Від птушак From Wikipedia, the free encyclopedia
Жаўру́к-смяцю́х, ці Чуба́ты жа́варанак (Galerida cristata) — від птушак з сямейства жаваранкавых. Яго найбольш яскравым адрозненнем ад іншых прадстаўнікоў жаваранкавых з’яўляецца наяўнасць адносна вялікага чубка з пер’я на галаве. Гэты від распаўсюджаны пераважна ў Еўропе, але сустракаецца ў Паўночнай Афрыцы, некаторых рэгіёнах Заходняй, Паўднёвай і Усходняй Азіі.
Жаўрук-смяцюх | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Жаўрук-смяцюх быў адным з відаў, упершыню апісаных Карлам Лінеем у XVIII ст. у працы «Сістэма прыроды» (лац.: Systema Naturae). Быў уключаны ў род Alauda, пакуль нямецкі натураліст Фрыдрых Бое не ўключыў яго ў новы род Galerida ў 1821 годзе. Колін Гарысан у 1865 годзе рэкамендаваў паўторна аб’яднаць прадстаўнікоў родаў Galerida і Lullula у род Alauda з прычыны, на думку Гарысана, недастаткова яскравых размежаванняў паміж гэтымі таксонамі, аднак гэта так і не было зроблена[1].
Сучасная навуковая назва жаўрука-смецюха паходзіць ад лацінскіх слоў galerum (капялюш) і cristata (чубатая). Па-беларуску птушку называюць «жаўрук-смяцюх», бо яна любіць сяліцца на ўзбочынах дарог, жылых участках і іншых месцах з нізкай травой, якія гістарычна часта былі забруджаны смеццем.
На сённяшні дзень вылучаюць 32 падвіды жаўрука-смецюха[2]:
Раней Магрыбскага жаўрука-смецюха вызнавалі за адзін з падвідаў жаўрука-смецюха, аднак з дапамогай малекулярна-генетычных даследаванняў (у прыватнасці, аналізу мітахандрыяльнай ДНК) Албанам Жыламэ і яго калегамі было даказана, што гэта розныя віды[3]. Увагу даследчыкаў прыцягнула дзюба Магрыбскага жаўрука-смецюха, бо яна была значна даўжэйшай за дзюбы тых падвідаў жаўрукоў-смецюхоў, што таксама пражываюць у Магрыбе[4].
У Беларусі зарэгістраваныя два падвіды жаўрука-смецюха: Цэнтральнаеўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata cristata) і Паўднёва-ўсходні еўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata tenuirostris).
Звычайна жаўрук-смяцюх аддае перавагу адкрытым сухім лугам, але сустракаецца таксама і па ўскраінах палёў і дарог, у прамысловых раёнах, портах, аэрапортах, ля чыгункі і ў гарадскіх парках[5]. Ідэальнымі з’яўляюцца сухія і цёплыя тэрыторыі з нізкарослай расліннасцю, пераважна на гліністых пясчаных грунтах. Пры гэтым актыўныя ўрбанізацыя і развіццё сельскай гаспадаркі скарачае колькасць прыдатных для гэтай птушкі тэрыторый[6].
Жаўрук-смяцюх мае даволі тыповы для жаўрука знешні выгляд[7], аднак вылучаецца і яскравымі асаблівасцямі. Даўжыня цела жаўрука-смецюха складае 17—19 см, размах крылаў — 29—38 см. Маса вагаецца ў дыяпазоне 36,5—46 г[6][8]. Афарбоўка верху цела буравата-шэрая з падоўжнымі шырокімі цёмнымі стракатымі плямамі, ніз жа цела брудна-белы з падоўжнымі бурымі стракатымі плямамі на грудзях. Крайнія стырнавыя пёры рудаватыя і светляйшыя за астатні хвост. На галаве знаходзіцца вялікі шылаваты чуб. У маладых птушак чуб невялікі[9][10]. Самкі і самцы амаль не адрозніваюцца, але маладыя птушкі маюць болей плям на спіне ў параўнанні з дарослымі[7].
Голас жаўрука-смецюха падобны да голасу палявога жаўрука, але больш прарэзлівы, мае больш частыя перапынкі[9]. Вабны крык — прарэзлівае «ді-діі-трі» або «ірі-трі-тріэ», мяккае «джютт». Жаўрук-смяцюх спявае звычайна седзячы на паверхні, а часам — у палёце (пераважна на вышыні ад 30 да 60 м над зямлёй, што адрознівае яго ад жаўрука палявога, які дэманструе падобныя паводзіны, але таксама спявае падчас узлёту)[8][11].
Жаўрук-смяцюх пераважна харчуецца ежай расліннага паходжання: насеннем дзікай травы, аўса, пшаніцы і ячменю[9]. Зімой птушка здольная перайсці на дробную жывёльную ежу[7]. Таксама жывёл спажываюць маладыя жаўрукі. Дажджавыя чэрві, дробныя жукі, мухі, маленькія матылі, вусені, а таксама (зрэдку) дробныя смаўжы ды павукі — аснова жывёльнага рацыёну жаўрука-смецюха[12].
Самка будуе добра замаскіраванае гняздо, будаўнічым матэрыялам для якога з’яўляюцца завялыя травінкі, карані і каласкі (канцы якіх тырчаць па-за краямі гнязда), на зямлі ў рытвінцы сярод няшчыльнай расліннасці, грудкоў зямлі, камянёў і г. д.[7] Зрэдку жаўрук-смяцюх будуе гнёзды на схілах або каменных сценах. Агульны дыяметр гнязда складае 9—15 см, унутраны дыяметр — 6,5—7 см, вышыня — 4,5—5 см.
