Саа́мы (саманазвы: Sámit, са̄мь; старыя назвы руск.: Лопь, лопари, фінск.: Lappalaisiksi, шведск.: Lappar, нарв.: Lapper) — фіна-вугорскі народ, карэннае насельніцтва Скандынаўскага і Кольскага паўастравоў. Насяляюць землі ў Нарвегіі (37 890 чал. у 2011 г.[1]), Швецыі (каля 20 000 у 2009 г.[2]), Фінляндыі (9 350 чал. у 2009 г.[3]) і Расіі (1771 чал. у 2010 г.[4]). Саамская дыяспара існуе ў ЗША і некаторых іншых краінах. У 2009 г. на Беларусі жыло 2 чалавекі, якія вызначалі сваю этнічную тоеснасць як саамы[5].

Хуткія факты Агульная колькасць, Рэгіёны пражывання ...
Саамы
(sámit, са̄мь)
Thumb
Саамская сям'я, пачатак XX ст.
Агульная колькасць каля 135 - 140 тыс. чал.
Рэгіёны пражывання  Нарвегія — 37 890 (2011 г.)

 Швецыя — каля 20 000 (2009 г.)
 Фінляндыя — 9 350 (2009 г.)
 Расія — 1771 (2010 г.)

Мова саамскія мовы
Рэлігія шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы фіны, карэлы, комі
Закрыць

Паходжанне

Продкі саамаў — людзі, якія выраблялі тэкстыльную кераміку, яны пачалі перамяшчацца з прарадзімы ўральскіх моў (сярэдняга і верхняга цячэння Волгі) на паўночны захад у другой і трэцяй чвэрцях другога тысячагоддзя да н. э. Групоўкі выкарыстоўвалі старажытныя рачныя шляхі на поўначы Расіі, якія ўжываліся тысячагоддзямі. Члены гэтых лінгвістычна заходне-уральскіх груп, якія апынуліся ў Азёрным краі ўнутранай Фінляндыі, пазней сталі саамамі[6]. Яны дасягнулі цэнтральнай Фінляндыі, магчыма, прыблізна за 1600 ці 1500 гадоў да н. э.[7]. Зыходзячы з распаўсюджанасці тэкстыльнай керамікі, члены гэтых абшчын, якія першапачаткова размаўлялі на адной мове, таксама заставаліся паміж Карэліяй, Ладагай і Ілмаярві, а яшчэ далей на ўсход і паўднёвы ўсход[6].

Прарадзіма саамскай мовы знаходзіцца ў раёне на поўдзень ад Ладагі і Анежскага возера. У гэтым раёне знойдзены самыя паўднёвыя тапонімы саамскага паходжання, а словы-запазычанні з моў, калісьці распаўсюджаных у гэтай мясцовасці, ёсць у рэканструяванай старажытнай саамскай мове. Мяркуючы па запазычаннях, саамы мелі кантакты са скандынавамі, якія ў той час перасяляліся ў гэтую мясцовасць і размаўлялі на германскіх дыялектах, а таксама з носьбітамі фінскай мовы, якія знаходзіліся на тэрыторыі цяперашняй Эстоніі. Карэнныя саамы таксама кантактавалі з невядомымі, вымерлымі групамі, якія размаўлялі на паўночна-еўрапейскіх мовах[8].

Прыблізна ў пачатку нашай эры мова саамаў распаўсюдзілася з мясцовасці на поўдзень ад Ладагі і Анежскага возера на паўднёвае ўзбярэжжа Фінляндыі і ва ўнутраную Фінляндыю, выцесніўшы некалькі старажытных моў, на якіх раней размаўлялі ў гэтым рэгіёне. Карэнныя саамы, магчыма, мелі нейкую статусную перавагу, калі сутыкаліся мовы, і таму носьбіты іншых мясцовых моў з цягам часу змянілі сваю мову на саамскую[8]. Лінгвіст Антэ Айкіё выказаў здагадку, што саамы распаўсюдзіліся на поўнач Фенаскандыі ў дарымскі жалезны век (каля 650 — 0 да н.э.)[9][10]. Па меры распаўсюджвання мовы ў Фінляндыі і Скандынавіі яна распалася на некалькі розных дыялектаў. Пазней гэтыя дыялекты ператварыліся ў сучасныя саамскія мовы[8]. Зыходзячы з генетычных бацькоўскіх ліній, можна выказаць здагадку, што, калі продкі фіннаў прыбылі ў Фінляндыю з Эстоніі, то большасць продкаў саамаў паўднёвай Фінляндыі не мігравалі ў іншае месца, а змянілі сваю мову на балтыйска-фінскую[11].

