Remove ads
аграгарадок у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Скрыга́лаў[1] (трансліт.: Skryhalaŭ, руск.: Скрыгалов) — аграгарадок (да 2018 г. вёска[2]) у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Скрыгалаўскага сельсавета.
Аграгарадок
Скрыгалаў
| ||||||||||||||||||||||||
Насельніцтва 747 чал. (2004). Знаходзіцца за 33 на захад ад Мазыра, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Пціч (лінія Гомель — Лунінец); на аўтамабільнай дарозе Мазыр — Петрыкаў.
Выяўленыя археолагамі два курганныя могільнікі X—XIII стст. (11 насыпаў, за 2 км на поўдзень ад Скрыгалава і 13 насыпаў, за 2 км ад вёскі, ва ўрочышчы Забуклявечча) сведчаць пра засяленне гэтай мясцовасці ў глыбокай старажытнасці. Упершыню Скрыгалаў згадваецца ў XIII ст. 7 мая 1497 крымскія татары забілі тут мітрапаліта кіеўскага і Усяе Русі Макарыя (у 1897 у яго гонар збудавалі капліцу, ва ўрочышчы Падселішча — абеліск). Станам на 1590 у Скрыгалаве было 14 дымоў. З XVII ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Аскеркаў. Знойдзены тут у 1925 манетны скарб (каля 200 манет Рэчы Паспалітай) датуецца 3-й чвэрцю XVII ст. і сведчыць пра значныя гандлёвыя сувязі. З 1702 года побач з Скрыгалавам працавала рудня К. Аскеркі. 28 мая 1782 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Скрыгалаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Мазырскім павеце Мінскай губерні. Станам на 1795 у мястэчку было 70 двароў, з 1799 дзейнічала царква (згарэла ў 1872). Праз Скрыгалаў праходзіў гасцінец з Мазыра ў Давыд-Гарадок. Мелася паштовая станцыя. У XIX ст. непадалёк існавала сяло Скрыгалаўская Слабада (65 двароў на 1816), якое пазней злучылася з мястэчкам. На 1847 Скрыгалаў знаходзіўся ва ўладанні Тышкевічаў, тут было 109 двароў, дзейнічалі прыстань і пераправа на рацэ Прыпяці. У 1858 адкрылася школа. На 1859 — 115 двароў[3]. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1863 каля мястэчка дзейнічалі паўстанцкія аддзелы. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 137 двароў, царква, малітоўны дом, народнае вучылішча, 8 крам, карчма, сельская бальніца. Працавала паштова-тэлеграфная кантора. На 1908 — 204 двары. З 1910 працавала пільня.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Скрыгалаў увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе ў 1924 стаў цэнтрам сельсавета. Паселішча атрымала статус вёскі. Станам на 1925 тут было 359 двароў, на 2004 — 313 гаспадарак.
Планіроўка складаецца з 2 падзеленых каналам частак: паўночнай (простая вуліца, арыентаваная з паўднёвага ўсходу на паўночны захад) і паўднёвай (дугападобная вуліца шыротнай арыентацыі). Забудова двухбаковая, сядзібнага тыпу. У 1987—1995 узводзіліся цагляныя дамы на 110 сямей, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС (1986). Новым вуліцам перасяленцы далі назвы сваіх былых вёсак Белы Бераг і Белабярэжская Рудня.
У аграгарадку працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.
На тэрыторыі школы дзейнічае Скрыгалаўскі этнаграфічны музей.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.