From Wikipedia, the free encyclopedia
Оюм (гоцк.: Aujom «рачная вобласць», «краіна вод») — паводле гоцкага гісторыка Іардана, частка Скіфіі, у якую прывёў народ готаў іх кароль Філімер, прыцягнуты «вялікім багаццем тых краёў». Па словах гісторыка, гэта мясцовасць «акружана зыбкімі балотамі і вірамі». Раней готаў яе займаў народ спалаў.
Оюм традыцыйна лакалізуецца ў Прыдняпроўі. Л. М. Гумілёў гаворыць пра тое, што готы займалі правабярэжжа Дняпра; савецкія каментатары «Гетыкі» атаясамляюць Оюм са скіфскай Гілеяй (левабярэжжа ніжняга Дняпра). Не выключана, што менавіта з прычыны рассялення па розныя бакі Дняпра адбыўся падзел гоцкага народа на остготаў і вестготаў. Першымі кіраваў род Амалаў, другімі — род Балтаў.
Акадэмік В. В. Сядоў , на падставе археалагічных знаходак, лакалізуе Оюм, гоц. Aujom «водная краіна», ням. Aue «тэрыторыя акружаная вадой, багністая мясцовасць», у раёне абмежаваным з усходу Пінскімі балотамі, з поўначы Нараўскімі балотамі, з захаду — багністай мясцовасцю на памежжы з Любельшчынай[1], паколькі, паводле даных археалогіі, шлях готаў з вельбарскай культуры праходзіў на ўсход ад Віслы да сярэдняга Днястра, дзе яны і раздзяліліся.
Іардан прызнае, што крыніцамі яго звестак пра прарадзіму готаў служылі народныя паданні і праца Аблавія: «гэта ўзгадваецца ў старажытных іх песнях як бы накшталт гісторыі і для ўсеагульнага ведання». Паданні пра войны готаў з гунамі і пра знаходжанне першых на Дняпры захавалі некаторыя скандынаўскія «сагі даўніх часоў». Найбольш цікавая сярод іх сага пра Хервёр, дзе апісана бітва гунаў і готаў, а таксама згадана гоцкая сталіца на Дняпры — Археймар. У археалагічным плане Оюму адпавядае чарняхоўская культура.
Скарыстаўшыся крызісам рымскай дзяржаўнасці ў III стагоддзі, готы пасля некалькіх дзесяцігоддзяў сутыкненняў вымусілі Аўрэліяна вывесці рымскіх салдатаў з Дакіі. Для ўласнай абароны ад качэўнікаў, магчыма, імі былі збудаваны Зміевы валы. У апошняй траціне IV стагоддзя, пры Германарыху, пад ціскам орд гунаў, якія наступалі з усходу, готы былі вымушаны пакінуць Оюм і перасекчы межы Рымскай імперыі. Кульмінацыяй гоцкага ўварвання стаў разгром імператарскай арміі пры Адрыянопалі ў 378 годзе.
У Сазе пра Інглінгаў згадваецца пра Вялікую ці Халодную Швецыю на поўнач ад Чорнага мора. Самая вядомая рака гэтай краіны Танаіс, у нізоўях якой размешчана краіна Ванаў, а на ўсход Асгард.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.