Remove ads
нямецкі палітык From Wikipedia, the free encyclopedia
Конрад Герман Іозеф Адэнаўэр (ням.: Konrad Hermann Joseph Adenauer; 5 студзеня 1876, Кёльн — 19 красавіка 1967, Бад-Хонеф) — нямецкі палітык. У 1949—1963 гадах канцлер Германіі.
Нарадзіўся ў сям’і сакратара гарадскога суда. Быў трэцім сынам у сям’і. Пазней нарадзіліся яшчэ дзве сястры. Бацькі Конрада вызнавалі каталіцкую веру. Дзецям перадалася іх набожнасць, вера і маральныя каштоўнасці. 5 сакавіка 1894 года Конрад скончыў навучанне ў гімназіі Святых Апосталаў у Кёльне, затым вучыўся на юрыдычных факультэтах універсітэтаў у Мюнхене і Боне (1894—1897) Пасля дзяржаўных экзаменаў ён працаваў у пракуратуры Кёльна судовым асэсарам, а затым у канторы адваката Каўзена (1903—1905).
Конрад марыў стаць натарыусам, але ўдалы шлюб змяніў яго планы. 20 студзеня 1904 г. Адэнаўэр ажаніўся з Эмай Веер, якая паходзіла з радавітай кёльнскай сям’і. Шлюб быў заключаны больш па каханню, чым па разліку. У мужа і жонкі нарадзіліся два сыны і дачка. Аднак сямейнае шчасце доўжылася нядоўга — хвароба прыкавала да ложка жонку. Лекары не здолелі дапамагчы, у 1916 годзе Эма памерла ва ўзросце 36 гадоў.
Палітычная кар’ера Адэнаўэра складалася ўдала. У 1906 г. ён стаў дзясятым памочнікам бургамістра Кёльна і кіраваў муніцыпальнымі падаткамі і зборамі. Затым яго прызначаюць першым памочнікам бургамістра (1910), бургамістрам Кёльна (1917). Кайзер Вільгельм II прысвоіў яму званне обербургамістра. Муніцыпальныя саветнікі не памыліліся ў сваім выбары: Кёльн ператварыўся ў буйны цэнтр Рэйнскай індустрыі, дынамічна развіваўся. Але менавіта тады Адэнаўэр пісаў: «Мне жудасна не хапае сваёй Эмы, мне яе бракуе. У маладыя гады я горача марыў аб вялікай кар’еры. Цяпер я паважаны чалавек, але, Божа, які я самотны…». Але самотнасць падоўжылася нядоўга: Адэнаўэр у 1919 г. ўступіў у шлюб з дачкой знаёмага лекара, Аўгусцінай Цынсер, якая на 20 гадоў была маладзей за яго. Нарадзіліся яшчэ два сына і дзве дачкі. Яны раслі і выхоўваліся разам з дзецьмі ад першага шлюбу. Адэнаўэр шмат часу прысвячаў дзецям. У сям’і панавалі ўзаемная павага і зычлівасць.
Першыя гады знаходжання Адэнаўэра на пасадзе кёльнскага бургамістра супалі з паражэннем Германіі ў Першай сусветнай вайне і заключэннем зневажальнага Версальскага міру. Ён не раз выказваў здзіўленне: дзеля чаго развітая Германія ўвязалася ў гэту маштабную і небяспечную сутычку. Адэнаўэр працаваў па васямнаццаць гадзін у суткі, арганізоўваў жыццё ў новых умовах. Ён марыў ператварыць Кёльн у вялікі і прыгожы цэнтр Рэйнскай вобласці. І шмат што яму ўдалося. Обербургамістр стаў вядомай у краіне асобай. Яго абралі прэзідэнтам Дзяржаўнага савета — дарадчага органа з прадстаўнікоў правінцыі ў Берліне. У 1926 г. Адэнаўэру прапанавалі пасаду канцлера. Ён адмовіўся, бо не падзяляў поглядаў нацыянал-сацыялізму. З прыходам да ўлады Гітлера 13 лістапада 1933 г. Адэнаўэр быў звольнены з паста бургамістра Кёльна. Асцерагаючыся арышту, ён пераязджаў з горада ў горад, пакуль нарэшце не спыніўся ў Рэндорфе — мястэчку, размешчаным на беразе Рэйна, недалёка ад Кёльна.
Адэнаўэр не далучыўся ні да адной антынацысцкай партыі. Ён адмовіўся ўдзельнічаць у змове супраць Гітлера, бо не верыў у поспех. У ліпені 1944 г., пасля няўдалага замаху на Гітлера, Адэнаўэра арыштавалі. Аднак допыт паказаў яго недатычнасць да змовы. 26 лістапада 1944 г. ён быў вызвалены. Перад самым канцом вайны яго зноў арыштавалі і выслалі ў канцлагер недалёка ад Кёльна. Старэйшаму сыну, які служыў у вермахце, атрымалася дамагчыся вызвалення бацькі. Сапраўдная палітычная кар’ера Адэнаўэра пачалася пасля ваеннага паражэння Трэцяга рэйха. У сакавіку 1945 г. амерыканскі гараднічы Кёльна прапанаваў Адэнаўэру выконваць абавязкі бургамістра. Ён згадзіўся.
