісаны як «руск. дарэф. Павелъ Григорьевъ Тычининъ».
Вучыўся спачатку ў земскай школе, потым у Чарнігаўскім мужчынскім духоўным вучылішчы, адначасова спяваў у манастырскім хоры. Потым вучыўся ў духоўнай семінарыі (1907—1913). Пазней ён знаёміўся з Міхаілам Кацюбінскім, наведваў літаратурныя «суботы» ў ягоным доме, чытаў там свае, ухвальна сустрэтыя, вершы.
Друкавацца Павел Тычына пачаў у 1912 годзе, першы зборнік вершаў «Сонечныя кларнеты» датаваны 1918 годам.
З восені 1913 года па 1917 год вучыўся на эканамічным факультэце Кіеўскага камерцыйнага інстытута, але не скончыў яго. Адначасова працаваў рэдактарам рэкламнага аддзела газеты «Рада» і тэхнічным сакратаром часопіса «Світло» (1913—1914), памочнікам хормайстра ў тэатры Мікалая Садоўскага (1916—1917). Летам падрабляў у статыстычным бюро Чарнігаўскага земства. Так, летам і восенню 1914—1916 гадоў Тычына працаваў вандроўным інструктарам і бухгалтарам-статыстыкам Чарнігаўскага губернскага земскага статыстычнага бюро. Гэта дало яму магчымасць зрабіць нізку каштоўных фальклорных запісаў[4].
Рэвалюцыйныя падзеі 1917 года заспелі Тычыну ў Кіеве.
У 1923 годзе пераехаў ў Харкаў, тагачасную сталіцу УССР, дзе пачаў працаваць у часопісе, шмат пісаў, вывучаў армянскую, пачаў авалодваць грузінскай і турэцкай мовамі.
Ва ўмовах татальнага сталінскага тэрору 1930-х гадоў, расстрэлаў адных і самагубства іншых пісьменнікаў у нізцы «партыйных» кніг паэзіі Тычына капітуляваў перад гвалтам. Такімі жудасна майстэрскімі сталі зборнікі «Чарнігаў» (1931) і асабліва паэзія «Партыя вядзе», надрукаваная ў газеце «Правда» (21.11.1933) і аднайменным зборніку (1934), якія сталі сімвалам падпарадкавання ўкраінскай літаратуры сталінізму. Услед за німі выйшаў шэраг іншых зборнікаў з вытанчанымі назвамі ў духу апалогіі сталінізму: «Пачуццё адзінай сям’і», «Песня маладосці» (1938), «Сталь і пяшчота» (1941). Абстрактна-экспрэсіяністычнае майстэрства гэтых зборнікаў уражвае перавагай ударных, быццам безаглядна наступальных ямбаў у духу вострых імператываў сталінскай генеральнай лініі партыі[5].
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені 1941 года Павел Тычына разам з амаль 400 акадэмікамі, членамі-карэспандэнтамі і іншымі навуковымі работнікамі Акадэміі навук Украінскай ССР быў эвакуяваны ва Уфу. Там Тычына з 1942 года ўзначаліў Інстытут літаратуры імя Тараса Шаўчэнкі АН УССР. Разам з ім ва Уфу эвакуявалася яго сям’я — жонка Лідзія Пятроўна і яе маці Кацярына Кузьмінічна Папарук. Адразу па прыездзе ў Башкірскую АССР паэт папрасіў прызначыць яму настаўніка башкірскай мовы, якой ён хутка авалодаў і мог чытаць творы ў арыгінале. На працягу некалькіх месяцаў ён напісаў навуковую працу «Патрыятызм у творчасці Мажыта Гафуры», хоць Гафуры пісаў толькі на башкірскай мове. У жніўні 1943 года Павел Тычына быў прызначаны народным камісарам асветы УССР і пакінуў Уфу[6]. Вярнуўшыся ў Кіеў, ён кіраваў Міністэрствам асветы Украінскай ССР да 1948 года.
У 1938—1967 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета УССР з 1-га па 7-е скліканні, а ў 1953—1959 гадах быў Старшынёй Вярхоўнага Савета УССР. Член УКП(б) з 1944 года. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 2-5 скліканняў (1946—1962).
