Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сабо́р Свято́й Сафі́і — галоўны праваслаўны храм Вялікага Ноўгарада, створаны ў 1045—1050-х гадах. З’яўляецца найстаражытнейшым захаваным храмам на тэрыторыі Расіі, пабудаваным славянамі[1].
Праваслаўны сабор | |
Сафійскі сабор | |
---|---|
руск.: Софийский собор | |
| |
58°31′20″ пн. ш. 31°16′36″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Расія |
Горад | Вялікі Ноўгарад |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Наўгародская |
Тып будынка | Сабор |
Архітэктурны стыль | архітэктура Расіі[d] |
Першае згадванне | 989 |
Дата заснавання | XI стагоддзе |
Будаўніцтва | 1045 — 1050-я гады |
Дата скасавання | 1930 |
Рэліквіі і святыні | Ікона Божай Маці «Знаменне»; мошчы святых: княгіні Ірыны, князёў Уладзіміра, Мсціслава і Фёдара, свяціцеляў Мікіты Наўгародскага і Іаана Наўгародскага. |
Статус | Аб’ект культурнай спадчыны РФ № 5310033042 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | Выдатны |
Сайт | sofia-novgorod.cerkov.ru |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
| ||||
|
У 1046 годзе вялікі князь Яраслаў Мудры і княгіня Ірына (Інгегерда) накіраваліся ў Ноўгарад з Кіева да сына Уладзіміра на закладку ім Сафійскага сабора. Сабор быў закладзены на месцы Уладычнага двара і будаваўся прыкладна да 1050 года замест згарэлага перад гэтым 13-главага драўлянага храма 989 года, але не на тым жа месцы, а на поўнач ад яго. Асвечаны сабор быў па дадзеных розных летапісаў у 1050 ці 1052 годзе епіскапам Лукой.
У 1066 годзе, паводле Наўгародскага першага летапісу, полацкі князь Усяслаў Брачыславіч ажыццявіў паход на Вялікі Ноўгарад. Узяўшы горад, ён забраў у палон частку гараджан, а таксама зняў і вывез у Полацк званы з Наўгародскае Сафіі[2]: «приде Всеславъ и възя Новъгород, съ женами и съ детми; и колоколы съима у святыя Софие»[3]. У разуменні людзей Старажытнай Русі, дзе захоўвалася яшчэ шмат перажыткаў язычніцтва, багі ў знешніх і ўнутраных войнах аказвалі актыўную дапамогу і падтрымку сваім прыхільнікам. Таму ваюючыя бакі, каб спыніць актыўную дзейнасць багоў з варожага лагера, імкнуліся разбурыць алтары і святыні праціўніка[4]. Лічыцца, што частка вывезеных скарбаў і царкоўнага начыння была выкарыстана пры аздабленні Сафійскага сабора ў Полацку.
Храм меў пяць нефаў і тры галерэі, у якіх размяшчалася некалькі дадатковых прастолаў . Паўночная галерэя некалькі разоў перабудоўвалася.
Першапачаткова сцены храма не былі пабелены, за выключэннем крывалінейных у плане апсід і барабанаў, пакрытых слоем цамянкі. Унутраны бок сцен таксама быў аголены, тады як скляпенні з самага пачатку былі абмазаны цамянкай і пакрыты фрэскамі. Такое афармленне было выбрана пад уздзеяннем архітэктуры Канстанцінопаля, у якой мармуровая абліцоўка сцен спалучалася з мазаікамі на скляпеннях; аднак тут мармур быў заменены вапняком, а мазаіка — фрэскамі. Верагодна, ужо ў 1151 годзе сцены былі поўнасцю абмазаны цамянкай.
На заходнім партале ўстаноўлены бронзавыя Магдэбургскія дзверы ў раманскім стылі з вялікаю колькасцю гарэльефаў і скульптур.
Не пазней за XVIII стагоддзе дзеля умацавання сцен к паўднёваму і паўночнаму фасаду прыбудавалі па тры контрфорсы. Пры рэстаўрацыі 1893—1900 гадоў контрфорсы з паўднёвага фасада былі разабраны, і храму было вернута паскляпеннае пакрыццё. Рэстаўрацыю сабора ажыццяўляў архітэктар М. С. Курдзюкоў.
