Remove ads
беларускі пісьменнік савецкага часу (1896—1991) From Wikipedia, the free encyclopedia
Кандра́т Крапіва́, сапраўднае імя Кандра́т Кандра́тавіч Атрахо́віч (5 сакавіка 1896, в. Нізок, цяпер Уздзенскі раён — 7 студзеня 1991, Мінск) — беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік Беларусі (1956), Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Акадэмік АН БССР (1950, чл.-кар. з 1940), доктар філалагічных навук (1953). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Кандрат Крапіва | |
---|---|
Кандрат Кандратавіч Атраховіч | |
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Кандрат Кандратавіч Атраховіч |
Псеўданімы | Крапіва |
Дата нараджэння | 22 лютага (5 сакавіка) 1896 ці 5 сакавіка 1896[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 студзеня 1991[1] (94 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, літаратуразнавец, перакладчык, пісьменнік, паэт, журналіст, палітык, сцэнарыст |
Жанр | сатыра |
Мова твораў | беларуская |
Дэбют | 1922 |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. 24 лютага 1896 года быў ахрышчаны ва Уздзенскай Петрапаўлаўскай царкве[3].
Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы (скончыў у красавіку 1910 года), 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск).
Пасля заканчэння ў 1913 годзе здаў іспыты ў Мінскай мужчынскай гімназіі і атрымаў пасведчанне на званне настаўніка пачатковых вучылішчаў з правам выкладання ў вясковых двухкласных вучылішчах Міністэрства народнай асветы. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў земскім народным вучылішчы ў вёсцы Мнішаны Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер у Валожынскім раёне Мінскай вобласці). Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У сакавіку 1916 года скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў[4]. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. У 1917 годзе перахварэў на брушны тыф. У канцы вайны атрымаў чын паручніка.
Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920—1923 — камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.
У 1925 пераехаў у Мінск. Быў членам літаб’яднання «Маладняк» (да 1926), потым «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1930. Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925—1926), загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932—1936). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939—1940). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавых газетах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда», у 1943—1945 рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1947 — рэдактар часопіса «Вожык», у 1947—1952 загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952—1956). Віцэ-прэзідэнт АН БССР (1956—1982). Са студзеня 1982 па сакавік 1989 — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.
У 1946 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН.
Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947—1990), старшынёй ВС БССР.
Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Памёр 7 студзеня 1991, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Яго першы друкаваны твор, фельетон у вершах «Жылі-былі», быў апублікаваны ў газеце «Красноармейская правда» у 1922 годзе. Першы твор Крапівы на беларускай мове — сатырычны верш «Сваты» — з’явіўся ў газеце «Савецкая Беларусь» 23 мая 1922 года[4]. З гэтага часу Кандрат Атраховіч стаў Кандратам Крапівой. Псеўданім Крапівы тлумачыцца ў аднайменным вершы «Крапіва», які быў надрукаваны 28 снежня 1922 года ў газеце «Савецкая Беларусь». Да гэтага часу ён паспеў пабыць і сельскім настаўнікам, і прапаршчыкам на франтах Першай сусветнай вайны, і камандзірам РСЧА. І вось цяпер ён шукаў сваё месца ў новым жыцці, уладкоўваючы яе дзейсным словам сатыры. Сатырычная накіраванасць, востры гумар, актуальнасць, выразная класавая пазіцыя выявіліся ў кнігах малых сатырычных формаў.
Кандрат Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой. Вершаваныя фельетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часцей з’яўляюцца на старонках беларускіх газет і часопісаў пад гэтым псеўданімам. Неўзабаве ён робіцца майстрам камедыйнага жанру, яго п’есы «Хто смяецца апошнім» і «Пяюць жаваранкі» ідуць па ўсёй краіне, па іх здымаюцца кінафільмы. На працягу ўсяго свайго творчага жыцця Кандрат Крапіва, шчодра адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, званнямі і прэміямі, будзе яшчэ не раз, адрываючыся ад «высокіх» акадэмічных спраў і грамадскіх заняткаў, вяртацца да жанру сваёй маладосці — байкі[5].
У ранні перыяд сваёй літаратурнай творчасці Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне літаратурнай прозы. У гэтым кірунку яго асноўным жанрам стаў сатырычны аповед[4]. Ён высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я гады антырэлігійную, а таксама міжнародную тэмы.
