From Wikipedia, the free encyclopedia
Брэсцкае гета (16 снежня 1941 — 18 кастрычніка 1942) — месца, куды прымусова былі пераселеныя яўрэі горада Брэста і наваколляў у ходзе пераследу і знішчэння яўрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі немцамі ў Другую сусветную вайну.
Гета было створана 16 снежня 1941 года. У яго ўвайшлі вуліца Маякоўскага, бульвар Касманаўтаў, вуліцы Гогаля, Маскоўская, Дзяржынскага, Кірава (шырокі кут), мяжа паміж былой бальніцай і Мухаўцам. Па стане на снежань 1941 года ў гета пражывала 18 тысяч чалавек.
Маскоўская вуліца (дарога з Варшавы ў Мінск і Маскву) была падзелена на дзве няроўныя часткі: вялікую, размешчаную на поўначы, і меншую, якая ахоплівала паўднёвую частка раёна пражывання яўрэяў . У гета была бальніца і крамы.
У гета сачылі за парадкам 60 супрацоўнікаў юдэнрата[1]. Старшынёй юдэнрата абралі Херша Розэнберга[2].
У студзені 1942 года былі створаны падпольныя арганізацыі Супраціўлення. Адзін з арганізатараў — Міхаіл Амелінскі, афіцэр польскай арміі.
Увосень 1942 года немцы запатрабавалі ўзносы (грошы, каштоўнасці) ад яўрэяў пад пагрозай ліквідацыі гета. Нягледзячы на значныя ўзносы, у перыяд з 15 па 18 кастрычніка гета было ліквідавана. Большасць яўрэяў былі забітыя, а астатняя частка была сагнана на працу ў Германію[3]. У жывых з усіх вязняў гета засталося 19 чалавек[4].
У памяць аб ахвярах ліквідацыі гета пасля вайны быў усталяваны мемарыял і абеліск[5].
У студзені-сакавіку 2019 года падчас будаўніцтва элітнага квартала ў цэнтры горада, на рагу вуліц Куйбышава і Машэрава былі знойдзеныя парэшткі забітых яўрэяў. На месцы расстрэла беларускія ваенныя пашукавікі працавалі каля двух месяцаў. Чалавечыя косткі знаходзілі на глыбіні 1,5 метра, у многіх чэрапах былі дзіркі ад агнястрэльных раненняў[6]. Парэшткі 1214 вязняў Брэсцкага гета перапахавалі 22 мая. Жалобная цырымонія прайшла ў гэты дзень на Паўночных могілках пад Брэстам ля памятнага знака, дзе раней былі пахаваныя рэшткі 1549 яўрэяў, закатаваных фашыстамі ў гады вайны. Удзел у цырымоніі ўзялі кіраўніцтва горада, прадстаўнікі дыпламатычных місій Германіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіны, Чэхіі і іншых краін, члены яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і іудзейскіх рэлігійных грамад Ізраіля і Беларусі і іншыя[7][8].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.