Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ян Люксембургскі, таксама вядомы як Іаан (Іаган) Сляпы (чэшск.: Jan Lucemburský; ням.: Johann von Luxemburg; люкс.: Jean vu Lëtzebuerg; 10 жніўня 1296 — 26 жніўня 1346, Крэсі, Францыя) — граф Люксембурга (з 25 чэрвеня/3 ліпеня 1310), кароль чэшскі (з 31 жніўня 1310, каранацыя 7 лютага 1311), тытулярны кароль польскі (з 1310).
Ян Люксембургскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
чэшск.: Jan Lucemburský ням.: Johann von Luxemburg люкс.: Jang de Blannen, Jean vu Lëtzebuerg | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Генрых Харутанскі | ||||||
Пераемнік | Карл IV Люксембургскі | ||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Генрых VII Люксембургскі | ||||||
Пераемнік | Карл IV Люксембургскі | ||||||
Нараджэнне |
10 жніўня 1296[1]
|
||||||
Смерць |
26 жніўня 1346[1] (50 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Люксембургі | ||||||
Бацька | Генрых VII Люксембургскі[4] | ||||||
Маці | Маргарыта Брабанцкая[d][4] | ||||||
Жонка | Елізавета Багемская[d][4][5] і Beatrice of Bourbon, Queen of Bohemia[d][5] | ||||||
Дзеці | Карл IV Люксембургскі[4], Маргарыта Багемская[d], Бона Люксембургская[d][4], Іаган Генрых, Венцэль I[d], Nicolaus of Luxemburg[d] і Anne of Bohemia, Duchess of Austria[d] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іаган — адзін сын імператара Генрыха VII Люксембургскага і Маргарыты Брабанцкай[6]. Таксама ў яго было дзве сястры — Марыя, будучая каралева французская, і Беатрыс, будучая каралева венгрская.
Іаган вырас пры французскім каралеўскім двары Філіпа Прыгожага з дынастыі Капетынгаў. Калі бацька быў абраны свяшчэннарымскім імператарам (27 лістапада 1308), Іаган атрымаў тытул графа Люксембурга, графа Ларош і маркграфа Арлона.
У 1309 годзе чэшскія паслы, незадаволеныя кіраваннем уладара Карынтыі Генрыха Харутанскага, прасілі Генрыха VII згадзіцца на шлюб Іагана з чэшскай прынцэсай Элішкай. Іагану тым часам было 13 гадоў, і Генрых VII баяўся адпраўляць адзінага сына ў неспакойную Чэхію. Імператар прапанаваў паслам як альтэрнатыву ў жаніхі Элішцы сына Генрыха VI Люксембургскага Валерана.
Ліпенем 1310 года, пасля працяглых перамоў, імператар саступіў і згадзіўся на шлюб Іагана з Элішкай. Нявеста мусіла цягам пэўнага часу прыбыць у Шпаер, у адваротным выпадку дамова скасоўвалася. Нават у апошні момант Генрых спрабаваў змяніць лёс Іагана і звесці прынцэсу з Валеранам. Але ўсё было дарэмна, і 31 жніўня 1310 года Іаган ажаніўся з Элішкай, атрымаўшы з яе рукою, праз згасанне мужчынскай лініі Пржэмыславічаў, чэшскую карону.
Прыехаўшы да Прагі, Іаган прыняў прысягу прадстаўнікоў чэшскай арыстакратыі, чые прывілеі абавязаўся не прымяншаць. З-за занятасці свайго бацькі Іаган паспрабаваў адкласці каранацыю, але пад ціскам знаці, урэшце, нядзеляй 7 лютага 1311 года быў каранаваны у каралі чэшскія пад імем Ян ў базыліцы святога Віта. Як пісаў складальнік Збраслаўскай хронікі, Ян «быў даволі прыгожым маладым чалавекам, вытанчана выглядаў, румяны тварам…»[7].
