Іслам
монатэістычная рэлігія From Wikipedia, the free encyclopedia
Ісла́м, мусульманства або магаметанства — сусветная монатэістычная рэлігія, прадстаўнікі якой вераць у аднаго Бога — Алаха і прызнаюць Муха́мада (Магаме́та; пасля згадкі імя мусульмане і некаторыя немусульмане кажуць фразу «мір яму») апошнім прарокам Алаха, які перадаў волю Алаха людзям. Самая хуткарослая, другая па колькасці рэлігія свету, кожны пяты жыхар Зямлі — мусульманін.
Узнікненне
Назва «іслам» у перакладзе з арабскай мовы азначае «выкананне божай волі», «пакорлівасць», а тэрмін «мусульмане» (му слім) азначае літаральна «мы іслам», «мы тыя, хто выконвае божую волю». Іслам мае сістэму рэлігійных правіл жыцця. Заснавальнікам ісламу лічыцца Мухамад, поўнае яго імя па-арабску гучыць прыкладна як Мухамад ібн аль Алах. Нарадзіўся Мухамад прыкладна ў 571 годзе ў Мецы на Аравійскім паўвостраве. Паходзіў з адносна беднага роду Кураджытаў. Рана страціў бацькоў, выхоўваўся дзядзем Абу Талібам, які займаўся гандлем. Прыкладна на 24-ым годзе жыцця Мухамад пачаў працаваць на багатую ўдаву Хадзіджу (Хэдзіджу) і паступова зрабіўся кіраўніком яе гандлёвых спраў. Пазней Мухамад ажаніўся з ёй, што моцна павысіла яго статус у грамадстве.
Прыкладна ў 610 г. Мухамад, знаходзячыся ў пустыні каля гары Гіра (Хіра), убачыў нейкую нябесную істоту, якая з ім размаўляла. Спярша Мухамад вагаўся, не ведаючы, хто гэта. Калі істота з’явілася другі раз, то Мухамад паверыў, што гэта анёл Джабраіл (арханёл Гаўрыіл) аб’яўляе яму праўду пра Бога. З таго моманту Мухамад расказвае пра сваю шчыроту. З 614 г. яго казанні выходзяць па-за межы яго роду, але яны не карыстаюцца папулярнасцю. Частка слынных родаў паверыла Мухамаду. Падтрымку яму выказаў Амар. Той абвяшчае:
- Адзінасць Бога і неабходнасць падпарадкавацца яго волі.
- Адказнасць перад Богам за ўчынкі і надыход Апошняга дня.
Каля 619 г. памірае Хадзіджа. Адзін з братоў Мухамада пазбаўляе яго права на частку спадчыны, у гэты ж час памірае Абу Таліб. У выніку гэтага Мухамад пазбаўляецца апекі роду Хадзіджы і ў 622 г. вымушаны ўцякаць у аазіс Ясрыб (Ясра), што знаходзіцца за 450 км ад Меккі. Пазней, калі мусульнства ўмацуе пазіцыі сярод насельніцтва Аравіі, гэтае паселішча стане называцца Медзіна (па-арабску — Медзінет-он-небіййі, што значыць «горад прарока»). Уцёкі ў Медзіну (хіджра, геджра) цяпер з’яўляюцца пачаткам летазлічэння мусульман. Паступова Мухамад канцэнтруе ў сваіх руках духоўную і свецкую ўладу ў Медзіне. У 623 г. ён змяніў кіблу (кірунак падчас малітвы) у бок Меккі і ўвёў пост у месяц Рамадан. Гандлёвыя караваны з Меккі абкладаюцца падаткамі, рабуюцца. Прыкладна ў 623—624 гг. жыхары Меккі збіраюць войска і выходзяць у бок Медзіны. Мухамад з меншым войскам перамог, што спрыяла ўзрастанню ўплыву мусульманства. У 630 г. Мухамад захоплівае Мекку, арабскія плямёны адно за адным пераходзяць у іслам. У 632 г. Мухамад памірае, яго магіла знаходзіцца ў Медзіне.
Догматы веры
- Бог адзіны. Вядомыя 99 імён Бога (Алаха), якія паказваюць на яго рысы і якасці.
- Існуюць анёлы. Анёлы ўзнікаюць са святла, яны могуць дапамагаць людзям і перадаваць інфармацыю. Вядомыя імёны некаторых з іх. Два анёлы (анёлы-ахоўнікі) заўсёды знаходзяцца ля чалавека. Адзін з іх запісвае яго добрыя ўчынкі, а другі — дрэнныя. Чалавек вышэй за анёлаў. Ібліс (шайтан) — анёл, які шкодзіць чалавеку.
