Remove ads
аграгарадок у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Пагаро́дна[1] (трансліт.: Paharodna, руск.: Погородно) — аграгарадок у Беларусі, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр Пагародзенскага сельсавета. 1009 жыхароў (2014).
Аграгарадок
Пагародна
| ||||||||||||||||||||
Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Воранава, 9 км ад чыгуначнай станцыі Бастуны, каля ракі Каменка. Аўтадарогамі злучана з Лідай, Воранавам, Радунню.
Рэльеф раўнінна-ўзгорысты, на ўсходзе штучны вадаём.
Іпацьеўскі летапіс пад 1276 годам паведамляе як князьТрайдзен прыняў да сябе прусаў, уцёклых ад уціску немцаў і пасадзіў частку іх у Гародні, аднак, на думку Алы Квяткоўскай мелася на ўвазе Горадня[2].
Маёнтак Горадня згадваецца з XV ст., да 1489 года велікакняжацкая ўласнасць ў Горадзенскім войтаўстве. У канцы XVI ст. Падгарадная маёнтка Горадна, уласнасць Падгарадзінскага, у Лідскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пазней уласнасць М. Сапегі, 12 душ сялян.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Віленскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Віленскай губернях. У сярэдзіне XIX ст. вёска таго маёнтка ў Аляксандраўскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні, уладанне графа М. Патоцкага, у 1857 г. налічвалася 39 рэвізскіх душ.
Сядзібна-паркавы ансамбль у Гародне сфармаваўся ў другой палове XVIII ст. пры ўладальніку гетману Людвіку Тышкевічу, якому маёнтак дастаўся ад бабкі Саламеі Радзівілякі. Драўляны панскі дом быў узведзены ў стылі класіцызму ў 1780 г. паводле праекта польскага архітэктара Шымана Цуга. Праз стагоддзе сядзіба належала А. Патоцкаму, потым Ігнаткевічу, а ў пачатку XX ст. — генералу К. Кандратовічу. Ад разбуранай у 1914 г. сядзібы застаўся парк і рэшткі капліцы.
Паводле перапісу ў 1870 года ў вёсцы 360 жыхароў. У 1885 годзе ў вёсцы фальварак, капліца, карчма. У 1897 г. у Падгародна 18 двароў, 132 жыхары, лаўка, заезны дом, у сядзібе 59 жыхароў, у 1908 г. — 11 двароў 154 жыхары (28 сямей), 166,3 дзесяцін зямлі, 30 коней. У маёнтку 81 жыхар.
3 1921 года Пагародна ў складзе Польшчы, у Аляксандраўскай гміне Лідскага павета, 23 двары, 138 жыхароў.
3 лістапада 1939 г. у БССР. 3 15 студзеня 1940 г. Радунскім раёне, з 12.10.1940 г. у Асаўскім сельсавеце. У 1940 годзе 143 жыхары. У маёнтку Гародна знаходзілася сядзіба Радунскай МТС (7 трактароў).
З канца чэрвеня 1941 г. да сярэдзіны ліпеня 1944 г. вёска акупавана нацыстамі.
3 20.9.1944 г. у Гродзенскай вобласці.
24.1.1945 г. на пост 10-га асобнага батальёна паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі, які размяшчаўся ля вёскі, напала каля 30 байцоў Арміі Краёвай («лясныя браты») з мэтай захапіць зброю[3]. Баявы разлік паста — 5 дзяўчат-сувязістак — некалькі гадзін вёў бой. Нападнікі ўварваліся на пост пасля таго, як 4 сувязісткі былі забіты і 1 цяжка паранена.
У 1949 г. ў былым маёнтку створаны калгас. 3 1959 г. вёска ў Воранаўскім раёне, з 1963 г. цэнтр сельсавета. У 1970 годзе 363 жыхары, швейная майстэрня, сярэдняя школа, Дом культуры, бальніца, бібліятэка, дзіцячы сад, аптэка, аддзяленне сувязі, ветучастак, сталовая, 2 магазіны.