Кіраўніком каралеўскай рады Яна Люксембургскага стаў біскуп Пётр Аспельт, іншыя радцы былі ў асноўным нячэшскага паходжання — Альбрэхт Гагенлоэ, Філіп Фалькенштайн, Генрых Фульдскі і іншыя. З чэхаў у свіце караля найзначнейшыя — вярхоўны маршал Індржых з Ліпы, каралеўскі сенешаль Ян з Вартэнберка і скарбнік каралеўскі Петр з Рожмберка. Добрыя адносіны з каралём падтрымлівалі і чэшскія біскупы, у прыватнасці, пражскі біскуп Ян IV з Дражыц і аламоўцкі біскуп Пётр II, дапамагалі каралю грашыма.
Ян паспрабаваў кіраваць краінай з улікам імперскай палітыкі, якая была прыярытэтам для яго, а парадкі каралеўскага двара скапіраваць з Францыі. Але чэшская арыстакратыя хацела моцнага і незалежнага манарха. Калі ў 1310 годзе Ян Люксембургскі прыехаў у Прагу, людзі глядзелі на яго са шчырай надзеяй, што пасля многіх гадоў разладу ў краіне настане мір. Але Ян іх горка расчараваў, за амаль 20 гадоў уладарства, кароль не прабыў у Чэхіі і году, а ездзіў з месца на месца, ваюючы то за французаў супраць англічан, то за нямецкі Тэўтоўтонскі ордэн у Прусіі і Літве. Чэшскі скарб гэтымі войнамі Ян спустошыў сталым вымаганнем грошай. У адсутнасць караля ў Чэхіі зацвердзіліся феадальныя парадкі, узмацнілася мясцовая знаць, пачаліся смуты.
Сітуацыю ўскладніла смерць бацькі — Генрыха VII Люксембургскага, у 1313 годзе. Ян разлічваў ўспадкаваць імператарскі тытул, але па тагачасных законах умовай быў узрост не меншы за 18 гадоў, а яму было толькі 17. Калі ён даведаўся пра большыя шанцы на абранне аўстрыйскай герцаг Фрыдрых, што было небяспечна для Чэхіі, то пачаў кампанію, якая забяспечыла імперскую карону Людовіку IV Баварскаму, які ў адказ даў чэшскаму каралеўству шэраг важных саступак.
Неўзабаве Ян адправіўся ў свае спадчынныя землі ў Люксембургу, у гэты час незадаволеная знаць ледзь не скінула яго са стальца. Урэгулявання дасягнулі толькі праз пасярэдніцтва Людовіка IV Баварскага — Ян Сляпы падпісаў Дамажліцкія канвенцыі, якія ўмацавалі ўладу арыстакратыі (1318).
У 1319 годзе Ян спрабаваў пасунуць пражскага патрыцыя Вільяма Вальдэка, магчыма, звязанага з каралевай Элішкай інтымнымі адносінамі. Кароль нават заняў Прагу, але неўзабаве зноў адбыў з краіны, атрымаўшы грошы на фінансаванне імперскай палітыкі.
Праз працяглую адсутнасць караля ў Чэхіі ўзрастала ўнутраная напружанасць, карумпаванасць ўраду на чале з Індржыхам з Ліпы прывяла да сацыяльных усплёскаў. Сам Індржых з Ліпы, будучы падкаморыям, пачаў выкупляць маёнткі за кошт падаткаў, якія збіраліся з гарадоў і руднікоў, так што на бягучыя выдаткі двара грошай практычна не заставалася. Пры гэтым Індржых, будучы галоўным пазыкадаўцам кароны, трымаў шыкоўны двор, кіраваў усімі справамі каралеўства і прымушаў маладога караля ва ўсім слухацца. Больш за гэта, яго каханкай была двойчы ўдовая, але маладая каралева Эльжбета Рыкса, якая жыла тым часам у Градцы. Урэшце ў 1315 годзе Індржых без ведама караля выдаў самую малодшую з сясцёр Вацлава III, Ганну, замуж за Генрыха Яворскага і аддаў пасагам каралеўскі горад Градзец.