Байкі, як і сатырычныя вершы, з’яўляюцца пад уражаннем нейкіх фактаў, падзей, канкрэтных прычын. Часта яны і паміраюць разам з тым часам, у якім нарадзіліся. Лепшыя байкі Кандрата Крапівы перажылі свой час. Кандрат Крапіва асабліва плённа працаваў у жанры байкі з сярэдзіны 1920-х гадоў. Ён стварыў у беларускай літаратуры непераўзыдзеныя яе ўзоры:[6] «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Выразнасці маўлення Крапіва дасягае ўжываннем разгорнутых метафар, стварэннем метафарычнага кантэксту на аснове папярэдняга параўнання (байка «Жаба ў каляіне») ці на вобразнай аснове фразеалагізма[7].
У сацыяльна-бытавым рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) аўтар паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэтычныя і празаічныя творы К. Крапівы насычаны дасціпным, часам грубаватым народным гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам.
3 1933 года найбольшую ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. Крапівы ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Першым яго драматычным творам была псіхалагічная драма «Канец дружбы», у якой падымаліся складаныя маральна-этычныя праблемы[4], падзеі п’есы адбываюцца ў перыяд калектывізацыі. Драма «Партызаны» (паст. 1937) пра грамадзянскую вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «3 народам» (паст. 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. 1958) паказваецца гераізм, самаахвярнасць людзей у Вялікую Айчынную вайну, даецца глыбокі аналіз сацыяльных і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваеннае жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. 1950), праблемы жыхароў горада ўзнімаюцца ў п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. 1983; тэлевізійны спектакль Рэспубліканскай студыі тэлебачання (1984, рэжысёр У. Станкевіч[8])). Вяршыні драматургічнай творчасці Кандрата Крапівы — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. 1939), «Мілы чалавек» (паст. 1945), «Брама неўміручасці» (паст. 1974), скіраваныя супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм[9].
Працаваў таксама ў галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. Кандрат Крапіва рашуча асуджае тых, хто стараецца прынізіць беларускую мову, хто не верыць у яе выяўленчыя магчымасці. Аўтар канстатуе, што культура кожнага народа можа паспяхова развівацца толькі на яго роднай мове[10].
Нават у сталым узросце не пераставаў тварыць, апошні твор — меладрама «На вастрыі» — быў напісаны ва ўзросце 86 гадоў у 1982 годзе.
Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы свету[4]. Сам пісьменнік шырока вядомы як перакладчык рускай і замежнай класікі[4]. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя працы Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, Уладзіміра Леніна, творы Уільяма Шэкспіра, Дзяніса Фанвізіна, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Аляксандра Астроўскага, Антона Чэхава, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, Тараса Шаўчэнкі і іншых.
Аўтар кніг сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрац. і дап. выд. 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос — Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п’есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата».
Аўтар п’ес «Канец дружбы» (апублікавана і пастаўлена ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д’яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).
Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974—1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).
Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988—1989), «Русско-белорусского словаря» (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш. Выбітны знаўца беларускай мовы, Крапіва ўзначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі.
Кандрат Крапіва аўтар лінгвістычных артыкулаў «Шкодная блытаніна ў пытаннях мовы» (1949), «Аб прынцыпах удакладнення беларускага правапісу» (1952) і інш. У іх разглядаецца шэраг актуальных пытанняў беларускага мовазнаўства: паходжанне мовы, фарміраванне і гістарычнае развіццё літаратурнай мовы і яе сучасны стан, літаратурная мова і дыялекты, правапіс і лексікаграфічная тэорыя і практыка, мова і пісьменнік, культура мовы. Мова разглядаецца як складаная грамадская з’ява, у якой агульнае і прыватнае, устойлівае і зменнае, унутранае і знешняе знаходзяцца ў строгай сістэме і ўзаемасувязі. Даследчык раскрывае ўзаемасувязі паміж мовай і грамадствам, высвятляе прычыны змяненняў у сістэме мовы. Паколькі асновай для фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы сталі сярэднебеларускія гаворкі, якія ўвабралі ў сябе істотныя рысы паўночна-ўсходняга і паўднева-заходняга дыялектаў, аўтар лічыць неабходным далейшае вывучэнне мясцовых гаворак. Крапіва заклікае пісьменнікаў вучыіша ў народа законам і хараству беларускай мовы, у народнай мове шукаць тыя скарбы, якія патрэбны для стварэння паўнакроўных вобразаў:
Той, хто не чуў народнай гаворкі з усім багаццем яе лексікі і фразеалогіі, хто абыякава ставіцца да гэтай найбагацейшай крыніцы, той не зможа ствараць яркіх, паўнакроўных твораў.[11] |
Пісьменнік выказвае свае адмоўныя адносіны да няўдалых наватвораў, непатрэбных запазычанняў, архаізмаў, канцылярызмаў, не ўласцівых беларускай мове дзеепрыметных форм тыпу трэск ламаемых галінак, трымаўшаеся эа жыццё дрэва і г. д. Слушнымі былі многія заўвагі Крапівы па праблеме нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы[10]. Напрыклад:
3 граматычнымі формамі трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Усякае штучнае скасаванне ці уніфікацыя граматычных форм, пакуль яны існуюць у агульнанароднай мове, з'яўляецца шкодным самаўпраўствам[12]. |
У часы культу асобы І. Сталіна К. Крапіва напісаў шэраг апалагетычных артыкулаў. У 1950-я гады, калі разгарнулася дыскусія па пытаннях беларускага правапісу, Крапіва ўзначаліў Арфаграфічную камісію АН БССР. На падставе яго прапаноў, выказаных у артыкуле «Пытанні беларускага правапісу» і ў працэсе абмеркавання «Праекта змен і ўдакладненняў беларускага правапісу», было ўнармавана напісанне складаных слоў, ужыванне канчаткаў у родным склоне адзіночнага ліку розных груп назоўнікаў мужчынскага роду, адноўлена народная традыцыя адрозніваць дзеяслоўныя формы абвеснага і загаднага ладаў (бераце — бярэце), вернуты лічэбнікам два, дзве, абодва, абедзве іх родавыя формы і адпаведныя склонавыя канчаткі, праведзена шмат удакладненняў і змен[10].
