Олтуш
аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
О́лтуш[1] (трансліт.: Oltuš, руск.: Олтуш) — аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, на ўсходнім беразе Олтушскага возера. Цэнтр Олтушскага сельсавета.
Аграгарадок
Олтуш
| ||||||||||||||||||||||
Размешчаны за 15 км на поўдзень ад горада Маларыта, 67 км ад Брэста. На аўтадарозе Маларыта — Олтуш. Пункт пропуску на мяжы з Украінай. З украінскага боку яму адпавядае пункт пропуску «Пішча» (укр.: Піща) Шацкага раёна Валынскай вобласці, мае статус міждзяржаўнага (прызначаны толькі для грамадзян Беларусі і Украіны).
Паселішча знаходзіцца на Маларыцкай раўніне. За 1,5 км на паўднёвы захад ад Олтуша краявыя ледавіковыя ўтварэнні фарміруюць спадзістае падняцце, складзенае дыслакаванай тоўшчай з мел-палеагенавых скіб, якія залягаюць пад перамытай марэнай і водна-ледавіковымі адкладамі. Гэта форма канцова-марэннага рэльефа раздзяляе Олтушскае і Арэхаўскае азёры. Яшчэ адзін участак напорнага паводле генезіса дробнаўзгорыста-градавага рэльефу распасціраецца ад Олтуша ў напрамку на поўнач — паўночны ўсход на Збураж і Маларыту[2].
Олтушскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу[3] знаходзіцца каля паўднёва-ўсходняй ускраіны паселішча. Лінзападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі дняпроўскага ледавіка. Ва ўскрышы пяскі.
У ваколіцах вёскі ў 1930-я гады знаходзілі крамянёвыя наканечнікі коп’яў, мноства дробных апрацаваных крамянёў — разцы, нажы. Знаходкі сведчаць аб тым, што людзі пасяліліся ў гэтай мясцовасці ў старажытныя часы.
Па пісьмовых крыніцах паселішча вядома з XVI ст. Упамінаецца ў 1546 годзе ў юрыдычным дакуменце пры апісанні мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Згодна з рэвізіяй Берасцейскай эканоміі, у 1566 годзе сяло, цэнтр Олтушскага войтаўства Палескай воласці.
У 1668 годзе налічвалася 32 валокі, 1 валока належала уніяцкай царкве, 19 безгаспадарчых валок, 45 аселых гаспадарак. 26 лістапада 1679 года быў аформлены рэвізорны ліст на Олтушскую царкву, 10 красавіка 1685 года — прывілей, які пацвярджае гэты ліст. Згодна з інвентаром 1682 года, сяло, цэнтр войтаўства Палескага ключа, 68 аселых гаспадарак, 32 валокі зямлі, 2 валокі належалі царкве.
У 1792 годзе прывілей караля Станіслава Аўгуста святару Сымону Паўловічу на каад’юторыю царквы Праабражэння Гасподня ў Олтушы.
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі. 18 жніўня 1795 года Кацярына II падаравала сяло ў пажыццёвае валоданне генерал-маёру Мікалаю Ланскому. У другой палове 19 — пачатку 20 ст. сяло, цэнтр воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні.
У 1854 годзе было 100 драўляных жылых будынкаў. Дзейнічалі валасное праўленне, карчма, царква, капліца, працавалі запасны магазін, школа. У 1859 годзе В. С. Парошын прадаў маёнтак Олтуш калежскаму саветніку А. К. Маймескулу. У 1860-я г. сяло адносілася да маёнтка Олтуш памешчыка Маймескула. У 1862 годзе было адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1878 годзе сяляне в. Олтуш аказалі супраціўленне, адмовіліся плаціць штрафы за выпас жывёлы на панскіх лугах. Паводле рашэння суда апісана і прададзена жывёла.
У 1886 годзе ў Олтушы меліся валасное праўленне, царква, капліца, земскае народнае вучылішча, карчма, млын. У школе вучылася 66 дзяцей (з іх 3 дзяўчынкі). У 1890 годзе было 658 вучняў. У 1881 годзе сяло моцна пацярпела ад пажараў.
У 1921—39 гг. вёска ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У 1930-я г. тут дзейнічаў Маларыцкі райкам КПЗБ. Працавалі пачатковая школа (у 1937 — 79 вучняў), спажывецкае таварыства.
З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр сельсавета Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 22 чэрвеня 1942 года фашысты расстралялі 11 мірных жыхароў. На франтах загінулі і прапалі без вестак 22 вяскоўцы.
21 кастрычніка 1949 года арганізаваны калгас імя Калініна. У 1962—65 гг. у Брэсцкім раёне. Цэнтр калгаса «Перамога».
Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, аптэка, 3 магазіны, ашчадны банк, кафэ, лясніцтва, ветучастак.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.