У сярэднявеччы саамы перасяляліся ў цэнтральную Фінляндыю і ўсходнюю Карэлію. У XVI стагоддзі саамы з’явіліся ў Паўночнай Савоніі, у XVIII стагоддзі — у Куусама. Аднак на ранняй стадыі галоўным напрамкам перасялення саамаў стаў рух на поўнач, дзе яны сутыкнуліся з носьбітамі невядомай мовы, якія пасяліліся ў тым рэгіёне на тысячы гадоў раней, калі ледніковы перыяд адышоў. У сучасных саамскіх мовах аб гэтым сведчаць запазычаныя словы, якія не знаходзяць адпаведнікаў у продкавых формах ніводнай з вядомых моў[12].

У наш час існуе некалькі груп саамаў, фактычна адасобленых адна ад адной.

Традыцыйная культура

Доўгі час галоўнымі заняткамі саамаў з’яўляліся паляванне і рыбалоўства. Палявалі на працягу ўсяго года з дапамогай зброі і пастак. З канца сярэднявечча важную ролю адыгрывала паляванне на футравых звяроў, паколькі футра стала каштоўным таварам для развіцця гандлю. Рыбу лавілі пераважна з берага. Некаторыя групы саамаў спецыялізаваліся на лове ў рэках і азёрах, іншыя — на марскім узбярэжжы. У мінулым рыба складала асноўны рацыён у летнія месяцы. На марскім узбярэжжы таксама палявалі на ластаногіх. Збіральніцтва забяспечвала ядомымі травамі і карэннем, яйкамі птушак.

Відавочна, трыманне паўночных аленяў існуе з эпохі жалезнага веку і першапачаткова мела дапаможны характар. Традыцыйна пастухі клапаціліся пра статак толькі ў халодныя месяцы, а ўлетку адпускалі на вольны выпас. У XVII ст. з распаўсюджаннем на поўначы дзяржаўнай улады і скарачэннем колькасці футравых звяроў сітуацыя змянілася. Скуры аленяў сталі галоўным таварам для гандлю і выплаты падаткаў. Гэта вымушала саамаў павялічваць статкі і мяняць лад жыцця на паўкачавы[13]. Алені з’яўляліся крыніцай забеспячэння мясам, малаком, скурамі. Аленяў шырока ўжывалі для транспартыроўкі. У месцах, дзе вяліся горныя работы, перавоз грузаў на аленях быў падатковым абавязкам або магчымасцю падзарабіць. У 1887 г. на Кольскі паўвостраў перасяліліся комі, якія распаўсюдзілі сярод мясцовага насельніцтва перагонны метад аленегадоўлі.

Паўкачавы лад жыцця вымушаў саамаў мець сталыя зімовыя жытлы, якія будаваліся на мяжы тундры і лясной зоны, а таксама часовыя летнія. Да XVIII ст. найбольш распаўсюджаным тыпам сталага жытла была вежа — канструкцыя ў выглядзе ўсечанай піраміды. Яе каркас ладзіўся з драўляных жэрдак, сцены — з дзёрну. Падлога высцілалася галінамі і скурамі. У цэнтры рабіўся агмень з камянёў. У Скандынавіі вежы мелі конусападобную форму, будаваліся з бярвенняў[14][15]. Пазней з’явіліся аднакамерныя бярвеністыя хаты тупа. Распаўсюджаная часовая летняя пабудова — конусападобны шацёр кувакса, які накрываўся чахлом з аленевых cкур.

Асновай сацыяльнай арганізацыі была сііда — тэрытарыяльная абшчына, якая кантралявала эксплуатацыю ўгоддзяў і рэгулявала міжсямейныя адносіны. З XIX ст. большасць сем’яў малыя нуклеарныя. Главой сям’і лічыўся мужчына.

Саамы маюць багаты вусны фальклор — казкі, легенды, міфы. Існуе традыцыя эпічных распеваў пад музыку ёйк[16]. Эпас саамаў быў упершыню запісаны і апублікаваны ў XIX стагоддзі. У другой палове XX ст. з’явілася прафесійная літаратура на саамскіх мовах. У 1987 г. у Нарвегіі быў зняты першы мастацкі поўнаметражны фільм Ofelaš на саамскай мове[17].