Кастрычнікам 1333 года ў Чэхію па ініцыятыве Яна прыбыў яго старэйшы сын Вацлаў (Карл), ён атрымаў тытул маркграфа Маравіі. Неўзабаве паміж Янам і Карлам пачаўся разлад. Вяльможы, які нажываліся падчас безуладдзя, узненавідзелі каралевіча і скардзіліся на яго бацьку, абвінавацілі ў падрыхтоўцы бунту. Ян адхіліў сына ад улады, пакінуўшы толькі тытул маркграфа Маравіі і Кршываклацкае панства для кармлення. Наступны перыяд быў названы «Люксембургскім дваеўладдзем». Каралевіч Карл рэгулярна адсылаў бацьку пэўную суму грошай, а рэшту траціў на дзяржаўныя патрэбы. Карл таксама меў права голасу пры вырашэнні знешнепалітычных пытанняў. Фактычна ён стаў суправіцелем свайго бацькі. У 1341 годзе Ян Сляпы забяспечыў пераемнасць свайго сына Карла на чэшскім стальцы, што паступова стала паляпшаць сітуацыю ў краіне.
У 1344 годзе Пражскае біскупства было ўзнята да арцыбіскупства, а ў Літамышлі былі створаны новыя епархіі. У гэты час Чэхіяй ўжо фактычна ўладарыў Карл.
Увага Яна была засяроджана на знешняй палітыцы, дзе ён быў значна паспяховейшы. Кароль быў сталым госцем Папы Рымскага і французскіх каралёў, з якімі заключыў некалькі выгадных шлюбных дагавораў, Ян далучыў да Чэхіі Эгерланд — як падзяку Людовіка IV за падтрымку ў атрыманні імперскай кароны. У 1319—1329 гадах да Чэхіі былі далучаны Верхняя Лужыца і Уроцлаў.
Падчас візіту ў герцагства Карынтыю ў 1330 годзе Ян Люксембургскі прыняў паслоў з італьянскай Брэшыі, якія папрасілі пра дапамогу ў барацьбе з валадаром Вероны Масціна II дэла Скала. Ян згадзіўся, і ў кароткі час стаў валадаром усёй Заходняй Ламбардыі. Аднак ўтрымаць гэтыя землі аказалася вельмі нялёгка, бо на іх прэтэндавалі імператар Людовік IV і неапалітанскі кароль Роберт Мудры. Людовік аб’яднаўся з аўстрыйскімі Габсбургамі, якія прэтэндавалі на Карынтыю, а Роберт Неапалітанскі — са сваім сваяком венгерскім каралём Карлам Робертам і польскім каралём Уладзіславам Лакетком. Усе яны абвясцілі вайну Яну Люксембургскому. Той паспяшаўся прымірыцца з германскім імператарам і атрымаў ад яго захопленыя землі як намесніцтва. Ян перавёз туды свайго сына Карла і пакінуў яго ў Парме, а сам паспяшаўся дадому, з тэўтонскімі рыцарамі уварваўся ў Польшчу, аблажыў Познань і заключыў перамір’е з Лакетком. Пасля гэтага Ян нечакана з’ехаў у Парыж, даручыўшы далейшае вядзенне вайны Індржыху з Ліпы. У 1332 годзе таго жорстка разбілі аўстрыйцы пры Майльберге, і Ян быў вымушаны заключыць з Габсбургамі мір. У 1333 годзе ў раздоры ўмяшаліся новыя ўдзельнікі — Ганзага з Мантуі і Эстэ з Ферары. Малады прынц Карл разбіў іх ў бітве пры Сан-Фелічэ, але чэшскія сілы былі вычарпаны, у 1333 годзе кароль-палкаводзец вымушаны пакінуць Паўночную Італію.
Восенню 1335 года ў венгерскім Вышэградзе адбылася сустрэча Яна Люксембургскага, венгерскага караля Карла Роберта Анжуйскага і польскага караля Казіміра III. Казімір прызнаў суверэнітэт чэшскага караля над Сілезіяй, а той за 20 000 пражскіх грошаў адмовіўся ад правоў на польскую карону. Гэтым практычна завяршылася афармленне межаў дзяржаў Цэнтральнай Еўропы. У 1337 годзе Ян Люксембургскі з сынам Карлам выступіў у паход супраць вялікага князя літоўскага Гедыміна. Падчас паходу ён заключыў дамову са сваім сваяком Генрыхам Яворскім, які прызнаў чэшскага караля сваім спадчыннікам і атрымаў за гэта Глогаўскае княства. Дажджлівая зіма перашкодзіла паходу чэшскага каралеўскага войска. Акрамя таго, у караля раптам захварэў на вочы, неўзабаве ён цалкам аслеп. У Чэхіі ніхто не шкадаваў з гэтага — усе лічылі слепату карай божай.
