Цела выцягнутае, стройнае, гладкае, даўжыня да 22 см, маса да 36 г. Самцы буйнейшыя за самак. Грудныя плаўнікі вялікія, акругленыя; адзнака палавога дымарфізму — аснова анальнага плаўніка ў самцоў уздутая. Луска дробная. У полаваспелых самцоў луска па бакавой лініі і па баках бруха падоўжаная і тырчаць канцамі вонкі, утвараючы валікі з шчаціністай паверхняй. Спіна аліўкава-зялёная, бакі і бруха серабрыста-белыя, з дробнымі бурымі крапінкамі, плаўнікі шэрыя з чорнай аблямоўкай. Вочы вялікія. Ніжняя сківіца выдаецца наперад. Ротавая шчыліна шырокая, зубы слаба развіты. Самцы зграбнейшыя і з больш вострай пысай.
Нерастуе ў моры недалёка ад берага, на пясчаных водмелях і банках з сакавіка па кастрычнік. Плоднасць ад 6 да 40 тыс. ікрынак; ікра донная, клейкая. Жыве каля 5 год. Звычайна рыбіны гінуць пасля нерасту.
Служыць пажывай марскім жывёлам: рыбам, цюленям, кітам, а таксама птушкам.
Аб’ект промыслу. Выкарыстоўваецца рыбаловамі як прынада. Сушаная мойва — традыцыйная страва ў Грэнландыі.