Рэлігія

Да канца XVIII ст. сярод саамаў была распаўсюджана традыцыйная рэлігія, для якой былі характэрны шанаванне багоў і духаў прыроды, а таксама духаў наайды — пасрэднікаў паміж людзьмі і багамі. Ад Скандынавіі да Паўночнага Урала сустракаюцца сейды[18] — мегалітычныя пабудовы саамаў, што, верагодна, ствараліся як тэрытарыяльныя або родавыя месцы шанавання. У саамскім фальклоры фігуруюць міфічныя істоты, накшталт небяспечных волатаў стала і вадзянікаў цьецьеэлмай. Арганізацыю рытуалаў праводзілі шаманы.

Хрысціянізацыя саамаў пачалася толькі ў XVI ст. З аднаго боку ёй займаліся лютэранскія місіянеры, якіх падтрымлівалі дацкія і шведскія ўлады, з другога — праваслаўныя манастыры[19][20]. У наш час большасць вернікаў-саамаў спавядае хрысціянства.

Саамы ў Нарвегіі

Thumb
Будынак саамскага парламента ў Нарвегіі

Больш за палову ўсіх саамаў свету жывуць на тэрыторыі Нарвегіі, пераважна ў правінцыях Фінмарк, Нурлан і Тромс. Яны падзяляюцца на 3 групы: так званых горных або паўночных саамаў, лульскіх саамаў і паўднёвых саамаў. Апошнія дзве групы вельмі блізкія па культуры і мове да саамаў суседняй Швецыі, падтрымліваюць з імі шчыльныя стасункі, традыцыйна займаюцца аленегадоўляй.

Паселішчы продкаў саамаў на поўначы Скандынаўскага паўвострава з’явіліся шмат тысячагоддзяў таму. Яны сяліліся ўздоўж фіёрдаў, вусцяў рэк і ў гарах, дзе займаліся пераважна рыбалоўствам і паляваннем. З XVII ст. сярод саамаў распаўсюдзілася камерцыйная аленегадоўля.

Кантакты паміж продкамі сучасных нарвежцаў і саамаў мелі даўнюю гісторыю, адлюстраваны ў скандынаўскіх сагах, пісьмовых крыніцах і вуснай народнай творчасці саміх саамаў. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што паміж нарвежцамі і саамамі адбываліся як ваенныя сутычкі, так і гандлёвыя і шлюбныя зносіны[21]. З эпохі сярэднявечча нарвежскія каланісты паступова асвойвалі саамскія тэрыторыі ўздоўж берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. У мінулым лічылася, што гэты працэс уключаў асіміляцыю саамаў старажытнымі нарвежцамі. Аднак сучасныя даследаванні выявілі, што генетычная спадчына нарвежцаў і саамаў Нарвегіі значна адрозніваецца[22]. Мяркуецца, што нарвежская каланізацыя паступова ізалявала саамаў ад узбярэжжа, вымушала іх пераходзіць да качавога ладу жыцця. Нарвежскія манархі імкнуліся збіраць з саамаў даніну.

Дагаворы 1751 г. са Швецыяй і 1826 г. з Расіяй вызначылі межы Нарвегіі на поўначы і распаўсюдзілі ўладу нарвежскай дзяржавы на значную групу саамаў, да якой перыядычна далучаліся саамы-мігранты з Фінляндыі і Кольскага паўвострава. Нарвегія прызнавала правы саамаў і абавязвалася абараняць іх. Нарвежскія ўлады і лютэранская царква праводзілі палітыку асіміляцыі паўночных тубыльцаў праз хрысціянізацыю і распаўсюджванне адукацыі на нарвежскай мове[23]. Ужо ў XIX ст. практычна знікла традыцыйная рэлігія саамаў. Але палітыка асіміляцыі не заўсёды мела поспех, паколькі існавалі групы саамаў, што захоўвалі адрозны лад жыцця і сваю тоеснасць.