У 1922 годзе, у ходзе канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей, сабор быў абрабаваны. У 1929 годзе яго закрылі і адкрылі ў ім антырэлігійны музей[5]. У музеі былі прадстаўлены скарбы, якія захоўваліся ў рызніцы сабора, як прыклад «казачных багаццяў царквы». У час акупацыі Ноўгарада нямецка-фашысцкімі войскамі храм быў пашкоджаны і разрабаваны, пасля вайны — поўнасцю адноўлены і стаў аддзелам Наўгародскага музея-запаведніка. У 1991 яго перадалі Рускай праваслаўнай царкве, і 16 жніўня 1991 яго асабіста асвяціў патрыярх Алексій II. У 2005—2007 адбылася рэстаўрацыя купалаў сабора.
Сабор прадстаўляе сабою пяцінефны крыжова-купальны храм. Храмы падобнага тыпу будаваліся на Русі толькі ў XI стагоддзі, да іх, акрамя наўгародскае Сафіі, адносяцца: Сафійскія саборы ў Кіеве і Полацку, а таксама Кіеўская царква Ірыны і Георгія. У храма тры апсіды — цэнтральная пяцігранная, і бакавыя — акруглыя. З трох старон цэнтральны будынак акружаюць шырокія двухпавярховыя галерэі. Час стварэння галерэі і яе першапачатковы выгляд з’яўляюцца прадметам навуковых спрэчак, але, верагодна, яе зрабілі ўжо пры будаўніцтве храма[6].
Сабор мае пяць галоў, шостая вянчае лесвічную вежу, размешчаную ў заходняй галерэі на поўдзень ад увахода. Макаўкі галоў выкананы ў форме старажытнарускіх шлемаў.
Асноўны аб’ём сабора (без галерэй) мае даўжыню 27 м і шырыню 24,8 м; разам з галерэямі даўжыня складае 34,5 м, шырыня 39,3 м. Вышыня ад узроўню старажытнай падлогі, якая знаходзіцца на 2 метры ніжэй за сучасную, да вяршыні крыжа цэнтральнага купала — 38 м. Сцены храма маюць таўшчыню 1,2 м і складзены з вапняку розных адценняў. Камяні не апрацаваныя (падчасаны толькі той бок, што выходзіць на паверхню сцен), змацаваны вапнавым растворам з прымессю тоўчанай цэглы (т. зв. цамянка). Аркі, арачныя перамычкі і скляпенні выкладзены з цэглы. У галоўнай апсідзе і ў парусах пад сярэднім барабанам унутраныя сцены запоўнены галаснікамі — керамічнымі сасудамі акруглае формы[7]. У некаторых месцах праз адтуліны галаснікі маюць выхад ва унутраную прастору, дзякуючы чаму, нягледзячы на значны аб’ём будынка, рэха ў ім адсутнічае. Акрамя таго, прымяненне ў кладцы пустацелых і адначасова акруглых форм значна знізіла нагрузку барабана на падпружныя аркі.
Інтэр’ер блізкі да кіеўскага храма, хоць прапорцыі выцягнутых па вертыкалі арак і вузкіх вертыкальных кампартыментаў паміж слупамі прыкметна адрозніваюцца. Дзякуючы гэтаму, інтэр’ер мае іншы характар. Некаторыя дэталі былі спрошчаны: трайныя аркады былі заменены двухпралётнымі (пазней іх ніжнія ярусы былі заменены шырокімі аркамі).
Упершыню сабор быў распісаны ў 1109 годзе, але ад гэтага роспісу засталіся толькі фрагменты фрэсак цэнтральнага купала з фігурамі прарокаў і архангелаў, у цэнтры паміж якімі да Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся страчаны ад пападання снарада абраз Хрыста Пантакратара. Акрамя таго, у Марцір’еўскай паперці захавалася старажытная насценная выява роўнаапостальных Канстанціна і Алены. Ёсць версія, што гэта выява павінна была стаць асноваю для мазаікі, бо яна выканана моцна разбаўленымі фарбамі. Асноўны захаваны роспіс храма адносіцца да канца XIX стагоддзя.
У саборы тры іканастасы. З іх найбольш вядомы галоўны (іконы XV—XVI стагоддзяў, святочны рад ікон XIV стагоддзя захоўваецца ў экспазіцыі музея) і Калядны (XVI стагоддзе, асобныя іконы — XIX стагоддзе, ікона «Спас на прастоле» XIV стагоддзя). Сярод ікон асабліва вылучаюцца:
У саборы пастаянна знаходзяцца астанкі шасці святых: княгіні Ірыны, яе сына Уладзіміра, князёў Мсціслава і Фёдара, епіскапа Мікіты і архіепіскапа Іаана. Царкоўнае меркаванне аб прыналежнасці астанкаў не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці[8]. Таксама ў саборы можна бачыць надмагільныя помнікі архірэяў XVIII—XIX стагоддзяў.
