Remove ads
аграгарадок у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Новы Двор — аграгарадок у Беларусі, у складзе Астрынскага сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Насельніцтва 611 чал. (2001). Знаходзіцца за 30 км на паўночны захад ад Шчучына, за 36 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка; на аўтамабільнай дарозе Астрына — Радунь.
Аграгарадок
Новы Двор
| ||||||||||||||||||||||
Новы Двор — былое магдэбургскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны).
Першы пісьмовы ўспамін пра Новы Двор датуецца 1480 годам, калі тут збудавалі касцёл. У дакументах 1499 года згадваецца намеснік навадворскі. Пазней вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча ў трыманне біскупу віленскаму. У XVI стагоддзі існавалі аднайменныя каралеўскае мястэчка і двор, якія ўваходзілі ў склад Гарадзенскай эканоміі. У 1561 годзе пры правядзенні «валочнай памеры» Новы Двор перапланавалі. У гэты час тут існавалі касцёл, плябанія, Рынак (меў форму квадрата) і 8 вуліц: Васілішкаўская, Астрынская, Дубіцкая, Берштанская (Берштаўская), Касцёльная, Забалотная, Дворная, вуліца «з канца пляцаў рынкавых». Жыхары мястэчка карысталіся Магдэбургскім правам; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы, 2 разы на тыдзень — таржкі. У адпаведнасці з каралеўскай уставай жыхары з кожнага дома плацілі 2 грошы, а тыя, хто меў валокі зямлі — 3 грошы і г. д. Сярод рамеснікаў былі краўцы, шаўцы, кушнеры, кавалі, сталяры, слесары, ганчары, пекары і іншыя. Двор (сядзіба) налічваў 2 вуліцы, агароды і іншыя землі.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Новы Двор увайшоў у склад Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1749 годзе тут збудавалі новы драўляны касцёл.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Новы Двор апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Лідскім павеце Віленскай губерні. Станам на 1829 год у мястэчку было 40 будынкаў (18 хрысціянскіх і 22 іўдзейскія). Жыхары Новага Двора бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864). У сакавіку 1863 года каля мястэчка карныя расійскія войскі разбілі паўстанцкі аддзел Лідскага павета на чале з Людвікам Нарбутам. Станам на 1863 год — 62 жылыя дамы, на 1886 год — 63 двары. Паводле вынікаў перапісу (1897) існавалі касцёл, 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Новы Двор апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Шчучынскага павета Навагрудскага ваяводства. Станам на 1921 год у мястэчку было 126 будынкаў, на 1937 год дзейнічалі касцёл і царква, працавала пошта, праводзіліся таргі.
У 1939 годзе Новы Двор увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стаў цэнтрам сельсавета Васілішкаўскага раёна (з 20 студзеня 1960 года ў Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1940 год тут было 160 двароў, на 1998 год — 275, на 1 студзеня 2001 года — 258. У 1940—2013 гадах цэнтр Навадворскага сельсавета.
У Новым Двары працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.