У перыяд красавік-чэрвень самка двойчы адкладае ад 2 да 6 (у пераважнай большасці выпадкаў — ад 3 да 5) яек. Яйкі крыху падоўжаныя, часта ўздзьмутыя. Яны вельмі нагадваюць яйкі жаўрука палявога, але адрозніваюцца ад апошніх наяўнасцю на белым або шараватым фоне светла-шэрых ці шэра-фіялетавых глыбокіх плямак. Паверхневыя яйкі жаўрука-смецюха могуць мець густы аліўкава-карычневы або шэра-карычневы колер і ўтвараць пояс (або «шапачку») на шырокім канцы. Сярэднія памеры яек — 22 на 17 мм (пры рэальным дыяпазоне 19—25,5 мм на 15—19,5 мм)[8].
Яйкі выседжваюцца ад 11 да 14 дзён (найчасцей 11—12 дзён), пасля чаго вылупліваюцца птушаняты, якія (як і прадстаўнікі іншых жаўрукоў) пакідаюць гняздо ў пошуках ежы досыць рана — на 8—11 дзень, а лётаць пачынаюць ва ўзросце 15—16 дзён[5].
Жаўрук-смяцюх перажыў некалькі абумоўленых кліматам пашырэнняў і скарачэнняў арэала на працягу апошніх стагоддзяў. Такім чынам вобласць распаўсюджвання пашыралася ў перыяд цеплыні ў XVI ст. і XVIII ст. і зноў скарачалася ў перыяд холаду XVII ст. У пачатку XX ст. жаўрук-смяцюх скарыстаўся магчымасцю гнездавацца ў гарадах і на прамысловых пабудовах.
Глабальная папуляцыя жаўрука-смецюха ў свеце складае, па розных ацэнках, ад 22 000 000 да 91 200 000 дарослых птушак[13]. Што да еўрапейскай папуляцыі, то тут няма такой вялікай розніцы паміж мінімальнай і максімальнай ацэнкамі колькасці чубатага жаваранка: у Еўропе пражываюць ад 7 200 000 да 15 200 000 дарослых птушак.
З 1930-х гадоў папуляцыя, пачынаючы з паўднёвага ўсходу, амаль ва ўсёй Еўропе драматычна скарачаецца. Агульная колькасць жаўрука-смецюха ў Еўропе скарацілася з 1980 г. агулам на 98 %[14] і знаходзіцца ў неспрыяльных умовах, што пагражае стабільнасці ўсёй сусветнай папуляцыі гэтай птушкі[15].
Нягледзячы на спрыяльныя кліматычныя ўмовы XX ст., паўторнага пашырэння арэала жаўрука-смецюха не адбылося. Асноўнымі прычынамі з’яўляюцца, відавочна, недахоп ежы і змены месцаў пражывання гэтай птушкі. Рудэральныя і аблогавыя палі даступныя для чубатага жаваранка толькі ў нязначнай ступені і на працягу адносна кароткага перыяду. Сёння адкрытыя плошчы, напрыклад, на тэрыторыі гарадоў, якія з пачатку XX ст. пачаў засяляць жаўрук-смяцюх, усё больш азеляняюцца, угнойваюцца і шчыльна засаджваюцца. Іншыя сырыя зямельныя плошчы таксама адразу азеляняюцца. Да гэтага дадаецца інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі і ўшчыльненне ландшафту за кошт шырокіх неапрацаваных ускраін палёў. Следствам гэтага з’яўляецца адсутнасць дзікіх траў і іх насення, важных для харчавання птушак. Адначасова адсутнічае дастатковы асартымент насякомых у перыяд гнездавання.
Нягледзячы на тое, што ў Чырвоным спісе Міжнароднага саюза аховы прыроды жаўрук-смяцюх апісаны як від пад найменшай пагрозай (Least concern, LC)[16], заўважыўшы тэндэнцыю да імклівага скарачэння яго колькасці шэраг дзяржаў і міждзяржаўных аб’яднанняў шчыльна заняліся пытаннем аховы гэтай птушкі.
Жаўрук-смяцюх знаходзіцца пад аховай «Птушынай дырэктывы» — Дырэктывы Еўрапейскага Саюза аб захаванні дзікіх птушак. Чубаты жаваранак занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з прысваеннем III катэгорыі (VU) і ахоўваецца законам. Гэта птушка ахоўваецца на відавым узроўні ў Польшчы, Славакіі (асобна ад «Птушынай дырэктывы»).
Святы Францыск Асізскі лічыў жаўрука-смецюха асаблівай птушкай, падкрэсліваў падабенства яе жыцця з жыццём францысканцаў: зямлісты колер апярэння чубатага жаваранка, яго пакорлівасць («бо ён ідзе ахвотна ўздоўж узбочыны і знаходзіць зерне для сябе») і доўгі час, які ён праводзіць у спевах[17].
Нацыянальную кампанію «Птушка года» грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць з 2000 г. Галоўная мэта кампаніі — прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас.
У мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем жаўрука-смецюха, удзельнікі XIX з’езда грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» шляхам галасавання абралі яго птушкай 2017 г.[18]
У межах кампаніі 22 сакавіка 2017 г. Белпошта выпусціла шэраг філатэлістычнай прадукцыі[19][20]:
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціць памятную манету, прысвечаную жаўруку-смецюху.
Акрамя гэтага, у межах кампаніі пройдуць конкурсы ад АПБ:
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: месца (спасылка)Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.