Пры непасрэдным удзеле і пад навуковай рэдакцыяй К. Крапівы выдадзены «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963). Разам з Р. І. Аванесавым і Ю. Ф. Мацкевіч выпусціў працу «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты — 1969).
У артыкулах «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства» (1976) і «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1979) Кандрат Крапіва ахоўвае арыентацыю на «збліжэнне і ўзаемнае ўзбагачэнне» беларускай і рускай моў, перасцерагае некаторых аўтараў рабіць у мове змены і ўдакладненні «без санкцыі тых устаноў, на якія ўскладзены абавязак наглядаць за станам літаратурнай мовы».
У 1919 годзе ажаніўся з Аленай Канстанцінаўнай Махнач, медсястрой па адукацыі. Кандрат Крапіва перажыў сваю жонку на 27 гадоў і больш не жаніўся. Першы сын (нар. 1920) загінуў у маленстве, другі сын Барыс (нар. 1922), які быў ваенным, загінуў у канцы 1942 года пры абароне Сталінграда, малодшая дачка Людміла (нар. 1935) рана пайшла з жыцця. Малодшы сын Ігар (нар. 1929) стаў архітэктарам і прадоўжыў род у шлюбе з Зояй Мікалаеўнай. Яго сын Мікалай Атраховіч працуе журналістам у «Мінскім кур’еры», дачка Алена — вучоны сакратар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы[13].
Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 за п’есу «Хто смяецца апошнім», у 1951 за п’есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п’есу «Брама неўміручасці».
У прадмове да апошняй прыжыццёвай кнігі Кандрата Крапівы (1989) пісьменнік і літаратуразнаўца Іван Навуменка заўважыў: «Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камедый, рамана „Мядзведзічы“, то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно з першых месцаў у беларускай літаратуры». І крыху ніжэй растлумачыў: «Гэта такі згустак вострага народнага розуму, варожага смеху, абсмейвання зла і зацвярджэння дабра, якіх да Крапівы не ведала беларуская літаратура»[5].
Палітык і навуковец Зянон Пазняк сцвярджае, што па поглядах Кандрат Кандратавіч быў «вырабленым сталіністам», але згадвае, што менавіта Крапіва перашкодзіў сакратару парткама Акадэміі навук Петрыкаву дамагчыся «взяць на учот всех, разгаварываюшчых в Акадземіі на беларускам языке». Па ўражанні Пазняка, аўтар п’есы «Хто смяецца апошнім», «відаць, быў зьбянтэжаны», калі зразумеў, што гэтым творам «паслужыў і сталіністам, і антысталіністам». Таксама З. Пазняк згадвае, што да віцэ-прэзідэнта АН БССР акадэміка К. Атраховіча (Крапівы) мала хто аб нечым звяртаўся, бо ведалі, што той «нікому ні ў чым не дапамог, і марнавацца не мела сэнсу»[14].
Пісьменнік Васіль Быкаў выказаў свой погляд на Руска-беларускі слоўнік Кандрата Крапівы: «Акадэмія навук Беларусі выдала расейска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй акадэміка Крапівы, дзе беларуская лексыка амаль упадабнялася да расейскай, што, паводле задумы, павінна было працаваць на зьліцьцё народаў у адну братнюю сям’ю. Народы не зьліліся, але моўнай шкоды той слоўнік нарабіў нямала»[15].
У філатэліі
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.