Remove ads
беларускі мастак-пейзажыст From Wikipedia, the free encyclopedia
Алесь Сямёнавіч Суша (нар. 9 студзеня 1963, в. Дамавіцк, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць) — беларускі мастак-пейзажыст.
Малодшы з шасці дзяцей у сям’і.
Настаўнік малявання ў школе заўважыў талент Алеся і прынёс бацькам газетную абвестку пра набор дзяцей у мастацкую школу. Пасля ўгавораў старэйшымі сёстрамі, бацька згадзіўся.
У 1977 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. Ахрэмчыка. У 1986 годзе скончыў аддзяленне манументальнага жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута пад кіраўніцтвам Гаўрылы Вашчанкі. Пасля службы ў арміі тры гады праходзіў стажыроўку ў творчай майстэрні Акадэміі мастацтва СССР у Мінску пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага.
Жыве ў Мінску.
Пачаў творчую дзейнасць яшчэ са студэнцкіх часоў. Першы дыплом атрымаў у 1983 годзе за ўдзел у студэнцкай выставе. Працуе як у манументальным мастацтве — у тэхніках мазаікі і сграфіта, так і ў розных жанрах станковага жывапісу — пейзаж, партрэт, нацюрморт, фігуратыўная кампазіцыя. Творы мастака вылучаюцца высокім прафесіяналізмам, заўсёды з’яўляюцца адметнасцю на рэспубліканскіх выставах, адлюстроўваюць глыбокі ўнутраны свет мастака, яго душэўныя перажыванні.
У 1990 годзе ўдзельнік міжнароднай выставы маладых мастакоў у Берліне. Член Беларускага саюза мастакоў з 1991 года.
У 1993—2003 гадах адбыліся персанальныя выставы ў Беларусі — Мінску, Брэсце, Чэрвені, Лагойску, Мазыры, а таксама ў Маскве, Празе, Брно, Сопаце, Варшаве, Берліне, Бруселі, Вене і іншых гарадах свету. З 1998 года — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх мастацкіх выстаў.
У 2006 годзе прымаў удзел у афармленні Нацыянальнай бібліятэкі — роспіс на ляўкасе «Кірмаш».
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Міністэрства культуры Беларусі, у музеях Чэрвеня, Лагойска, Пінска, мастацкім музеі Бранска, Трубчэўска (Расія), у фондах Міністэрства культуры Арменіі, у прыватных зборах блізкага і далёкага замежжа.
Асноўныя творы А. С. Сушы — «Бульба» (1997), «Чаканне», «Давай сябраваць», «Напаследак» (1991); «Сухая вішня» (1992), «У кафэ» (1994), «Раніца» (1995), «Старая лямпа» (2003), «Восень» (2005), «У бабулінай хаце» (2007), «Сёстры» (2009), «Пасля рэпетыцыі» (2010).
У час працы ў Брэсцкім мастацкім камбінаце зрабіў шэраг манументальных прац, сярод якіх вылучаецца своеасаблівым мастацкім рашэннем сграфіта «Гімн чалавецтву» (1988) ў Бярозе і мазаіка «Мацярынства» (1989) для санаторыя-прафілакторыя ў Брэсце.
Творчая дзейнасць мастака была адзначана на маладзёжнай выставе ў 1989 годзе, яго праца «Напаследак» прымала ўдзел у выставе маладых мастакоў Беларусі ў Берліне. У гэты перыяд творы мастака былі надрукаваны ў часопісах «Полымя», «Маладосць».
У 2004 годзе прымаў удзел у рэстаўрацыі Свята-Сімеонаўскага сабора ў Брэсце. У 2006 годзе прымаў удзел у афармленні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праца «Кірмаш», выкананая ў тэхніцы ляўкасу, вызначаецца каларыстычнай гармоніяй, своеасаблівасцю выканання, была высока адзначана спецыялістамі.
У 2011 годзе выйграў конкурс на афармленне Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» дыярамай «Зіма». Мастацкім саветам твор быў адзначаны як найбольш паспяховы.
А. С. Суша прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У 2004—2009 гадах быў сябрам бюро секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, старшынёй Праўлення Мінскага мастацкага камбіната.
З 2011 года быў старшынёй секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, сябрам Прэзідыума Беларускага саюза мастакоў, сябрам Рады Беларускага саюза мастакоў.
А. С. Суша шмат вандруе па Беларусі, гісторыя, духоўная спадчына, помнікі архітэктуры з’яўляюцца важнай часткай у яго жыцці. Творчая дзейнасць накіравана на захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны, пра што сведчаць яго творы — «Івянец» (2008), «Ашмяны» (2008), «Навагрудчына» (2009), «Пінск» (2009), «Раваніцкі парк» (2910), «Крэва» (2010), «Шлях» (2010), «Млын у Гальшанах» (2011).
Рэгулярна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах, у Трубчэўску (Расія) у 1999 годзе, у Літве — 2007, у Белавежскай пушчы — 2010 годзе. У 2011 годзе міжнародны сімпозіум жывапісцаў у Арменіі, у 2013 годзе — у Літве і Арменіі.
У 2012 годзе прымаў удзел у мастацкім афармленні Мемарыяльнага комплексу капліцы ў гонар іконы «Знамение Пресвятой Богородицы». У складзе групы мастакоў атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.