From Wikipedia, the free encyclopedia
Леў Мікалаевіч Рымі́нскі (19 мая 1913, г. Зарасай, цяпер Літва — 3 снежня 1971) — савецкі архітэктар.
Нарадзіўся ў 19 мая 1913 года ў г. Зарасай у сям’і афіцэра царскай арміі. У сувязі са службай бацькі сям’і даводзілася шмат пераязджаць, а пасля яго смерці злучыцца з сям’ёй сваякоў. Стрыечная сястра Льва, вядомая кінаактрыса Таццяна Акунеўская , з якой яны выраслі разам, успамінала пра яго так: «…Лёвушка быў самавітым, сарамлівым, марудлівым. Яго трэба было абараняць — пакуль ён паварочваўся, яму разбівалі нос»[1].
У Астахавых, знаёмых па Смаленску, Таццяна і Леў пазнаёміліся з архітэктарам Міхаілам Паруснікавым, які, убачыўшы ў хлопца здольнасць да лепкі і малявання, параіў паступаць у Маскоўскі архітэктурны інстытут, але спачатку пайсці працаваць памочнікам дзясятніка на будоўлю[1].
Вучыўся ў 1933—1938 гадах у Маскоўскім архітэктурным інстытуце[2]. Па начах разгружаў дровы[1].
Увесну 1938 года, быўшы студэнтам пятага курсу, Леў Мікалаевіч быў рэпрэсаваны за анекдот, расказаны ў інстытуцкай курыльні. Быў асуджаны за антысавецкую агітацыю і адпраўлены на пяць гадоў у лагер на Мядзведжай Гары ў Карэльскай АССР, дзе размяшчалася ўпраўленне Беламорканала. У сярэдзіне Вялікай Айчыннай вайны лагер перавялі ў Пячорлаг у Абезі (Комі АССР). Тут Рымінскі працаваў памочнікам прараба, будаваў дамы начальнікам, лазню, клуб. Таццяна Акунеўская, якая ўзімку 1939 года наведала брата ў Мядзведжагорску, пісала: «У вачах смутак, горкая ўсмешка і сівыя віскі, хоць яму толькі 24 гады!». Пасля заканчэння тэрміну ў 1943 годзе яму, на падставе таго, што ідзе вайна, не далі дазволу на выезд з Абезі[1].
З лютага 1943 года працаваў мастаком у Тэатры Пячорскага чыгуначнага будаўніцтва. Адзін з вязняў абезскага лагера Ясны ўспамінаў: «Бракавала палатна, матэрыялу для дэкарацый, фарбаў. Але лагер не мог адняць густ у аднаго з таленавітых выпускнікоў Маскоўскага архітэктурнага інстытута Лёвы Рымінскага. Ён літаральна згаладаўся па творчай працы. Цудоўнае спалучэнне ўмоўнасці, часам гратэску, некалькі рэалістычных мазкоў — і лёгка, вытанчана ствараецца фон, на якім разгортваецца дзеянне». Рымінскі стварыў дэкарацыі да спектакля «Мадэмуазель Нітуш» Эрвэ, пастаўленаму ў 1945 г. Разам з мастаком Васілём Пракошавым ён афармляў канцэртныя праграмы і стаў ініцыятарам адкрыцця выстаўкі мастакоў у Абезі[1].
Улетку 1945 года ў Сыктыўкары адкрылася Рэспубліканская мастацкая выстаўка, на якой быў прадстаўлены і Л. М. Рымінскі. Сярод выстаўленых прац: «Партрэт маці», «Крыгаход на Усе», «Каля Абезі», «каля станцыі Уса», «Буравая свідравіна», а таксама пяць эскізаў да аперэты «Мадэмуазель Нітуш» і адзін да спектакля «Простая дзяўчына». Эцюд «Буравая свідравіна» быў перададзены ў Мастацкі музей Комі АССР, дзе захоўвацца дагэтуль[1].
Працаваў таксама ў гарадах Пожва Пермскай вобласці, Варкута Комі АССР[2].
У 1946 годзе пры садзейнічанні М. П. Паруснікава вярнуўся ў Маскву. У 1947 годзе па пратэкцыі таго ж Паруснікава, які з’яўляўся ў той час магістральным архітэктарам Мінска, пераведзены ў сталіцу Беларусі[1]. Увесну 1945 года пачалося ўзвядзенне будынка КДБ і тэатра (цяпер вядомы як клуб імя Дзяржынскага; арх. М. П. Паруснікаў і Г. П. Баданаў), але Паруснікаў заявіў тагачаснаму кіраўніцтву, што будынак немагчыма пабудаваць без архітэктара, які б увесь час курыраваў будоўлю, але ён можа прылятаць у Мінск не часцей, чым раз на месяц, і што ў яго такі архітэктар ёсць — адзін з яго найлепшых і ўлюблёных вучняў Леў Рымінскі, а на яго асуджанасць, у выглядзе выключэння, можна не зважаць[1].
Працаваў архітэктарам у Дзіпрагары. У 1947 годзе скончыў БПІ[2], паспяхова абараніўшы ў якасці дыпломнага праект аднаўлення галоўнага корпуса БПІ, які быў прыняты да будаўніцтва. Органамі дзяржбяспекі яму было адмоўлена ў мінскай прапісцы[1]. У 1949 годзе пераведзены ў Магілёў, галоўны архітэктар Магілёўскага філіяла інстытута «Белдзяржпраект»[2].
У 1953 годзе, пасля смерці Сталіна, перавёўся ў Мінск, дзе актыўна займаўся праектнай і навуковай дзейнасцю. Член Саюза архітэктараў СССР з 1953 года. Галоўны архітэктар праектаў інстытута «Белдзяржпраект»[1]. 14 лістапада 1955 года быў цалкам рэабілітаваны[1].
У 1958—1961 гадах галоўны архітэктар Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН Беларусі, з 1961 галоўны архітэктар інстытута «Белпрампраект», з 1963 выкладчык БПІ, дацэнт.
Пахаваны на мінскіх Чыжоўскіх могілках[3].
Асноўныя работы: адміністрацыйны будынак (1939—1940, у сааўтарстве) і чыгуначны вакзал (1940—1941) у Мядзвежагорску, галоўны корпус Беларускага політэхнічнага інстытута (1946—1948), тыпавыя праекты жылых дамоў серый 1-414 (1955[4]), 434 (1957[4]), 1-433 (усе 1956—1957)[2], 53-кватэрны (1953) і 48-кватэрны (1957) жылыя дамы з буйных элементаў[4], санітарна-кантрольны пункт завода лічыльных машын (1965—1967), генеральная рэканструкцыя станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава (1963; усе ў сааўтарстве) у Мінску; жылыя 48-і 143-кватэрныя дамы (1951—1955) і праект рэканструкцыі цэнтра (1963, у сааўтарстве) у Магілёве; карпусы завода «Электрапрылада» ў Брэсце (1961—1962, у сааўтарстве); гасцініца ў Оршы (1955—1959); помнік Я. Купалу ў Радашковічах (1959)[2].
1-я прэмія за помнік Я. Купалу ў Мінску (1957) і 2-я прэмія за помнік Героям Брэсцкай крэпасці (1956) на рэспубліканскіх конкурсах[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.