дзяржаўная газэта Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
«Мінская праўда» — дзяржаўная газета Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1950 года Камуністычнай партыяй як орган Савета дэпутатаў рабочых Мінскай вобласці. З 1995 года выступае адным з рупараў прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Сярод заснавальнікаў газеты — Мінскі аблвыканкам .
«Мінская праўда» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
Мінская праўда[1] |
Тып | газета |
Заснавальнік | Савет дэпутатаў Мінскай вобласці |
Уладальнік | Выканаўчы камітэт Мінскай вобласці |
Краіна | |
Рэдактар | Максім Кароткін[3] |
Заснавана | 1 лістапада 1950 (73 гады таму) |
Палітычная прыналежнасць | дзяржаўная |
Мова | беларуская, руская |
Галоўны офіс | Мінск, Савецкі раён, вул. Хмяльніцкага, д. 10а |
Тыраж | 15 000 (2017 г.) |
Вэб-сайт | mpravda.by |
1 лістапада 1950 года Бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі зацвердзіла Пастанову аб заснаванні абласной газеты «Мінская праўда» у якасці органа Савета дэпутатаў рабочых Мінскай вобласці. Газета першапачаткова выходзіла на беларускай мове. З 1965 года рэдакцыя стала рыхтаваць для чытачоў у Мінску вячэрні выпуск газеты, на аснове якога ў 1967 годзе стварылі гарадскую газету «Вячэрні Мінск» (руск.: Вечерний Минск). У 1968—1972 гадах газета выдавала адмысловы выпуск пра будаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У большасці нумароў змяшчалі пастановы Выканаўчага камітэта Мінскай вобласці. Свае артыкулы ў газеце выдавалі дзяржаўныя дзеячы: старшыня Савета міністраў БССР Кірыл Мазураў (1953—1956), старшыні Мінскага аблвыканкама Дзмітрый Цябут (1964—1975) і Мікалай Сухі (1975—1983), 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў (1965—1980), старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Іван Палякоў (1977—1985), 1-ы сакратар Мінскага аблкама КПБ Уладзімір Мікуліч (1977—1985), старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Анатоль Малафееў (1996—2000) і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Карчміт (1996—2004)[4].
З 1990 года газета пачала выходзіць і па-руску. З 2003 года газету сталі выдаваць у каляровым выглядзе з адмысловым выпускам «Моладзь Міншчыны». На 2012 год газета мела звыш 20 тэматычных дадаткаў. Выданне асвятляла пытанні аховы здароўя, адукацыі, жыллёвай гаспадаркі, заробкаў, пенсій і стыпендый, дзейнасці дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіравання, захавання помнікаў і народных звычаяў, сямейных каштоўнасцей і ўжытку беларускай мовы[5]. Пазней выходзіць толькі па-руску, беларускамоўнай засталася назва.
У 2014 годзе цана месячнай падпіскі на газету складала 30 000 рублёў ($2,92). Наклад газеты «Мінская праўда» складаў 22 тыс. асобнікаў. Выходзілі тэматычныя выпускі: «Абсяг» пра ахову прыроды, «Працоўны саюз» і «Міліцэйскі патруль». Тыднёвы наклад складаў 45 тыс. асобнікаў пры выхадзе нумароў тройчы на тыдзень у аўторак, чацвер і суботу[6]. На 2017 год выходзіла двойчы на тыдзень у сераду і суботу з тыднёвым накладам у 30 тыс. асобнікаў, які быў найбольшым сярод выданняў Мінскай вобласці[7].
Пасля пачатку палітычнага крызісу 2020 года газета стала рупарам прапаганды рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Выданне публікуе абразы праціўнікаў рэжыму, параўноўвае пратэстоўцаў і дэмакратычных лідараў з нацыстамі часоў Другой сусветнай вайны[8][9].
У кастрычніку 2023 года на старонках «Мінскай праўды» прапагандыст Рыгор Азаронак назваў крымінальную справу супраць Рады БНР, заведзеную ў Беларусі, справай «на ўсіх мярзотнікаў і гандляроў сумленнем і краінай, што здрадзілі вялікім продкам. Крымінальная справа на Бураўкіна, Алексіевіч і Быкава. Крымінальная справа на Шушкевіча. Гэтая крымінальная справа на ўсё нацысцка-юдава гняздо, якое вылезла з чорнай плямы Гарбачова»[10].
У час палітычнага крызісу, выкліканага фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіццем і катаваннем затрыманых пратэстоўцаў, Каталіцкі касцёл у Беларусі, які рашуча выступіў супраць гвалту, падвергся пераследу і атакоўваўся дзяржаўнай прапагандай. У нумары 68 ад 7 верасня 2021 года на першай старонцы газеты надрукавалі карыкатуру на каталіцкіх святароў і беларускую нацыянальную сімволіку, якой праілюстравалі анонс артыкула прапагандыста Льва Крыштаповіча «Што хвалюе ў Беларусі каталіцкіх дзеячаў і іх польскіх куратараў?» (руск.: «Что волнует в Беларуси католических деятелей и их польских кураторов?»). На малюнку выяўляюцца каталіцкія святары у характэрным адзенні, свастыка, бела-чырвона-белы сцяг і словы беларускага хрысціянскага гімна «Магутны Божа» на фоне перакручанай рэплікі абраза росіцкіх пакутнікаў — святароў, якія падчас Другой сусветнай вайны разам са сваімі вернікамі прынялі смерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак мае подпіс на рускай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные…». Пры гэтым іншы матэрыял на тытульнай старонцы мае назву, якая адсылае ў часы нацысцкай Германіі: «У чым меў рацыю Гебельс?» (руск.: «В чем был прав Геббельс?»). Беларускі каталіцкі касцёл даў афіцыйны адказ на гэтую публікацыю[11]:
Рымска-Каталіцкі Касцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальванне варожасці ў беларускім грамадстве да Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва да яго іерархаў і прэсвітараў. Гэтая публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуццям вернікаў Каталіцкага Касцёла. Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасці да фашызму і нацызму, што з’яўляецца свядомым і зламысным перакручваннем праўды, паклёпам і абразай». |
Раней прэс-сакратар Беларускага каталіцкага касцёла айцец Юрый Санько адзначыў, што згаданая карыкатура зневажае хрысціянскі крыж, што абражае ўсіх хрысціян прапагандай нацысцкай сімволікі[12].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.