Тычына не верыў у хрушчоўскую дэсталінізацыю і, застаючыся на пазіцыі сталінізма, не адгукнуўся на літаратурнае адраджэнне 1950-х — пачатку 1960-х гадоў і нават асудзіў шасцідзесятнікаў[7]. Такім чынам, яго паэзія (з матывамі партыйнай велічы, «дружбы народаў», услаўленнем новага правадыра Хрушчова, «гераіняў сацыялістычнай працы», калгаснікаў і інш.) нават ва ўмовах узмацнення брэжнеўскага тэрору пасля адхілення ад улады Хрушчова гучала ўжо як відавочны анахранізм і ўсё больш была падобная на пародыю на самога сябе. Пры гэтым былі і яскравыя пародыі кшталту: «Трактар у полі: дыр-дыр-дыр! / Хто за што, а мы за мір!» і г.д. Як заўважаў Васіль Стус, вярнуцца да перапыненай на 25 гадоў маладосці пасля XX з’езда КПСС П. Тычына не змог: «Магчыма, яму і тут падказвала інтуіцыя: ажыўляцца — зарана; наперадзе яшчэ будуць халады»[8].
П. Р. Тычына памёр 16 верасня 1967 года ў Кіеве пасля цяжкай працяглай хваробы. Паўла Тычыну «праводзілі ў апошні шлях» з усімі ўшанаваннямі. Труну з целам выставілі ў клубе Савета Міністраў УССР. На жалобным мітынгу з прамовамі выступілі Алесь Ганчар, Мікалай Бажан і Барыс Патон. Пахавалі паэта ў Кіеве на Байкавых могілках[9].
Першыя вершы напісаў у 1906 годзе. Вялікі ўплыў на паэта-пачаткоўца аказалі сустрэчы з украінскім пісьменнікам Міхаілам Кацюбінскім, літаратурныя суботы якога ён рэгулярна наведваў. У 1912 годзе ўпершыню надрукаваны верш Тычыны «Вы ведаеце, як ліпа шамаціць».
У Кіеве ў 1919 годзе выйшаў яго зборнік «Сонечныя кларнеты», у якім ён прапанаваў украінскую версію сімвалізму. Свой голас у паэзіі Тычына захаваў і пасля перамогі бальшавікоў ва Украіне, выдаўшы зборнікі «Замест санетаў і актаў» (1920), «У касмічным аркестры» (1921). У той жа час ён пачаў працаваць над паэмай-сімфоніяй «Скаварада», прысвечанай філосафу Рыгору Скаварадзе.
У пачатку 1920-х гадоў Павел Тычына стаў яшчэ больш «савецкім», але гэта не зберагла яго ад абвінавачанняў у буржуазным нацыяналізме.
Пасля пераезду ў 1923 годзе ў Харкаў, Тычына далучыўся да літаратурнай арганізацыі «Гарт», а ў 1927 годзе — да літаратурнай арганізацыі «Вольная акадэмія пралетарскй літаратуры», што пад кіраўніцтвам Міколы Хвылёвага намагалася супрацьстаяць вялікадзяржаўнаму шавінізму ЦК ВКП(б). За прыналежнасць да гэтай арганізацыі і твор «Чысціла маці картоплю» Тычыну востра крытыкавалі, абвінавачваючы яго ў буржуазным нацыяналізме. Адкінуўшы гэтыя абвінавачванні, ён на нейкі час замоўк, а на варожыя чуткі пра яго «канец» адказваў: «…для іх канец, а для мяне толькі пачатак. Я столькі новага зараз ведаю (невычытанага, не!), што, мабыць, у чатыры разы адужэў» (з ліста да М. Магілянскага).
У пачатку 1930-х гадоў паэт склаў вершы, якія на доўгія гады ўвайшлі ў школьныя праграмы (верш «Партыя вядзе» газета «Правда» надрукавала 21 лістапада 1933 года на мове арыгінала).
Нягледзячы на працу на дзяржаўных пасадах (з канца вайны — міністр асветы, а потым — старшыня Вярхоўнай Рады УССР), Тычына ў пасляваенны час выдаў шэраг паэтычных зборнікаў: «Жыві, жыві, красуйся!», «І расці, і дзейнічаць» (1949), «Нам дадзена магутнасць» (1953), «На Пераяслаўскай Радзе» (1954), «Мы — свядомасць чалавецтва» (1957), «Сяброўствам мы пасябраваны» (1958), «Да моладзі мой чысты голас» 1959), «Бацькаўшчыне магутнай», «Зрастай, дзівосны свет» (1960), «Камунізм бачны удалечыні» (1961), «Таполі арфы гнуць» (1963), «Срэбранай ночы» (1964), «Вершы» (1968) і іншыя.
Талент Паўла Тычыны таксама раскрываецца і ў яго незавершаных паэмах, вершах пасмяротнага зборніка «У маім сэрцы» (1970) і шматлікіх перакладах.