З дапамогай свайго дзядзькі, арцыбіскупа трырскага Балдуіна, Ян Сляпы падрыхтаваў выбары новага імператара. 11 ліпеня 1346 года імперскую карону атрымаў яго сын Карл Люксембургскі пад імем Карла IV.
У 1341 годзе Маргарыта Цірольская прагнала Іагана Генрыха і, нягледзячы на папскія праклёны, выйшла замуж за Людвіга Вітэльсбаха, сына імператара Людовіка IV Баварскага. Ян стаў арганізоўваць саюз з Папам і нямецкімі князямі супраць імператара. Людовік у сваю чаргу плёў інтрыгі, то прапаноўваючы грошы Яну, то яго сынам. Урэшце ў 1344 годзе ў Авіньёне ў прысутнасці Папы Рымскага быў заключаны мірны дагавор, паводле якога кароль чэшскі Ян і германскі імператар Карл, вымаглі Клімента VI вывесці чэшскую царква з-пад юрысдыкцыі майнцкага арцыбіскупа. У выкананне дадзенага Папу абяцання ў 1345 годзе Ян і Карл адправіліся ў новы крыжовы паход на Літву, але гэта прадпрыемства пацярпела няўдачу, як і папярэднія. На зваротным шляху Ян адправіўся адразу ў Люксембург, а Карл паехаў у Чэхію праз Польшчу. Каля Каліша яго схапілі па распараджэнні польскага караля Казіміра III Вялікага. Толькі шчасцем Карл Люксембургскі выратаваўся. Кароль Ян тэрмінова вярнуўся ў Чэхію, сабраў войска, аблажыў Кракаў і прымусіў палякаў да міру.
Удзел цалкам сляпога Яна ў бітве пры Крэсі быў роўназначны самагубству.
Жан Фруасар так апісваў яго гібель Яна:
«Калі ён пачуў каманду да бою, ён спытаўся, дзе яго сын Карл. Збраяносцы сказалі яму, што не ведаюць, але, напэўна, ён недзе б’ецца, на што кароль сказаў: „Панове, вы цяпер усе мае сябры і браты па зброі, таму я прашу вас, бо я сляпы, узяць мяне з сабою ў бой“. Рыцары згадзіліся, і, бо ён не хацеў згубіцца ў таўкатні, прывязалі яго ў сядле баявога каня. Кароль паскакаў у шэрагах французскай конніцы на англічан… усе яны былі забіты. Раніцай караля знайшлі мёртвым на зямлі».[8] |
Апошнімі словамі Яна, паводле падання, былі: «Не бываць, каб чэшскі кароль бег з поля бою». У Сярэднявеччы, ужо пасля сваёй смерці, кароль Ян лічыўся адным з прыкладаў асабістых адвагі і рыцарскасці ў Еўропе.
Пахаваны пасля шэрагу перыпетый у Люксембургу ў саборы Маці Божай.
У 1980 годзе парэшткі караля на час былі прывезены ў Прагу, дзе вывучаліся антраполагам Эмануілам Влчэкам і яго камандай з Нацыянальнага музея. Пасля даследавання парэшткі вернуты ў Люксембург.
Даследаванні паказалі, што Ян Люксембургскі быў прыкладна 170 см ростам, худы, мускулісты, выдатны вершнік, які атрымаў у баях і на турнірах некалькі сур’ёзных траўмаў. Смяротнымі сталі раны галавы і грудзей.
Найстарэйшы партрэт Яна Люксембургскага гэта каменны рэльеф дома Трох Святых каралёў ў Кёльне. У базыліцы Святога Віта прадстаўлены скульптурны партрэт Яна работы Пятра Парлержа.
1-я жонка: (з 1310) Элішка Пржэмыслоўна (20 студзеня 1292 — 28 верасня 1330), дачка Вацлава II, караля чэшскага. Дзеці:
2-я жонка: (са снежня 1334) Беатрыс дэ Бурбон (каля 1320 — 15 снежня 1383), дачка Людовіка I Кульгавага, герцага дэ Бурбон. Дзеці:
Таксама вядома двое дзяцей ад невядомай каханкі:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.