У 1948 г. на акупаванай амерыканцамі, брытанцамі і французамі тэрыторыі Германіі было ўтворана 11 заходненямецкіх земляў. У Боне пачаў працу Парламенцкі савет, прэзідэнтам якога абралі Адэнаўэра, як старшыню і аднаго з заснавальнікаў Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС). Хрысціянскі светапогляд, арыентацыя на заходнія духоўныя каштоўнасці прыцягвалі ўвагу немцаў з розных сацыяльных пластоў. Адэнаўэр выступаў за рыначную эканоміку. Азнаёміўшыся з лекцыямі баварскага прафесары-эканаміста Л. Эрхарда, ён разам з прадстаўнікамі ХДС узяў на ўзбраенне тэорыю сацыяльнай рыначнай эканомікі.
Пачалася халодная вайна. Аб’яднанне Германіі адсоўвалася на нявызначаны час. Логіка палітычнага развіцця вяла да фарміравання заходненямецкай дзяржавы. 23 мая 1949 г. была прынята Канстытуцыя Федэратыўнай Рэспублікі Германія, а 15 верасня 1949 г. з перавагай у адзін голас федэральным канцлерам быў абраны 73-гадовы Конрад Адэнаўэр. У 1948 г. памерла яго жонка Аўгусціна. Ён застаўся ў коле семярых дзяцей і шматлікіх унукаў.
З 1951 па 1955 г. Адэнаўэр адначасова займаў і пост міністра замежных спраў. Вярнуцца ў міжнародную супольнасць было зусім не проста — трэба было пераадолець адчужэнне краін, пацярпелых ад германскага нацызму. Гэта стала галоўнай мэтай дыпламатыі першага канцлера ФРГ. Краіна паступова скідала акупацыйныя путы і набывала незалежнасць. 2 мая 1951 г. ФРГ стала заснавальніцай Еўрапейскага аб’яднання вугля і сталі — правобраза Еўрасаюза. Адэнаўэр ажыццявіў першыя афіцыйныя візіты ў Парыж, Рым, Лондан, а праз два года — у Вашынгтон. 10 верасня 1952 г. ў Люксембургу ён падпісаў дамову аб рэпарацыйным плацяжы, у якой прадугледжвалася дапамога маладой дзяржаве Ізраіль. Пераадольваючы супраціўленне палітычных сапернікаў, 5 мая 1955 г. ФРГ стала членам НАТА. У тым жа годзе, са ўступленнем у сілу Парыжскіх пагадненняў, падпісаных 23 кастрычніка 1954 г., для ФРГ скончыўся перыяд акупацыі. Будучыню Еўропы канцлер бачыў у спалучэнні розных тыпаў эканомік, у трывалым абмене духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі.
Выступаючы ў Бундэстагу і тлумачачы прычыну нязгоды з прапановамі СССР аб скарачэнні ўзбраенняў і заклікаючы адхіліць прапановы фракцыі СДПГ аб адмове ад правядзення ў жыццё прадугледжаных парыжскімі пагадненнямі мер для рэмілітарызацыі Заходняй Германіі, Адэнаўэр казаў: «Я, канцлер ФРГ, як і раней, супраць дэмілітарызацыі краіны… Мы дбаем, каб ні сацыял-дэмакраты, ні камуністы ніколі больш не дашлі да ўлады». Пры гэтым ён заяўляў, што ўрад Бона пры любых акалічнасцях выканае ваенныя абавязкі, вынікаючыя з парыжскіх пагадненняў. У верасні 1955 г. Адэнаўэр наведаў з афіцыйным візітам Маскву. Усе правілы пратаколу: рытуал ганаровай варты, выкананне гімна рэспублікі, узняцце ў Крамлі дзяржаўнага сцяга ФРГ — былі выкананы.