- Святыя кнігі: Тора, Евангелле, Псалмы і Каран.
Каран — слова Божае, яўленае Мухамаду, які не з’яўляецца ані яго аўтарам, ані яго рэдактарам, але праўдзіва перадае Каран людзям. Пры жыцці Мухамада Каран перадаваўся вусна, а пасля яго смерці быў запісаны. Мусульмане чытаюць і вывучаюць Каран на арабскай мове, пераклады на іншыя мовы прызнаюцца як тыя, што толькі перадаюць сэнс. Апрача Карану Божае слова перадаюць іншыя кнігі, але з памылкамі: Тора (аль Таўрай), Псалтыр Давіда (Аззабур), Евангелле (аль Інджыр).
- Вера ў пасланцоў Алаха (ад Адама да Мухамада).
Усяго вядомыя 28 пасланцоў Бога да людзей, поўную іх лічбу ведае толькі Алах. Першы пасланец — Адам, апошні — Мухамад. Вядомыя асобы сярод іўдзеяў і хрысціян: Ной, Аўрам, Муса (Майсей), Іса бен Марыям (Ісус Хрыстос) і іншыя. Паводле ісламу, Іса быў месіям, божым словам, духам ад Алаха. Алах удыхнуў свой дух у Марыю (Мірыям), і яна нарадзіла Ісу. Ён прыйдзе перад днём Страшнага Суда (Судным Днём), каб перамагчы д’ябла і самому памерці.
- Вера ў Канец Свету і дзень Страшнага Суду.
- Вера ў васкрашэнне памерлых.
Смерць — гэта вяртанне да Алаха, падчас яе анёл смерці адсякае душу чалавека ад цела. Памерлыя чакаюць моманту Страшнага суду ў месцы часовага перабывання (аль араф). Усе людзі памруць у гэты дзень, каб стаць перад судом, паводле якога чалавек трапіць у рай або ў пекла. Пекла — стан вечных пакут, неба — вечнага шчасця.
Пяць рытуальных абавязкаў (калон) у ісламе
- Вызнанне веры ў адзінага Бога (шахада).
- Рытуальныя малітвы (салат, намаз).
- Пост (саўм).
- Міласціна (закят).
- Пілігрымка да Меккі (хадж).
Кожны дарослы мусульманін павінен маліцца пяць разоў на дзень. Каран кажа пра тры моманты для малітвы: світанне, захад сонца, ноч. Пазней да іх далучаецца малітва апоўдні і пасля паўдня. Малітва мае адбывацца ў чыстым месцы. Каб выканаць гэтае прадпісанне, часта той, хто моліцца, падсцілае пад сябе невялікі дыван. Падчас малітвы чалавек павінен быць у стане рытуальнай чысціні, таму перад ёй робіць абмыванне.
Да малітвы ў мусульманскіх краінах заклікае голасам спецыяльна падрыхтаваны чалавек — муэдзін, робячы гэта з мінарэта. Молячыся, мусульмане абарочваюцца ў бок Меккі. У мячэцях (дамах для малітвы) гэты кірунак спецыяльна пазначаецца (напр., зоркай). Малітва ў мусульманстве (намаз) выглядае наступным чынам:
- шахада («Няма Бога апрача Алаха, і Мухамад — пасланец Яго»).
- намер: басмала («У імя Алаха літасцівага, міласэрнага»), да якой дадаецца якая-небудзь просьба.
- цытаты з Карана.
Малітва суправаджаецца адпаведнымі жэстамі.
У пятніцу апоўдні мусульмане-мужчыны павінны сустрэцца ў мячэці. Імам (мула) узначальвае малітву. Пасля малітвы ён кажа казань, судзіць паводле сунаў. У мячэцях жанчыны займаюць адпаведнае месца або, калі мячэць малая — за спінамі мужчын. З мужчынамі моляцца хлопчыкі з 13 (12) гадоў.
Пост абавязковы для мусульманіна ў месяц рамадан (рамазан) — адзін з месяцаў паводле месяцовага календара. У гэты месяц устрымліваюцца ад ежы, піцця, палення. Пост працягваецца ад усходу да заходу сонца, у іншы час посту няма. Ад паста вызваляюцца хворыя, падарожныя, састарэлыя людзі. Мусульмане, як і яўрэі, не ядуць свініны.