Ма́гдэбургскія, ці іначай Корсунскія вароты — назва бронзавых дзвярэй першапачаткова прыдзела Раства Багародзіцы Сафійскага сабора ў Вялікім Ноўгарадзе; затым гэтыя дзверы, адрэстаўраваныя майстрам Аўрамам, былі перанесены ў заходні партал сабора. На працягу некалькіх стагоддзяў вароты служылі ўрачыстым уваходам у сабор. У цяперашні час яны адкрываюцца толькі ў святы, калі богаслужэнне вядзе архіепіскап Наўгародскі і Старарускі.
На крыжы цэнтральнага купала знаходзіцца свінцовая фігура голуба — сімвала Святога Духа. Па легендзе, калі ў 1570 годзе Іван Грозны жорстка расправіўся з жыхарамі Ноўгарада, на крыж Сафіі прысеў адпачыць голуб. Убачыўшы адтуль страшнае пабоішча, голуб акамянеў ад жаху. Пасля Багародзіца адкрыла аднаму з манахаў, што гэты голуб пасланы ў суцяшэнне гораду — і пакуль ён не зляціць з крыжа, горад будзе пад яго аховаю.
5 ліпеня 1942 года, у час артабстрэлу савецкімі войскамі нямецкай камендатуры, якая размяшчалася ў Крамлі (па звестках разведкі, у гэты дзень павінна было з’ехацца ўсё вышэйшае франтавое камандаванне нямецкіх войск), была страчана выява Спаса Уседзяржыцеля (роспіс 1109 года) у цэнтральным купале сабора, былі пашкоджаны фрэскі ў барабане, месцамі былі прабіты скляпенні і сцяна. Па сведчанню В. С. Панамарова[9], які да лета 1942 года знаходзіўся ў Ноўгарадзе, агонь быў накіраваны ледзь не па самым саборы, чыя залатая макаўка служыла добрым прыцэльным арыенцірам.
У час абстрэлу было выпушчана 80 снарадаў, 5 з якіх трапілі па саборы. Пасля гэтага, па загаду нямецкага камандавання, згодна з даўно ўжо распрацаваным планам, з Ноўгарада ў Пскоў, Рыгу і Германію было вывезена мноства твораў мастацтва, сярод якіх былі таксама каштоўнасці з Сафійскага сабора: іканастасы, мазаічныя пліты і інш.[10]
Галоўны крыж сабора, які павіс на ланцугах, па загаду нямецкага каменданта горада знялі. Залатую абшыўку пашкоджанага купала нямецкія салдаты пусцілі на сувеніры (табакеркі, посуд і пад.). У Ноўгарадзе ў той час размяшчаўся інжынерны корпус іспанскай «Блакітнай дывізіі», якая ваявала на баку фашысцкай Германіі. Крыж у якасці трафея яны вывезлі ў Іспанію. У 2002 годзе па запросу губернатара Наўгародскае вобласці да пасольства Іспаніі ў Расіі было высветлена, што крыж знаходзіцца ў капліцы музея Ваенна-інжынернай акадэміі Іспаніі ў Мадрыдзе. Настаяцель кафедральнага Сафійскага сабора, архіепіскап Наўгародскі і Старарускі Леў, атрымаўшы звесткі аб месцазнаходжанні купальнага Сафійскага крыжа, пры сустрэчы з прэзідэнтам Расіі У. У. Пуціным запытаўся пра магчымасць вяртання крыжа ў Ноўгарад. У выніку перагавораў расійскага прэзідэнта і караля Іспаніі іспанскі бок прыняў рашэнне перадаць крыж Сафійскага сабора Расіі.
16 лістапада 2004 года ў Храме Хрыста Збавіцеля ён быў вернуты Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Алексію II міністрам абароны Іспаніі і цяпер размешчаны ўнутры Сафійскага сабора. Па заказу Наўгародскай адміністрацыі была зроблена дакладная копія знойдзенага ў Іспаніі крыжа. Яна перададзена іспанскаму боку замест арыгінальнага. Крыж жа, што цяпер знаходзіцца на цэнтральным купале, зроблены ў 2006 годзе і ўстаноўлены 24 студзеня 2007 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.