Птушка памерамі са шпака, даўжыня цела 27-30 см. Маса 50-60 г. Афарбоўка вельмі яркая: у апярэнні шмат пёраў з зялёнымі, блакітнымі, жоўта-рыжымі адценнямі. Галава зверху каштанавая, з бакоў зеленавата-блакітная. Палоса за вокам і пад ім, пёры на вушах — чорныя. Падбародак і горла ярка-жоўтыя. Доўгая чорная дзюба крыху як бы загнутая ўніз. Спіна зверху бліжэй да галавы каштанавая, яе ніз і паясніца — залаціста-рыжыя. Хвост зеленавата-сіні, доўгі. Сярэдняя пара рулявых пёраў на 2-3 см даўжэйшая за астатнія. Ногі карычнявата-шэрыя. Афарбоўка маладых птушак больш бледная і цьмяная.
Арэал: Паўднёвая і Цэнтральна-Усходняя Еўропа, Малая Азія, Блізкі Усход, Цэнтральная і Заходняя Азія і Паўночна-Заходняя і Паўднёвая Афрыка. У Еўразіі пашырана ад Малдовы і Украіны да Каўказа і вусцяў Волгі і Урала, на поўнач да Курска, Тамбова, вусця Камы, возера Балхаш, далей на ўсход арэал пашыраецца да Сяміпалацінска і Барнаула і яшчэ далей — да Зайсанскай і Эмельскай катлавін. На Беларусі вельмі рэдкі на гнездаванні, распаўсюджаны спарадычна і ў асноўным на поўдні краіны пералётны від.[1]
Біятоп: адкрытыя, цёплыя тэрыторыі з адзіночнымі дрэвамі, стэпы і вялікія даліны, яры, абрывістыя берагі рэк. У культурным ландшафце — сухія травяністыя тэрыторыі з дрэвамі або групамі кустоў, яры (напр., пасля здабычы галькі). Узімку — афрыканскія саванны, травяністыя тэрыторыі, сухія лясы, узбярэжжы азёр, берагі вялікіх рэк. Пазбягае густых лясоў.
Грамадскія птушкі, трымаюцца чародамі, часта садзяцца на правады і сухія галіны, лятаюць хутка, лёгка. Гняздуюцца ў норах глыбінёй 1-1,5 м, якія робяць самі дзюбай у пясчаных абрывах.
У гняздзе 5-8 белых бліскучых амаль шарападобнай формы яек памерамі 26 x 21,9 мм. Кормяцца джаланоснымі восамі і пчоламі, а таксама матылькамі, у т.л. такімі, якія маюць засцерагальную афарбоўку і не паядаюцца іншымі птушкамі.
Упершыню названа для Палесся ў 1887 г. А.Нікольскім. У чэрвені 1980 г. за 2 км на поўнач ад Гомеля знойдзена гняздо з кладкай, а ў ліпені 1985 г. ў наваколлі г.п. Тураў ва ўрочышчы Казаргаць выяўлена каланіяльнае пасяленне птушак. У гнездавы перыяд у 1986 г. птушкі таксама адзначаны каля в. Дрэбск Лунінецкага раёна.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X