Парк рэгулярнага тыпу закладзены ў канцы XVIII ст. Садоўнікам і стваральнікам сядзібнага парка, верагодна, быў І. Л. Кнакфус. Парк рэгулярнай сіметрычна-восевай планіроўкі, крыжападобны ў плане. Захаваўся часткова.
Цэнтрам кампазіцыі быў мураваны сядзібны дом (не збярогся), пастаўлены на невялікай тэрасе. Па падоўжнай планіровачнай восі (усход — захад) размешчаны ўязная брама ў выглядзе двух мураваных пілонаў, алея, абсаджаная дрэвамі, плошча перад домам. За будынкам знаходзяцца прамавугольны партэр і вузкі штучны вадаём, абсаджаны дрэвамі мясцовых парод. Раней перспектыву завяршала мураваная капліца (не збераглася), ад якой да партэра ішла вакол сажалкі кругавая дарожка. Па баках партэра сіметрычна размяшчаліся падзеленыя алеямі баскеты з пладовымі дрэвамі. Пасля на месцы баскетаў з’явіліся маляўнічыя паляны з дэкаратыўнымі групамі дрэў і кустоў. У паўночнай частцы парку захавалася капліца, пабудаваная ў сярэдзіне XVIII ст.
Капліца пабудавана ў сярэдзіне XVIII ст. каля палаца Людвіка Скумін-Тышкевіча (не захаваўся) як радавая пахавальня.
Помнік архітэктуры ракако. 1-нефавы аб’ём з 2-павярховай квадратнай у плане пад агульным 2-схільным дахам плябаніяй з боку апсіды. Увагнутая плоскасць галоўнага фасада раскрапавана шматслойнымі пілястрамі з ракайльнымі капітэлямі, завершана фігурным шчытом з выявай герба ўладальніка сядзібы. Уваход вырашаны паўавальным парталам, над ім — фігурны аконны праём. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі і буйнымі контрфорсамі.
Унутры прастора была перакрыта крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках, якія на сценах пераходзілі ў пілястры з ракайльнымі капітэлямі. Пластыка-дэкаратыўным акцэнтам інтэр’ера з’яўляецца пластычны алтар, кампазіцыйна падобны да галоўнага фасада будынка: пілястры з лепкай на капітэлях абрамлялі арку, над якой быў картуш з гербам уладальніка сядзібы. Над уваходам былі размешчаны хоры з выпуклай агароджай на фігурных слупах. У бакавых цыліндрычных шахтах знаходзіліся вітыя лесвіцы на хоры. Дзверы абапал алтара вялі ў калідор, а з яго — у прыбудову плябаніі з авальнымі скляпеннямі на 1-м паверсе. Пад храмам — вялікая скляпеністая крыпта.
Помнік сувязісткам на месцы бою 24.1.1945 пастаўлены ў 1975 годзе (аўтар В. Каравашкін) — вертыкальная стэла і 2 бетонныя блокі, скампанаваныя ў форме стылізаванай рымскай лічбы IV, па трохступеньчатым стылабаце. На плоскасцях стэлы і блокаў — барэльефная выява ордэна Айчыннай вайны, рэльефная выява дзяўчыны-сувязісткі і надпіс-прысвячэнне.
Прасторны аднапавярховы сядзібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся моцныя архітэктурныя акцэнты ў выглядзе рызалітаў з чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны з якіх па шырокіх бакавых пандусах уязжалі карэты. Трохкутныя франтоны порцікаў запаўнялі пластычныя разныя картушы. Архітэктурную выразнасць будынку надаваў мерны рытм высокіх простакутных вокнаў у багатых ліштвах з сандрыкамі на фоне суцэльнай рустоўкі. Унутры дом меў парадную анфіладу апартаментаў з вялізнай бальнай залай ў цэнтры. У падвале, у які вялі тарцовыя лесвіцы, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і жыллё прыслугі. Строгі і аскетычны знешні выгляд будынка значна кантраставаў з багаццем і пышнасцю інтэр’ера дома, аформленага з выкарыстаннем палатняных шпалер, стукавых панэляў, пазалочаных барэльефаў, медальёнаў, гірлянд, кветак, ваз з арнаментным роспісам, кафляных грубак і камінаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.