Пасля вайны ў Адэнаўэра з’явіліся думка аб магчымасці мірнага ўзаемадзеяння заходніх краін і Савецкага Саюза. Ілюзіі хутка рассеяліся: мір раскалоўся на два лагера з рознымі светапоглядамі, этычнымі каштоўнасцямі і палітычнымі задачамі. Процістаянне двух сістэм нарастала. У яго эпіцэнтры апынулася расколатая Германія. Адэнаўэр цвёрда вырашыў, што нейтральная пазіцыя немцаў у такой сітуацыі немагчымая: Германія будзе з Захадам. У адзінстве з Захадам канцлер бачыў і перадумовы рашэння пытання аб аб’яднанні краіны. Ён выступаў супраць любога кампрамісу з камуністычнай ідэалогіяй і планава-размеркавальнай сістэмай гаспадарання. Аб’яднаную Германію бачыў толькі ў саюзе з заходнім мірам і адкідваў усе планы яе нейтральнасці. Прызнаючы ролю Савецкага Саюза ў свеце, яго ўплыў на рашэнне германскага пытання, Адэнаўэр пайшоў на ўсталяванне дыпламатычных, а затым і гандлёва-эканамічных адносін з СССР. На перамовах у Маскве ён паважліва ставіўся да савецкіх кіраўнікоў, не дазваляючы пры гэтым выходзіць за рамкі раўнапраўя.
Перамовы з Хрушчовым прайшлі паспяхова. Апошнія 10 тысяч нямецкіх ваеннапалонных і 30 тысяч інтэрніраваных вярнуліся на радзіму. Паміж ГДР і ФРГ былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. Аўтарытэт Адэнаўэра стаў узрастаць. ХДС чатыры разы запар выйгравала парламенцкія выбары. Кіраўнікі заходніх краін успрымалі Адэнаўэра ў якасці раўнапраўнага і паважанага партнёра. Асабліва цесныя адносіны склаліся ў Адэнаўэра з Шарлем дэ Голем. Вянцом дыпламатычнай кар’еры Адэнаўэра стала 22 студзеня 1963 г., калі канцлер ФРГ і прэзідэнт Францыі абняліся на Елісейскіх палях. Стагадовая міжнацыянальная варожасць была пераадолена. Адэнаўэр і дэ Голь падпісалі пагадненне аб дружбе. «Не забывайце, — казаў тады Адэнаўэр, — што я — адзіны нямецкі канцлер, які перад усім ставіць адзінства Еўропы, а ўжо потым сваёй уласнай дзяржавы. Я гатовы ахвяраваць нямецкім аб’яднаннем, калі мы створым і ўвойдзем у моцны заходні лагер. У паразуменні паміж Германіяй і Францыяй знаходзіцца еўрапейская будучыня». У 1961 г. Адэнаўэр казаў: «Наша мэта, каб у будучыні Еўропа стала адзінай хатай для ўсіх еўрапейцаў, каб яна стала жыллём для волі».
Адзінай буйной няўдачай Адэнаўэра стала немагчымасць перашкодзіць узвядзенню Берлінскай сцяны, што аддаляла аб’яднанне нямецкай дзяржавы. 15 кастрычніка 1963 г. Адэнаўэр сышоў у адстаўку з паста федэральнага канцлера. Ён кіраваў краінай 14 гадоў. 15 кастрычніка 1963 г. ён выступіў з апошняй прамовай як федэральны канцлер. Наступныя чатыры гады жыцця ён правёў у коле сям’і ў Рэндорфе, хоць і на працягу трох гадоў працягваў узначальваць ХДС.
Адэнаўэр пісаў мемуары і даглядаў сад — ён вядомы не толькі як палітык, але і як аўтар шэрагу агранамічных навінак. Ён вылучаўся ўмеранасцю ва ўсім, сімпатыяй да сям’і і строгім самакантролем. Штодня з 9 гадзін раніцы і да вечара працаваў у сваім кабінеце ў палацы Шаумбург. Падчас прадвыбарных кампаній ён ездзіў па краіне, і людзі ахвотна слухалі яго. Гэты палітык умеў манеўраваць, часам хітрыць, настойваць і пераконваць, слухаць іншых, а прыняўшы рашэнне, цвёрда патрабаваць яго выканання, і ў той жа час не даваць падставы для абвінавачванняў у дыктатуры, парушэнню Канстытуцыі і дэмакратычных нормаў. 19 красавіка 1967 г. Конрад Адэнаўэр памёр ва ўзросце 91 года. Перад смерцю ён паспеў наведаць сваіх старых сяброў-палітыкаў у Парыжы, Рыме, Лондане і Тэль-Авіве. Ён казаў: «Для мяне важней за ўсё просты чалавек. Калі мяне разумеюць, то мая мэта дасягнута. Смерці не баюся, вось толькі цікава, што будзе з Германіяй і Еўропай, калі мяне не стане».
У красавіку 1967 г. на цырымонію пахавання ў Бон прыбылі прэзідэнт ЗША Джонсан, генерал Шарль дэ Голь, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Вільсан, кіраўнікі ўсіх заходніх еўрапейскіх і большасці азіяцкіх, афрыканскіх і лацінаамерыканскіх краін. Умелае выкарыстанне складанай знешнепалітычнай кан’юнктуры вылучыла Адэнаўэра ў шэраг выдатных дзеячаў сучаснасці. Уінстан Чэрчыль казаў, што Адэнаўэр — самы разумны нямецкі дзяржаўны дзеяч з часоў Бісмарка.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.