Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Lesbians and Gays Support the Miners (LGSM; бел.: «Лесбіянкі і геі ў падтрымку шахцёраў») — аб'яднанне геяў і лесбіянак, накіраванае на падтрымку брытанскіх шахцёраў, якія баставалі падчас іх забастоўкі ў 1984—1985 гадах. Існавала адзінаццаць груп па Вялікабрытаніі, найбуйнейшай з якіх была лонданская.
Урад Тэтчэр секвестраваў сродкі Нацыянальнага саюза гарнякоў (англ.: National Union of Mineworkers, NUM), што азначала для людзей, якія падтрымлівалі іх, бессэнсоўнасць пераліку ім сродкаў. Замест гэтага групы падтрымкі па ўсёй Вялікабрытаніі павінны былі наладжваць непасрэдныя кантакты з рознымі шахцёрскімі супольнасцямі ў Англіі, Шатландыі і Уэльсе. Аб'яднанне «Lesbians and Gays Support the Miners» было створана членам Камуністычнай партыі Вялікабрытаніі і ЛГБТ-актывістам Маркам Эштанам і яго сябрам Майклам (Майкам) Джэксанам пасля таго, як яны збіралі ахвяраванні шахцёрам на лонданскім гей-прайдзе 1984 года[1]. Лонданская група LGSM, якая збірала сродкі ў розных раёнах Лондана, уключаючы кнігарню Gay’s the Word (якая служыла іх штаб-кватэрай і месцам рэгулярных сходаў[1]), наладзіла кантакты з групамі гарнякоў у Вэйл-оф-Ніт , Дулейс-Вэлі[2] і Суонсі-Вэлі . У лістападзе 1984 ад LGSM адшчапілася асобная група «Лесбіянкі супраць закрыцця шахт».
Група падавала дапамогу шахтам у Паўднёвым Уэльсе, таму што яе члены лічылі, што прэзідэнт NUM Артур Скаргіл несправядліва непрапарцыйна размяркоўваў ахвяраванні на карысць больш баявых калектываў шахт у Кенце і Ёркшыры[3].
Да таго часу, як было сабрана прыкладна 20 000 фунтаў стэрлінгаў для сем'яў, якія баставалі, адбыліся ўзаемныя візіты. Найбуйнейшым мерапрыемствам для збору ахвяраванняў стаў канцэрт «Pits and Perverts» (бел.: «Шахты і вычварэнцы»)[4][5], які быў арганізаваны групай у Electric Ballroom і на якім выступаў гурт Bronski Beat. Назва канцэрту была ўзята з загалоўка таблоіднай газеты The Sun, задуманага як абразлівы[6].
Хаўрусніцтва, якое ўзнікла паміж ЛГБТ і рабочым рухам, стала важным паваротным пунктам у барацьбе за правы ЛГБТ у Вялікабрытаніі[1]. Групы шахцёраў пачалі падтрымліваць, ухваляць і ўдзельнічаць у розных прайдах па ўсёй Вялікабрытаніі[1]; на канферэнцыі Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі ў Борнмуце ў 1985 годзе ўпершыню была прынята рэзалюцыя аб падтрымцы партыяй правоў ЛГБТ, у значнай ступені дзякуючы галасам Нацыянальнага саюза гарнякоў; групы шахцёраў былі аднымі з самых актыўных прыхільнікаў ЛГБТ-супольнасці ў кампаніі 1988 года супраць артыкула 28[1].
Архіў працы лонданскай групы захаваны ў Музеі гісторыі рабочага класа ў Манчэстэры (Англія). Ён складаецца з пратаколаў штотыднёвых пасяджэнняў, карэспандэнцыі, выразак з прэсы, публікацый, эмаляваных значкоў, фатаграфій і банараў[7].
Альянс лонданскай групы з валійскай шахцёрскай вёскай адлюстраваны ў фільме «Гонар», знятым у 2014 годзе Мэцью Уаркусом[3][8][9]. Эштана, главу кампаніі, сыграў Бен Шнетцэр.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.