Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян — колішняя культавае збудаванне ў мястэчку Беразвечча (цяпер г. Глыбокае), помнік віленскага барока. Царква не захавалася, у манастырскіх карпусах размяшчаецца турма. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[1].
Культавае збудаванне | |
Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян | |
---|---|
| |
55°09′53,33″ пн. ш. 27°40′21,10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Глыбокае |
Канфесія | Грэка-каталіцкая царква |
Ордэнская прыналежнасць | базыльяне |
Архітэктурны стыль | віленскае барока |
Архітэктар | І. X. Глаўбіц |
Заснавальнік | Язэп Львовіч Корсак |
Будаўніцтва | 1756—1763 гады |
Дата скасавання | 1970 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000363 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | захаваўся часткова |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Драўляны манастыр базыльянаў на паўночным беразе воз.Вялікае ў мястэчку Беразвечча пабудаваны ў 1643 г. па фундацыі ваяводы мсціслаўскага і старосты дзісненскага Язэпа Львовіча Корсака[2], які заснаваў таксама ў касцёл і кляштар ордэна кармелітаў босых у Глыбокім[3].
Мураваны манастырскі комплекс разам з царквой апосталаў Пятра і Паўла ўзведзены ў 1756-1763 гг віленскім архітэктарам І. X. Глаўбіц (дакументальна не пацверджана)[3]. Вядома, што з 1753 г. у рабоце над дэкорам прымаў удзел дойлід і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн)[2]. У 1766-1776 гг. да царквы прыбудавана цёплая капліца. У комплекс уваходзілі таксама школа, дзе выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы, гаспадарчыя пабудовы, сад, абнесеныя мураванай сцяной з брамай.
Пасля скасавання уніі ў 1839 г. комплекс манастыра перайшоў у 1847 г. да праваслаўнага мужчынскага манастыра, які існаваў да 1874 г., пазней у ім размясціўся жаночы праваслаўны манастыр. Загінулі каштоўныя дакументы і акты двухвяковага існавання кляштара і вучылішча. Бібліятэка, у якой было шмат кніг на розных мовах, раскрадзена. У 1919 г. царква перайшла да каталікоў, а ў манастырскім будынку размяшчаўся польскі Корпус Аховы Памежжа.
У 1930-я гг. адбылася рэстаўрацыя комплексу былога базыльянскага манастыра, а таксама праведзены яго абмеры і фотафіксацыя. Актыўны ўдзел у гэтым прымалі Ф. Рушчыц, Я. Булгак, Ю. Клос, А. Ромер і інш. Пасля аб'яднання Заходняй Беларусі і БССР з канца 1939 па чэрвень 1941 г. у кляштарных мурах размяшчалася палітычная перасыльная турма НКУС, а пасля Другой сусветнай вайны і да нашага часу - турма строгага рэжыму. Царква была часткова пашкоджана падчас вайны, і ў 1950-1960-я гады разбурана савецкімі ўладамі[3].
Петрапаўлаўская царква ў Беразвеччы ў стылі віленскага барока, уяўляла сабою трохнефную базіліку з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам[3]. Храм меў нетрадыцыйную арыентацыю на поўнач, быў нібы звернуты тварам да сонца, якое, высвятляючы хвалістую паверхню галоўнага фасаду, раскрывала якасці яго пластычнай формы[2]. Пры агульнай традыцыйнасці структуры архітэктурны вобраз збудавання смелы і наватарскі. Шырокі цэнтральны неф з паўкруглым алтарным завяршэннем пасярэдзіне перасякаецца роўным з ім па вышыні трансептам з таксама закругленымі тарцамі. У беразвецкай царкве план у верхнім сячэнні адпавядаў форме роўнаканцовага грэчаскага крыжа, чым аддавалася даніна уніяцкаму паходжанню храма. У выніку гэтага стваралася уражанне, што трансепт нетрадыцыйна ссунуты ў бок галоўнага фасада[3].
Двухсхільны дах на закругленых тарцах завяршаўся выпуклымі франтонамі з пластычным трохпялёсткавым абрысам. Фігурны барочны франтон на тарцы цэнтральнага нефа у адрозненне ад уніяцкага Сафійскага сабора ў Полацку, дзе ён быў упершыню ўжыты ў 1738-1750 гг., больш поўна распрацаваны і шматпланавы. Падобныя фігурныя франтоны меліся і на тарцах манастырскіх будынкаў[3].
Скульптурная пластычнасць архітэктуры храма спалучалася з канструкцыйнай логікай, дасканалым выкарыстаннем прыёмаў аптычнай карэкціроўкі мастацкага вобраза. Адзін з польскіх даследчыкаў адзначаў, што фасад царквы «пульсуючым нярвовым рытмам выпукла-ўвагнутых акцэнтаў пераважае па мастацкай выразнасці традыцыйныя плоскія і шаблонныя схемы, якіх шмат было ў Цэнтральнай Еўропе аж да канца XVIII ст.». Галоўны паўднёвы фасад беразвецкай царквы быў вырашаны як хвалістая, струменістая, шматпланавая тэатральная куліса, што закрывала ад гледача агульную тэктоніку храма. Канструкцыйна структура фасада адпавядала плоскаму нартэксу, па шырыні роўнаму чацверыкам вежаў, сіметрычна размешчаных па баках. Надзвычайная маляўнічасць фасада, тонкая гульня святла і ценю на яго паверхні дасягалася даволі простымі сродкамі[3].
Калоны і пілястры былі разгорнуты восямі пад вуглом 45 градусаў да плоскасці фасада, што і надавала яму ілюзорную прасторавую выпукла-ўвагнутую будову. Дзякуючы гэтаму прыёму, пры сонечным асвятленні стваралася тонкая нюансіроўка ўласных і падаючых ценяў[3].
Трох'ярусныя вежы мелі тэлескапічную структуру, асаблівую стройнасць і ўзнёсласць. На царкоўнай вежы быў вялікі гадзіннік, які званіў праз кожныя 15 хвілін і праз гадзіну[3].
Двухпавярховы корпус кляштара быў злучаны з 2 царкоўнымі будынкамі, паблізу знаходзіўся вялікі сад з алеямі. Гаспадарчыя забудовы прыстасаваны для вялікай гаспадаркі. Працавалі вінакурны завод, 2 млыны. Для царкоўных служкаў было пабудавана 12 драўляных дамоў[3].
Надзвычайная ўвага нададзена вытанчанаму малюнку франтонаў, завяршэнням вежаў, валют, капітэляў. Інтэр'ер адрозніваўся цэльнасцю, дакладным размеркаваннем дэкаратыўных сродкаў і кампактнасцю. Маленькія бакавыя нефы кампазіцыйна падпарадкоўваліся кароткаму, але шырокаму цэнтральнаму нефу, які завяршаўся мураванай алтарнай перагародкай. Перагародка складалася з двух ярусаў дынамічна згрупаваных калон, злучаных раскрапаваным антаблементам[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.