П. Р. Тычына з’яўляецца адным з суаўтараў словаў Гімна Украінскай ССР.
Тычына самастойна асвоіў амаль дваццаць замежных моў, у тым ліку беларускую, армянскую, грузінскую, арабскую, турэцкую, ідыш. З іх зрабіў каштоўныя паэтычныя пераклады. Увесь гэты свет пазнання гарманічна ўліўся ў творчасць і дапоўніў паэтычны геній Паўла Тычыны. Захаваліся пераклады Паўла Тычыны на ўкраінскую мову з сарака моваў свету.
Акрамя паэзіі, Тычына зрабіў шматлікія пераклады (Аляксандр Пушкін, Яўген Баратынскі, Аляксандр Блок, Мікалай Ціханаў, Мікалай Ушакоў, Янка Купала, Якуб Колас, Давід Сасунскі, О. Аганісян, О. Туманян, Акоп Акапян, Ілля Чаўчавадзе, Акакій Цэрэтэлі, Крысціёнас Данялайціс, Саламея Нерыс, А. Венцлава, І. Вазаў, Хрыста Боцеў, Людміл Стаянаў, Нікул Эркай і іншыя).
Сярод іх вылучаюцца таксама публіцыстыка, літаратуразнаўчая эсэістыка (кнігі «Магістралі жыцця», «У арміі вялікага стратэга», выдадзеныя пасмяротна «З мінулага — ў будучыню», «Чытаю, думаю, занатоўваю») і даволі аб’ёмныя дзённікава-мемуарнага характару (выданне 1981 года «Дзённікавыя запісы» і іншыя).
У творчую спадчыну Тычыны таксама ўваходзяць пераклады оперных лібрэта, у тым ліку «Лаэнгрын» Рыхарда Вагнера, «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна, фрагменты да оперы «Ноч перад Раством» Мікалая Рымскага-Корсакава і іншыя.
Літаратурна-мемарыяльны музей-кватэра П. Р. Тычыны адкрыўся ў Кіеве па вул Цярэшчанкаўская, 5.
У вёсцы Піскы Бабровыцкага раёна працуе музей гісторыі вёскі, які ўключае сядзібу Тычыны і пакой у суседнім доме, прысвечаны паэту. Ёсць у вёсцы і помнік пісьменніку.
У Чарнігаве на фасадзе будынка 40 па вуліцы Гетмана Палуботкі, дзе некалі знаходзілася Чарнігаўская духоўная семінарыя і дзе вучыўся будучы паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка. Дакументальнае пацвярджэнне гэтаму знайшлі супрацоўнікі Кіеўскага музея-кватэры Паўла Тычыны ў яго архіве.
Ва Украіне урбанонімы названы ў яго гонар у такіх гарадах, як Кіеў, Дніпро, Львоў, Івана-Франкоўск, Калуш, Чарнігаў, Чаркасы, Умань і інш.
Згодна з пастановай Савета Міністраў Украінскай ССР аб увекавечанні памяці Паўла Рыгоравіча Тычыны, 23 верасня 1967 года Уманскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту (цяпер педагагічны ўніверсітэт) прысвоена імя выдатнага паэта.
У 1968 годзе школе ў в. Піскы прысвоена імя Паўла Тычыны.
У 1973 годзе была заснавана Літаратурная прэмія агульнасаюзнага значэння імя Паўла Тычыны.
15 снежня 1978 года пастановай Савета Міністраў Украіны школе (пазней гімназіі) № 191 Кіева прысвоена імя П. Р. Тычыны.
28 верасня 1977 года адна з вуліц Ерэвана была названа імем Паўла Тычыны, заснавальніка ўкраінска-армянскіх літаратурных сувязей у савецкі час. Яго імем названа і адна з вуліц у армянскім Ванадзоры.
16 красавіка 1981 года пастановай Савета Міністраў Украінскай ССР Бабровіцкай раённай бібліятэцы прысвоена імя Паўла Тычыны.
3 лютага 1981 года ў Ніжынскім педагагічным інстытуце была створана стыпендыя імя Тычыны.
У 2011 годзе па ініцыятыве Літаратурна-мемарыяльнага музея-кватэры П. Р. Тычыны ў Кіеве на дзяржаўным і міжнародным узроўнях шырока адзначалася 120-годдзе з дня нараджэння паэта. Да гэтай даты былі надрукаваны 270 тысяч канвертаў з партрэтам П. Тычыны, а Нацыянальны банк Украіны выпусціў 5 тысяч экзэмпляраў сярэбраных памятных манет з выявай паэта.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.