Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Абелі́ск (грэч. ὀβελίσκος — obeliskos — «невялікі ражон») — манументальны гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў[1].
Вядомы з часоў Старажытнага Егіпта як помнік каля храма ці палаца[2]. Цяпер ужо немагчыма высветліць былі першыя абеліскі фалічным сімвалам урадлівасці або своеасаблівым каменным прамянём святла.
Прынамсі тузін абеліскаў быў перавезены рымскімі імператарамі ў Рым. Самы вялікі са старажытных абеліскаў — вагай у 230 тон і вышынёй 32 метра — паходзіць з Карнака і цяпер стаіць перад Латэранскай базілікай у Рыме.
У эпоху Рэнесансу абеліскі сталі выкарыстоўвацца італьянскімі архітэктарамі, у т.л. на п'яцца Сан-П'етра і п'яцца дэль Попала, з мэтай арганізацыі гарадской прасторы і выконваў ролю вертыкальнай дамінанты[2]. У XIX стагоддзі былі вывезены з Егіпта тры «іголкі Клеапатры» (насамрэч — абеліскі часоў Рамзеса II), якія зараз стаяць на плошчы Згоды ў Парыжы, на набярэжнай Тэмзы ў Лондане і ў Цэнтральным парку Нью-Ёрка.
Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напрыклад, шчыткі-пілоны, уласна абліскі), у помніках на ушанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць нямецкіх фашыстаў[1].
У Беларусі вядомы з 18 ст. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных грамадскіх падзеях. Найбольш цікавыя ў архітэктурна-мастацкіх адносінах абеліскі ўзведзены ў памяць аб падзеях вайны 1812 года ў Віцебску (архіт. І. Фамін), Верхнядзвінску і в. Вароны Віцебскага раёна; на магіле М. Свентаржэцкага ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна (усе 1912)[2].
Асабліва пашырылася будаўніцтва абеліскаў пасля Вялікай Айчыннай вайны з мэтай ушанавання памяці і ўвекавечвання гераічнага подзвігу беларускага народа ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Класічная форма абеліска змянілася, набыла новыя контуры ў плане: квадрат, прамавугольнік, шматграннік, акружнасць. Да найбольш значных абеліскаў у Беларусі адносяцца Манумент Перамогі ў Мінску, абеліск у мемарыяльным ансамблі Брэсцкая крэпасць-герой (шпіль-абеліск), у архітэктурна-скульптурным комплексе «Мінск — горад-герой», на месцы лагера смерці каля в. Вялікі Трасцянец Мінскага раёна (1963, архіт. Л. Каджар) і інш. У выглядзе абеліска вырашаны штыкі-пілоны ў мемарыялах Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, Помнік вызваліцелям у Віцебску[2].
У апошні час абеліск выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-мастацкі элемент у архітэктуры[2].
Самы высокі існуючы абеліск — манумент Вашынгтона — быў адкрыты ў сталіцы ЗША ў 1884 годзе; яго вышыня перавышае 169 метраў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.