Касцёл Святой Ганны (Лунна)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Касцёл Святой Ганны — рымска-каталіцкі храм, помнік архітэктуры позняга класіцызму, размяшчаецца ў цэнтры вёскі Лунна (Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці).
Славутасць | |
Касцёл Святой Ганны | |
---|---|
![]() | |
53°27′19″ пн. ш. 24°15′41″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
Касцёл у Лунна быў заснаваны каралевай Бонай Сфорцай у 1546 годзе. Мураваны касцёл пабудаваны ў 1782 годзе ў цэнтры мястэчка на ахвяраванні апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і асвечаны ў 1785 годзе пад тытулам Св. Ганны, у 1895 годзе рэканструяваны (без змен засталася толькі апсіда).
У 1895 святыня была значна рэканструявана на сродкі князёўны Марыі Друцкай-Любецкай (1833—1897) з Шэметаў (пахавана ў касцёле, у прэсбітэрыі змешчана мемарыяльная пліта ў яе гонар), без змен пакінута толькі апсіда. Даты пабудовы і рэканструкцыі адзначаны на галоўным фасадзе перад уваходам у касцёл. Паны Чахоўскія і Рамеры (пазнейшыя ўладальнікі гэтых зямель) таксама пахаваныя ў крыпце касцёла, аб чым сведчаць мемарыяльныя пліты на сценах малітоўнай залы. У XVIII ст. мясцовая парафія ўваходзіла ў склад Ваўкавыскага дэканата, у XIX ст. — Гродзенскага, а ў 1920 Лунна стала цэнтрам аднайменнага дэканата Віленскай архідыяцэзіі, які складаўся з 8 парафій.
З XIX ст. да Лунненскай парафіі належалі капліцы ў Чарлёне і Яблонаве. У міжваенны час далучылася яшчэ і капліца Св. Роха на мясцовых могілках. Колькасць парафіян у міжваенны час перавышала 2000 вернікаў.
Касцёл дзейнічаў увесь час. Залічаны да помнікаў архітэктуры.
У час газіфікацыі касцёла ў 2005 г. выпадкова быў праламаны склеп ля помніка Аляксандру Чахоўскаму. У склепе знаходзіліся тры труны: адна металічная вялікая, другая драўляная невялікая і трэцяя драўляная, напаўразбураная. Дзве першыя захаваліся вельмі добра[1].
Архітэктура

Святыня пабудавана з бутавага каменю і атынкаванай цэглы ў стылі г.зв. станіславаўскага класіцызму. Будынак касцёла складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму і пяціграннай апсіды. Сцены фасадаў абліцаваныя бутавым каменем, архітэктарскія дэталі (ліштвы, карнізы, вуглы пілястраў) пабелены.
Інтэр’ер


Інтэр’ер мае выцягнутую па падоўжнай восі кампазіцыю. Зала расчлянёная двума радамі слупоў на тры нефы пяццю парамі размаляваных пад мармур круглых калон. Цэнтральны неф перакрыты драўляным падвесным цыліндрычным скляпеннем, у бакавых нефах столь драўляная плоская, у апсідзе перакрыцце цаглянае — конха. Ва ўсходняй частцы бакавых нефаў размешчаныя на 1/2 вышыні залы дзве сакрысціі з галерэямі. Уздоўж заходняй сцяны — хоры.
Унутры тры драўляныя разьбяныя алтары ў стылі неаготыкі работы мясцовых майстроў: галоўны — Укрыжавання (пры бакавых сценах прэсбітэрыя ўсталяваны такія ж неагатычныя алтарныя кампазіцыі з фігурамі Маці Божай (злева) і Св. Юзафа), левы бакавы — тытульны алтар Св. Ганны (ён засланяе абраз Маці Божай Вастрабрамскай), наверсе знаходзіцца абраз Св. Антонія, правы алтар — алтар Маці Божай Лунненскай (абраз і шата ў стылі рэнесансу) з абразом Св. Францішка ў другім ярусе. Над нартэксам зроблены арганныя хоры з арганам у стылі станіславаўскага класіцызму. На сцяне хораў змешчаны мемарыяльныя пліты ў гонар Чахоўскіх.
У апсідзе на скляпенні намаляваны сюжэт Сыходжання Святога Духа.
Брама і званіца

Касцёльная тэрыторыя абнесена бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе дзвюх невысокіх атынкаваных слупкоў. Злева ад касцёла асобна пабудавана двух’ярусная цагляная і атынкаваная чацверыковая званіца.
Могілкі

На касцёльным участку захавалася некалькі цікавых помнікаў-надмагілляў фундатараў касцёла. Захаваліся помнікі Аляксандру Чахоўскаму, Ядвізе, дачцэ Аляксандра і Валерыі. Унутры касцёла знаходзяцца эпітафіі Эдварду Матэю Ромеру, Яўстаху Чахоўскаму і інш[1].
Капліца Св. Роха на мясцовых могілках пабудавана з жоўтай вонкавай цэглы з рысамі неакласіцызму над крыптай, дзе быў пахаваны доктар Антоні Барташэвіч (нар. 1933, верагодна, ахвярадаўца будаўніцтва святыні). Гзымс і ўваходны партал атынкаваныя. Капліца прамавугольная ў плане, з невялікай сігнатуркай над уваходам, перакрытая двухсхільным чарапічным дахам. Інтэр’ер перакрыты сегментарным падшыўным дашчаным скляпеннем, у алтары быў змешчаны вялікі тытульны абраз (не захаваўся).
Могілкавая брама — гэта два звычайныя атынкаваныя слупкі, дэкараваныя выявамі (труна, крыж) з маленькіх каменьчыкаў.
Зноскі
- Станіслаў Сільвановіч. Гісторыя маёнткаў Лунна, воля і лёсы іх уладальнікаў
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.