Кожны мужчына-мусульманін павінен здзейсніць прынамсі раз у жыцці пілігрымку да святыні Кааба ў Мецы. Калі няма магчымасці, то некалькі чалавек могуць кагосьці аднаго ад іх супольнасці выправіць у гэты шлях. Той, хто здзейсніў паломніцтва ў Мекку, атрымлівае тытул аль-хадж, ён нібы вызваляецца ад усіх грахоў і знаходзіцца адной нагой у раі.
Джыхад традыцыйна ўспрымаецца як вайна з нявернымі («святая вайна») і сумяшчаецца з тэрмінам «газават». Аднак у больш шырокім сэнсе джыхад лічыцца намаганнем, накіраваным на супраціўленне і змяненне. Вялікі джыхад — барацьба з самым сабою, са сваімі слабасцямі, супраць грахоў і дзеля падвышэння маральнага ўзроўню грамадства. Малы джыхад, «мяча» — абарончая і паўстанцкая вайна з ворагамі ісламу — акупантамі і тыранамі, а таксама супраць падману і дзейнасці «джыхадзістаў» — праварадыкальных тэрарыстычных арганізацый.
Святы
Ід-аль-адха (Курбан Байрам) — адбываецца на заканчэнне хаджа ў Мецы. Успамінаецца складанне ў ахвяру Ізмаіла Аўраамам. Прыносяцца ў ахвяры жывёлы (бараны, вярблюды і інш.) пры мячэцях, мяса раздаецца бедным.
Ід-аль-фітр — на заканчэнне месяца Рамадан. Складаюцца ахвяраванні, мусульмане ходзяць у госці і робяць падарункі.
Маўліт-ібн-намі — нараджэнне прарока Мухамада. Некаторыя мусульмане мяркуюць, што ён прыносіць дабраславенне.
Аль-мірадж — успамін нябеснага падарожжа Мухамада, калі анёл узяў яго з гары і перанёс у Ерусалім. Свята мае «хатні» характар.
Святыя кнігі
Каран — асноўная святая кніга мусульман, аднак боганатхнёнымі таксама прызнаюцца Таўрат Мусы, Забур Даўда і Інджыль Ісы. Таму іўдзеі і хрысціяне лічацца не паганцамі, з якімі трэба весці джыхад, а людзьмі Пісання.
Распаўсюджванне ісламу
Пасля смерці Мухамада ўзнікаюць спрэчкі ўнутры ісламу, бо прарок не вызначыў свайго спадкаемцу. Найбольшая спрэчка тычыцца пытання, ці мае права на кіраванне ўладар, які не выконвае наказаў ісламу. Гэтая спрэчка адбылася паміж пераемнікам Мухамада і яго зяцем каліфам Алі, і губернатарам Сірыі — Муавіджы. Алі адмовіўся падпарадкоўвацца такому ўладару, Муавіджы з ім не згадзіўся. Гэта прывяло да мясцовай вайны, у выніку якой Алі згадзіўся, што спрэчныя пытанні могуць вырашаць свецкія арбітры, раней гэта рабіў каліф. Гэта прывяло да падзелу ў лагеры Алі.
Традыцыяналісты — харыджыты. Лічаць, што трэба літаральна выконваць усё, што напісана ў Каране. Цяпер харыджыты — гэта тыя, хто судзіць па законе шарыяту (талібы, маджахеды і інш).
Суніты — галоўны кірунак у ісламе.
Шыіты — прыхільнікі каліфа Алі. Паводле іх, узначальваць супольнасць могуць толькі нашчадкі Мухамада. Унутраныя спрэчкі пра тое, у якім кірунку ідзе лінія Алі, прывялі да падзелу на:
- Імамітаў — прыхільнікаў 12-ці імамаў, нашчадкаў Алі, апошні з іх, 12-ты, знік.
- Ізмаілітаў — сямі імамаў, апошні — Ізмаіл.
Шыіты змагаюцца з сунітамі.
Нурджыты — лічаць, што калі чалавек склаў вызнанне веры («Няма Бога апрача Алаха…»), то ён ужо мусульманін, і далей не важна, як ён жыве.
Харджыты — лічаць, што калі чалавек не выконвае законаў Алаха, то ён можа быць выгнаны з супольнасці або пакараны смерцю.
Кадары — лічаць, што калі чалавек не жыве паводле мусульманскіх прынцыпаў, то можа вярнуцца да супольнасці.
Харызім — мусульманскія містыкі.
Выбітныя багасловы
Гл. таксама
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.