Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (БДСГА) — беларуская ВНУ ў г. Горкі Магілёўскай вобл. Заснавана ў 1836 г. пад назвай Горыгорацкай земляробчай школы, з 1848 г. — Горыгорацкі земляробчы інстытут.
Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія | |
---|---|
Заснаваны | 15 жніўня 1840[1] |
Рэктар | Віталь Віктаравіч Веліканаў |
Студэнты | 15 000[2] |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Узнагароды | |
Сайт | baa.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
Горы-Горацкая земляробчая школа — спецыяльная сельскагаспадарчая навучальная ўстанова, мела два разрады: 1 (ніжэйшы) і 2 (вышэйшы). У 1842 годзе вышэйшы разрад рэарганізаваны ў Вышэйшую сельскагаспадарчую школу. У 1848 годзе ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча, а Вышэйшая сельскагаспадарчая школа ў Горыгорацкі земляробчы інстытут.
Горыгорацкі земляробчы інстытут існаваў у 1848—1864 і 1919—1925 гадах у Горках. Адна з першых ВНУ сельскагаспадарчага профілю Расійскай імперыі і Беларусі. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў ў паўстанні 1863—1864 г. пераведзены ў Пецярбург. У 1919 годзн адноўлены і меў назву Горацкі сельскагаспадарчы інстытут.
У 1925 годзе да інстытута далучаны Беларускі інстытут сельскай і лясной гаспадаркі (заснаваны ў Мінску ў 1922 годзе) і на яго базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія сельскай і лясной гаспадаркі. У 1931 годзе акадэмія падзелена на 11 галіновых інстытутаў. У 1933 годзе яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі сельскагаспадарчы інстытут. У 1948 годзе перайменаваны ў Беларускую сельскагападарчую акадэмію.
Будынкі
Комплекс будынкаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі размешчаны ў паўночнай частцы горада Горкі.
24.4.1836 г. сенат зацвердзіў Указ аб адкрыцці ў казённым маёнтку Горы-Горкі (больш за 55 тыс. дзесяцін зямельных і лясных угоддзяў) земляробчай школы. Яна стала асновай для стварэння адной з першых вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў. У 1837 г. адбылася ўрачыстая закладка будынка школы (цяпер корпус № 4). Да 1840 г. пастаўлена 35 будынкаў.
Комплекс акадэміі ўключае рэканструяваныя пасля Другой сусветнай вайны старыя будынкі (корпус № 4, бібліятэка, адміністрацыйны, прафесарскі, фізіка-хімічны, таксатарскі карпусы, дзіцячы садок) і пабудаваныя ў 1960—1980-я гады новыя карпусы (галоўны вучэбны, жылыя, спартыўны, інтэрнаты, Палац культуры). Будынкі знаходзяцца ў маляўнічым пейзажным парку, злучаныя добраўпарадкаванымі і азялененымі вуліцамі. З усходу парк агінае р. Капылка, якая ўтварае ў паўночнай частцы комплексу сажалку («Ніжняе возера») з маляўнічым бярозавым гаем на беразе. На паўночна-ўсходняй ускраіне размешчаны рэгулярны, радыяльнай планіроўкі пладовы сад вучэбнай гаспадаркі акадэміі.
Корпус № 4 пабудаваны ў цэнтральнай частцы ў стылі класіцызму. Галоўны фасад трохпавярховага прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны порцікам з васьмю трохчвертнымі калонамі дарычнага ордара. Будынак бібліятэкі перабудаваны ў 1930-я гады з былой царквы ў паўднёва-ўсходняй частцы ў стылі канструктывізму. двухпавярховы, складанай у плане формы. Адміністрацыйны корпус пабудаваны ў цэнтры ў пачатку XX ст. трохпавярховы, прамавугольны ў плане. Прафесарскі таксатарскі і фізіка-хімічны карпусы, дзіцячы садок пабудаваны ў паўночнай частцы ў пачатку XX ст. двухпавярховыя будынкі.
Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.