З пачатку XX ст. фарміруецца нацыянальны рух саамаў Нарвегіі[24]. Яго першы этап ахапіў 19041912 гг., калі паўночная і паўднёвая групы саамаў выступалі самастойна і адстойвалі пераважна эканамічныя правы. У гэты час з’явіліся сродкі масавай інфармацыі, разлічаныя менавіта на саамаў. У 1917 г. у Тронхейме адбыўся першы адзіны кангрэс саамскага народа, на якім таксама прысутнічалі прадстаўнікі з Швецыі. У 19191921 гг. дзейнічала Цэнтральная рада саамі. Яна высоўвала патрабаванні пашырэння палітычных правоў і ўсталявання нацыянальнай аўтаноміі. Аднак пасля 1925 г. саамскі рух згубіў актыўнасць з-за немагчымасці высоўваць палітычныя патрабаванні без падтрымкі нарвежскай большасці. Рух аднавіўся толькі ў пасляваенны перыяд. У 1948 г. была складзена адзіная літаратурная мова, якую пачалі выкладаць у школах. У 1953 г. у Карашоку быў арганізаваны агульнаскандынаўскі кангрэс саамаў. Саамскія арганізацыі набылі палітычную вагу пасля 1970 г., што звязана са зменай дзяржаўнай палітыкі Нарвегіі ў адносінах да нацыянальных меншасцяў, а таксама поспехамі ў барацьбе за зямельныя правы.

У 1989 г. у Фінмарку адбылося першае пасяджэнне саамскага парламента Нарвегіі. Ён складаецца з 39 прадстаўнікоў і аказвае значны ўплыў на палітыку ўсёй краіны[25]. У 1992 г. пачала дзейнічаць лютэранская царкоўная рада саамаў у складзе Царквы Нарвегіі. У 1997 г. Харальд V прызнаў, што «нарвежская дзяржава складаецца з земляў двух народаў — нарвежцаў і саамаў»[26].

Саамы ў Расіі

Thumb
Паштоўка «Мурманъ. Лопарка» (1911).
Thumb
Клас ў саамскамоўнай школе (ілюстрацыя з «Буквара на саамскай мове», 1933).
Thumb
Саамская пісьменніца Аляксандра Антонава з Лавозера

Як сведчаць гістарычныя крыніцы, даныя археалогіі і тапанімікі, у мінулым саамы насялялі значныя тэрыторыі на поўдзень і ўсход ад сучаснага месца пражывання. На Кольскі паўвостраў яны трапілі ў перыяд неаліту. У старажытнарускіх пісьмовых крыніцах саамы ўзгадваюцца з XIII ст. У наўгародскіх і маскоўскіх дакументах XIV — XVI ст. саамскія паселішчы фіксуюцца на паўночных берагах Ладажскага і Анежскага азёр, у XVII ст. — у Карэліі. У канцы XIX — пачатку XX ст. саамы насялялі амаль увесь Кольскі паўвостраў, акрамя яго паўднёвай часткі.[27]. У наш час жывуць пераважна ў Лавозерскім раёне Мурманскай вобласці, каля 40 % — у гарадах, шырока распаўсюджаны шлюбы з прадстаўнікамі іншых народаў[28].

Землі саамаў трапілі пад кантроль Ноўгарада ў XIII—XIV стст., Маскоўскай дзяржавы — у канцы XV ст. Саамы былі вымушаны выплочваць даніну, на іх тэрыторыях сяліліся рускія і карэлы. З XVI ст. адбывалася паступовая хрысціянізацыя саамаў Кольскага паўвострава. Значную ролю ў распаўсюджванні праваслаўя адыграў Печангскі манастыр, заснаваны ў 1533 г. Паводле граматы Івана IV ад 1556 г., манастыр атрымоўваў у карыстанне частку зямель саамаў, а тубыльцы ператвараліся ў залежных сялян. Кольскія саамы доўгі час працягвалі падтрымліваць шчыльныя стасункі са сваякамі з Нарвегіі і Фінляндыі, назіраліся перасяленні саамаў, выкліканыя эпідэміямі або наступствамі Крымскай вайны. У 1866 г. з’яўляецца першае пісьмовае пацверджанне існавання аленегадоўлі ў саамаў Лавозера. Аднак перасяленне комі ў 1887 г., што занялі пашы для камерцыйнага выпасу аленяў, выклікала незадаволенасць лавозерскіх саамаў. Складаныя адносіны паміж саамамі і нашчадкамі комі заўважны і ў нашы дні[29].

