беларускі літаратуразнавец, перакладчык, паэт From Wikipedia, the free encyclopedia
Валянцін Іванавіч Рабкевіч (15 лютага 1937, в. Аксаміты, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 6 лютага 1995, Мінск) — беларускі літаратуразнавец, перакладчык, паэт. Кандыдат філалагічных навук (1973)[1]. Належаў да т.зв. «Акадэмічнага асяродка», быў звольнены з працы ў 1974 годзе па абвінавачванні ў беларускім нацыяналізме.
У 1959 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт[2] Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага. З 1959 па 1960 год працаваў настаўнікам Іказненскай СШ Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, з 1960 па 1963 год — завучам Барадзеніцкай СШ таго ж раёна, у 1963—1965 гадах — завучам Ракаўскай СШ Валожынскага раёна Мінскай вобласці. У 1965—1968 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце. Член КПСС з 1965 года. З 1968 па 1974 год працаваў старшым рэдактарам, а пасля загадчыкам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1983 года. Рабкевіч перакладаў на беларускую мову творы Міхаіла Зошчанкі, Марка Чарамшына, Коба Абэ, Леа Метсар , Муа Марцінсан, Гогаля, Ясеніна, Ахматавай і інш.
У 1970-х стаў ахвярай КДБ БССР, якое наўмысна вынайшла групу «нацыяналістаў», каб паказаць сябе не горшым за ўкраінскае, якое ў той час арганізавала працэсы над нацыялістамі. Яшчэ ў 1973 годзе мінскае КДБ паслала ў Маскву інфармацыю пра наяўнасць групы навукоўцаў-нацыяналістаў з Акадэміі навук, але спачатку справе не далі ходу. У наступным годзе дзеля высвятлення абставін справы з Масквы была прыслана спецыяльная камісія. Пасля разгортвання гэтай т.зв. «справы пяцёх» (гл. «Акадэмічны асяродак») 21 сакавіка 1974 года Рабкевіч быў выключаны з КПСС за «нацыяналістычнае разуменне ленінскай нацыянальнай палітыкі». Валянціна Рабкевіча, а таксама С. Місько, М. Прашковіча, М. Чарняўскага, А. Каўруса звольнілі з працы. Для звальнення Рабкевіча быў выкарыстаны артыкул 34 Б — «скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве адміністрацыі».
Рабкевіч апынуўся ў вельмі складаным становішчы — фактычна, ён апынуўся па-за грамадствам. Пасля шасці месяцаў пошуку работы Рабкевічу і Алесю Каўрусу нечакана прапанаваў месца сакратар ЦК Кузьмін: «Мы вырашылі пакінуць вас у сферы ідэалагічнай працы. Вас і Каўруса»[3]. Рабкевіча ўладкавалі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе ён з 1974 года працаваў рэдактарам, з 1975 года загадчыкам рэдакцыі. З часам Рабкевіч заняў пасаду старшага рэдактара.
У 1957 годзе яго вершы пачынаюць публікаваць у часопісе «Работніца і сялянка». У 1982 годзе ужо выйшаў зборнік вершаў для дзяцей «Ад зімы да зімы», у 1985 годзе — кніга прымавак і прыказак «Паслухай, што людзі кажуць». Шмат Рабкевічавых артыкулаў друкавалася ў газетах «ЛіМ», «Наша слова» і часопісе «Нёман». Пераклаў на беларускую мову апавяданне «Салавей» Леаніда Собалева[4], апавяданне «Аракуш» С. Сргеева-Цэнскага[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.