Рэктары
- Уладзіслаў Кіркор (1919—1924)
- Аляксей Кайгарадаў (1924—1925)
- Платон Саевіч (1928)
- Пётр Кальцоў (1935)
- Мікалай Каўцэвіч (1945—1949)
- Віктар Шэмпель (1949—1952)
- Іван Гаркуша (1952—1964)
- Канстанцін Сонцаў (1964—1977)
- Усевалад Борматаў (1977—1980)
- Сяргей Назараў (1980—1992)
- Вячаслаў Шаршуноў (1992—1994)
- Аляксандр Цыганаў (1995—2008)
- Аляксандр Курдзека (2008—2014)
- Павел Саскевіч (2014—2018)
- Андрэй Калмыкоў (2018 — 16 мая 2019)
- Віталь Веліканаў (з 16 мая 2019)[4].
Вядомыя выпускнікі і выкладчыкі
- Аляксандр Рымавіч Цыганаў, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі, акадэмік РАСГН, рэктар БДСГА (з 1995).
- Міхаіл Мікалаевіч Ганчарык, навуковец-біёлаг, пісьменнік.
- Уладзімір Сцяпанавіч Бабраўніцкі, рэктар БДУ.
- Іван Іванавіч Ціцянкоў, беларускі палітычны дзеяч.
- Юрка Гаўрук, беларускі паэт і перакладчык, з восені 1925 дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры.
- Сяргей Сцяпанавіч Захараў, доктар сельскагаспадарчых навук (1958), прафесар (1959). Дэкан агранамічнага факультэта (1950—1951), прарэктар па навуковай рабоце (1951—1953), загадчык кафедры земляробства 1954—1974.
- Марк Залманавіч Фрэйдзін, кандыдат эканамічных навук, прафесар, заслужаны эканаміст БССР.
- Анатоль Маісеевіч Каган, дэкан эканамічнага факультэта, доктар эканамічных навук, з 2007 — прафесар кафедры аграбізнесу.
- Аляксандр Паўлавіч Курдзека, рэктар БСГА (з 2008), прафесар кафедры фізіялогіі, біятэхналогіі і ветэрынарыі.
- Ігар Міхайлавіч Курбатаў, доктар навук, у 1954—1969 гг. загадчык кафедры фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі.
- Сяргей Уладзіміравіч Фамін, беларускі паэт, у 1930-х выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры.
- Іван Канстанцінавіч Багаяўленскі
- Андрэй Ігнатавіч Івіцкі (1904—1992), вучоны ў галіне меліярацыі, доктар тэхнічных навук, прафесар. Скончыў акадэмію ў 1925 годзе.
- Сяргей Вітальевіч Касьяненка, доктар сельскагаспадарчых навук. Скончыў акадэмію ў 1978 годзе.
- Уладзімір Маісеевіч Ліўшыц, кандыдат філасофскіх навук, у 1972—2007 гг. — дацэнт, прафесар кафедр філасофіі і паліталогіі, права і маркетынга, гісторыі права і дзяржавы, рэдактар часопіса «Вестник Белоруской государственной сельскохозяйственной академии», ганаровы прафесар акадэміі.
- Іосіф Майсеевіч Ліўшыц — беларускі вучоны ў галіне гідралогіі. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі (1954).
- Міхаіл Васілевіч Рытаў, вучоны-аграном.
- Віталь Георгіевіч Стралкоў (1930—2000), вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар. У 1977—1998 гг. загадчык кафедры кормавытворчасці.
Артыкулы ў энцыклапедыях
- У. М. Ліўшыц. Горкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. — Мінск.: 1996. Т. 3. — С. 89—91.
- У. М. Ліўшыц. Горы-Горацкая земляробчая школа // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. — Мінск.: 1996. Т. 3. — С. 93.
- У. М. Ліўшыц. Горы-Горацкі земляробчы інстытут // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. — Мінск.: Т. 3. 1996. Т.3 — С. 93—91.
- У. М. Ліўшыц. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мінск.: Т. 1. 1993. — С. 414—415.
- У. М. Ліўшыц. Горы-Горацкая земляробчая школа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Мінск.: 1997. Т. 5. — С. 367.
- У. М. Ліўшыц. Горы-Горацкі земляробчы інстытут // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Мінск.: 1997. Т. 5. 1997. С. 367—368
- У. М. Ліўшыц. Горкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Мінск.: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, 1997. Т. 5. — С. 360.
- У. М. Ліўшыц. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Мінск.: 1995. Т. 2. — С. 492.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.