У 19271928 гг. у Мурманскай вобласці ствараліся нацыянальныя сельскія саветы саамаў, але іх насельніцтва было даволі стракатым. У 1938 г. НКУС інспірыраваў справу нумар 46197, накіраваную на рэпрэсіі супраць саамскай інтэлігенцыі[30]. З 1980-х гг. адбываецца паступовае адраджэнне культуры расійскіх саамаў. Мова саамаў выкладаецца ў школах. З 1990 г. працуюць сродкі масавай інфармацыі на саамскай мове. Існуе шэраг грамадскіх арганізацый, якія займаюцца падтрыманнем мясцовай культуры і сувязяў з саамамі замежжа.

Саамы ў Фінляндыі

У нашы дні на тэрыторыі Фінляндыі жывуць дзве кампактныя групы саамаў — так званыя горныя саамы, блізкія па мове і культуры да саамаў Швецыі і Нарвегіі, а таксама ўсходнія або кольскія саамы. Яны адрозніваюцца па веравызнанні. Большасць вернікаў з горных саамаў спавядае пратэстантызм, кольскіх саамаў — праваслаўе. У мінулым колькасць моўных груп саамаў была яшчэ большай. Яны не лічылі сябе адзіным народам, але ў другой палове XX ст. пад уплывам знешніх фактараў адбыўся працэс іх інтэграцыі. Фінскія саамы насяляюць пераважна Лапландыю.

Продкі саамаў з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі ў эпоху мезаліта. Яны рана ўвайшлі ў кантакт з продкамі сучасных фінаў і карэлаў. Відавочна, у мінулым мяжа рассялення саамаў была значна далей на поўдзень, чым у сучасны перыяд. Аднак з першай паловы 1 тысячагоддзя да н. э. яна пачала паступова адсоўвацца на поўнач з-за міграцыі фінамоўнага насельніцтва з Усходняй Прыбалтыкі. З канца 1 тысячагоддзя заходнія землі саамаў на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Батнічнага заліва знаходзіліся пад уплывам скандынаўскіх вікінгаў.

У XIII ст. Фінляндыя трапіла ў склад Швецыі. Шведскія манархі разглядалі ўсіх саамаў як сваіх падданых, хаця на самой справе кантралявалі толькі частку з іх. Адносіны да саамаў заставаліся жорсткімі. Акт 1335 г., што забараняў рабства, не распаўсюджваўся на саамскае насельніцтва, паколькі яно не спавядала хрысціянства. Хрысціянізацыя фінскіх саамаў пачалася толькі ў XVI ст. і суправаджалася рэпрэсіямі і забаронамі паганскіх звычаяў. У XVII ст. саамы фактычна згубілі правы на зямлю, бо не займаліся земляробствам. Гэта адкрыла магчымасць далейшай каланізацыі паўночных рэгіёнаў з боку фінаў. Саамскія сем’і аказваліся ў залежным становішчы ад гандляроў і дзяржаўных чыноўнікаў. Сітуацыя істотна не змянілася падчас уваходжання Фінляндыі ў склад Расіі ў 18091917 гг.

У незалежнай Фінляндыі саамы атрымалі роўныя грамадзянскія правы з астатнім насельніцтвам, аднак каля 70 % тэрыторый, якія яны насялялі, апынуліся ў маёмасці ўрада, астатнія ў большасці належалі фінам. З-за эканамічных цяжкасцяў і беспрацоўя многія саамы пераязджалі ў гарады або на поўдзень, дзе хутка гублялі культурныя карані і родную мову. Гэты працэс набыў асабліва востры характар у пасляваенны перыяд. Толькі ў 1991 г. быў прыняты закон аб мове саамаў, які дазваляў карыстацца ёю ў мясцовым кіраванні і адукацыі. Новы закон аб саамскай мове, што дзейнічае з 1 студзеня 2004 г., гарантуе магчымасць выкарыстання саамскіх моў у судзе і органах дзяржаўных паслуг. У 1995 г. саамы атрымалі на канстытуцыйнай аснове правы карэннага народа[31]. Згодна з фінскім заканадаўствам, саамамі могуць лічыць сябе тыя, хто атаясняе сябе з саамскім народам або размаўляе на саамскіх мовах[32]. З 1996 г. дзейнічае афіцыйны орган — Сход саамаў Samediggi[33].

Зноскі

Спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.