За кароткі час этнічны склад насельніцтва РСК значна змяніўся:
у сярэдзіне 1991 года на гэтых тэрыторыях пражывалі 469 700 чалавек, з іх палова сербы — 52,3 %, далей харваты — 35,8 % і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — 11,9 %[1]
ужо ў 1993 годзе ў РСК жылі амаль толькі сербы — 91 % (харваты — 7 %, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — 2 %), пры агульнай колькасці насельніцтва 433 600 чалавек[2].
РСК была створана ў адказ на дзеянні харвацкіх рэспубліканскіх уладаў, якія ўзялі курс на аддзяленне ад Югаславіі, і выражала імкненні сербскага насельніцтва гэтых тэрыторый застацца ў складзе Югаславіі.
Большая частка тэрыторыі РСК была занята харвацкімі войскамі ў 1995 годзе. Рэшта РСК паводле Эрдуцкага пагаднення пры дапамозе ААН была мірна інтэгравана ў Харватыю ў 1998 годзе.
Плошча РСК складала 17 040 квадратных кіламетраў[3].
Сталіцай РСК быў горад Кнін з насельніцтвам каля 12 000 чалавек. Апроч яго, іншымі буйнымі гарадамі былі Вукавар (33 000) і Петрынья (19 000).
Адміністрацыйны падзел
У РСК налічвалася шэсць гісторыка-геаграфічных рэгіёнаў, размешчаных у трох эксклавах-аўтаномных абласцях[3][4][5][6]. Асноўнай тэрытарыяльнай адзінкай была супольнасць, у якую, як правіла, уваходзілі адносна буйны населены пункт, што быў яе цэнтрам, і навакольныя сёлы, вёскі і хутары. Усяго ў складзе РСК налічвалася 28 супольнасцей[4].
Рэгіён Паўночная Далмацыя. Плошча 3450 км²[5]. Межамі Паўночнай Далмацыі з поўначы быў Вэлебіт, з усходу — Дынарскія Альпы, з поўдню — Косава-Поле і Пятрова-Поле, з захаду — Задар і ўзбярэжжа Адрыятыкі. Да гэтага рэгіёна адносіліся Кнін, Бэнкавац, Абровац, Дрніш і Задар[7].
Рэгіён Ліка. Плошча 4808 км²[5]. Межамі Лікі з поўначы быў горад Плашкі, з усходу — рака Уна, на поўдні — рака Зрманя, на захадзе — лінія Мэдак-Тэслінград. Фактычна, Ліка знаходзіцца паміж гор Вэлебіта, Плешэвіца і Мала-Капэле. У рэгіёне знаходзяцца Плітвіцкія азёры. У РСК да Лікі адносіліся супольнасці Карэніца, Доні-Лапац, Грачац і Плашкі[8].
Рэгіён Кордун. Плошча 2306 км²[5]. Межамі Кордуна былі: на поўначы — рака Купа, на ўсходзе — рака Гліна і мяжа з Босніяй і Герцагавінай, горы Плешэвіца і Мала-Капэла на поўдні і ракі Мрэжніца й Корана — на захадзе. Да Кордуну адносіліся супольніцтвы Слунь, Крняк, Вргінмост і Войніч. У эканамічным плане вылучаўся горад Тапуска[9].
Рэгіён Баня. Плошча 3456 км²[5]. Дакладныя межы гэтага рэгіёна не былі вызначаныя. У складзе Баніі былі супольнасці Гліна, Пятрыня, Кастайніца, Двор-на-ўні і частка супольнасці Цапраг[10].
Рэгіён Заходняя Славонія. Агульная плошча Заходняй Славоніі была 5062 км²[5], аднак пад кантролем РСК было ўсяго 558 км², бо восенню 1991 года харвацкія сілы правялі шэраг наступаў, узяўшы пад кантроль большую частку вобласці. Паўночнай мяжой была рака Драва, усходняй — раён супольнасцей Доні-Міхоляц і Араховіца, паўднёвай — рака Сава, а заходняй — рака Ілава. Фармальна, у складзе Заходняй Славоніі былі супольнасці Окучані, Пакрац, Дарувар, Грубышна-Поле, Падраўска-Слатына, часткі супольнасцей Выравітыца, Араховіца і Славонска-Пожэга. Аднак на практыцы РСК кантралявала толькі Окучані і частку Пакраца[11].
Рэгіён Усходняя Славонія, Бараня, Заходні Срэм. Плошча 2511 км²[5]. На паўначы межавала з Венгрыяй, на ўсходзе — мяжа з СРЮ, паўднёвая мяжа праходзіла паміж Дунаем і Савай, заходняя — уздоўж Осіека й Вінкоўцаў, якія знаходзіліся пад харвацкім кантролем. У складзе гэтай вобласці былі супольніцтвы Вукавар, Тэня, Даль, Бэлі-Манастыр, Міркоўцы і часткі супольнасцей Осіек, Вінкоўцы і Жупаня[12].
Большасць грамадзян Сербскай Краіны вызнавалі праваслаўе. Тэрыторыя РСК знаходзілася пад юрысдыкцыяй Сербскай Праваслаўнай царквы. У краіне знаходзіліся сербскія праваслаўныя храмы і манастыры. Найбольш буйнымі, старажытнымі і вядомымі з’яўляліся манастыры Драгавіч, Гомір’е, Крка, Крупа і Лепавіна. Падчас баявых дзеянняў многія сербскія цэрквы былі разбураны або значна пашкоджаны. Так у 1993 годзе харвацкія войскі разбурылі сабор Святога Мікалая і рэзідэнцыю Горнакарлавацкай епархіі. Усяго ў 1990—1995 гг. было разбурана 78 праваслаўных цэркваў[13], 96 царкоўных будынкаў, 10 могілак, адна патрыяршая рызніца, царкоўны музей, дзве царкоўных бібліятэкі і два архівы[14]. 94 царквы і 4 манастыры былі разрабаваны[14].
Харвацкая меншасць вызнавала каталіцтва. Шмат якія каталіцкія цэрквы былі таксама цалкам ці часткова разбураны сербскімі параваеннымі фармаваннямі падчас баявых дзеянняў.
Патокі бежанцаў (сербаў з Харватыі, харватаў з Босніі і Герцагавіны) прывялі да істотнай змены этна-канфесійнай карціны.
Barić, Nikica.Srpska pobuna u Hrvatskoj 1990-1995.— Zagreb: Golden marketing. Tehnička knjiga, 2005.
Davor Marjan.Oluja.— Zagreb: Hrvatski memorijalno-dokumentacijski centar Domovinskog rata, 2007.— 445p.Архівавана 31 снежня 2014.
Radelić Zdenko, Marijan Davor, Barić Nikica, Bing Albert, Živić Dražen.Stvaranje hrvatske države i Domovinski rat.— Zagreb: Školska knjiga i Institut za povijest, 2006.— ISBN 953-0-60833-0.
R. Craig Nation.War in the Balkans 1991-2002.— U.S. Army War College, 2003.— 388p.— ISBN 1-58487-134-2.
на рускай мове
Гуськова Елена.История югославского кризиса (1990-2000).— М.: Русское право/Русский Национальный Фонд, 2001.— 720с.— ISBN 5941910037.
Гуськова Е. Ю.Независимая Хорватия с независимыми сербами//Югославия в XX веке: очерки политической истории.— М.: Индрик, 2011.— 888с.— ISBN 9785916741216.