Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Але́на Маско́ўская ці Алена Іва́наўна (руск.: Елена Ивановна; 19 мая 1476, Масква, Маскоўскае княства — 20 студзеня 1513, Браслаў, Вялікае Княства Літоўскае) — дачка вялікага князя маскоўскага Івана III і візантыйскае прынцэсы Софіі Палеалаг. З 1495 жонка вялікага князя літоўскага Аляксандра, з 1501 некаранаваная каралева польская.
Алена Маскоўская | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Алена Іванаўна | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Елізавета Габсбург | ||||||
Пераемнік | Барбара Заполья | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
19 мая 1476 |
||||||
Смерць |
20 студзеня 1513 (36 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Рурыкавічы | ||||||
Бацька | Іван III Васільевіч | ||||||
Маці | Соф’я Палеалог | ||||||
Муж | Аляксандр Ягелончык[1] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Алена была старэйшым з дзяцей Івана III і яго другой жонкі Сафіі Палеалог, пляменніцы апошняга візантыйскага імператара Канстанціна XI[2]. Мела малодшага брата — маскоўскага князя Васіля III.
Калі Алене споўнілася 8 гадоў, абмяркоўваўся яе шлюб з адным з сыноў польскага караля Казіміра IV[3]. У той час Польшча шукала саюзнікаў у барацьбе з туркамі. У 1489 ужо імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрых III, які шукаў падтрымкі Масковіі ў вайне з Венгрыяй, прапанаваў выдаць Алену і яе малодшую сястру Феадосію за габсбургскіх герцагаў, аднак Іван III пажадаў аддаць дачку замуж хіба за імператаравага сына Максіміліяна[4]. Аднак у 1490 пагадненне паміж Свяшчэннай Рымскай імперыяй і Масковіяй было падпісана і без шлюбнага дагавора.
Пасля сканчэння літоўска-маскоўскай вайны 1492—1494 у знак згоды паміж абедзвюмя дзяржавамі Алена была заручана з вялікім князем літоўскім Аляксандрам. З літоўскага боку шлюб меў змацаваць неабходны мір з Іванам III[5], маскоўскі ж бок разлічваў гэтым крокам пазбегнуць знішчэння самастойнай праваслаўнай царквы ў ВКЛ[5]. Аляксандр абавязваўся не прымушаць Алену да пераходу ў каталіцтва і захаваць за ёй веру бацькоў — «грэчаскі закон»[6]. Дзякуючы гэтаму Алена здолела стаць апякункай праваслаўных у ВКЛ.
У студзені 1495 княгіня са світай выехала з Масквы, яе суправаджаў агромністы поезд з пасагам (у тым ліку «20 саракоў сабалёў і 20 000 вавёрак, і 2000 гарнастаяў», тканіны — «шаўковыя транты», «аксаміты венедыцкія», «аксаміты бурскія», камку, тафту, «розныя шаўкі», каштоўнасці, сярод якіх «зачэп золата», «запанка золата з яханты і з лальскі зерні наўгародскімі»).
Алена была разумнай, тактоўнай і самастойнай жанчынай, якая мела пры двары пашану. Ёй належалі шматлікія маёнткі і гаспадаркі, а на ўласныя сродкі яна аказвала дзейсную падтрымку праваслаўным, ахвяруючы значныя сумы на цэрквы і манастыры[7].
Па смерці ў 1501 годзе караля польскага Яна I Ольбрахта, брата Аляксандра Ягелончыка, стала польскай каралевай. Аднак адмовілася пераходзіць у каталіцтва і так і не была каранавана.
Паколькі ў ВКЛ прадпрымаліся спробы зрэалізаваць унію паміж каталікамі і праваслаўнымі, каталіцкі клір хацеў заручыцца падтрымкі ў гэтым Алены, што павысіла б прэстыж уніі ў вачоз насельніцтва. Аднак Алена адхіляла спробы пераканаць яе адысці ад праваслаўя, спасылаючыся на тое, што не можа зрабіць гэтага бяз згоды бацькі[9]. Асабліва моцны ціск аказваў папа Аляксандр VI, які патрабаваў ад вялікага князя літоўскага, каб той у выпадку адмовы жонкі адрынуў яе[10] і нават перадаў царкоўнаму суду[11]. Аляксандр гэтыя патрабаванні не выканаў[11].
На думку расійскага гісторыка Якава Лур’е, ціск на Алену Іванаўну, а таксама пераход праваслаўных феадалаў на маскоўскую службу сталі нагодай да пачатку вайны 1500—1503 гадоў. Пераход праваслаўных князёў быў абумоўлены іхнім нізкім юрыдычным статусам у Літоўскай дзяржаве.
Пасля таго, як вайна прыняла неспрыяльны для ВКЛ паварот, а рэалізацыя уніі пацярпела канчатковую няўдачу, становішча Алены Іванаўны часова палепшылася, паколькі цяпер паўстала неабходнасць у яе пасярэдніцтве дзеля заключэння перамір’я[11]. У лістах да бацькі Алена пасадзейнічала справе міру, хоць і не хавала пагардлівага да сябе стаўлення з боку каталіцкага святарства (яе адмовіліся каранаваць на польскі сталец у 1501 годзе) і выказвала занепакоенасць, што па смерці сужэнца над ёй будзе ўчынены гвалт[11].
Шлюб Алены і Аляксандра быў бяздзетны. Па скону вялікага князя ў 1506 годзе яе брат, вялікі князь маскоўскі Васіль III, паспрабаваў з дапамогай Алены заняць літоўскі сталец, разлічваючы такім чынам без вайны аб’яднаць рускія землі[5]. Аднак каралём стаў Жыгімонт I, што адмоўна адбілася на лёсе княжацкае ўдавы. У наноў выбухлай маскоўска-літоўскай войне Жыгімонт напачатку спрабаваў скарыстацца яе ўплывам на Васіля, каб нейтралізаваць мяцежнага Глінскага, але пасля таго, як Васіль даў апошняму прытулак, новы манарх цалкам ахаладзеў да Алены[11].
Каля 1511 35-гадовая Алена вырашыла вярнуцца ў Маскву. У Вільні аўдавелая княгіня адчувала сябе самотна, у той час як у Маскве пражывала яе радзіна. Дзеля ад’езду Алене было неабходна атрымаць згоду Жыгімонта, што было немажліва праз благія стасункі з Масквой, а таксама праз праблему, звязаную з вывазам маёмасці. Вырашыўшы з’ехаць без дазволу, княгіня намервалася наведаць свае маёнткі побач з маскоўскай граніцай, адкуль яе меў забраць высланы Васілём аддзел. У 1511 план быў абгавораны з маскоўскім пасольствам — месцам сустрэчы быў абраны Браслаў, куды ў прызначаны час прыехаў аддзел на чале з князямі Пятром Адаеўскім і Сямёнам Курбскім. Аднак ад нейкага здрадніка планы Алены сталі вядомыя старосце віленскаму, які забараніў Яну Камароўскаму, гвардыяну францысканцаў, выдаваць Алене рэчы, перададзеныя ёй у Ордэн на захоўванне. Камароўскі, давераная асоба Алены, звярнуўся па раду да ваяводы Мікалаю Радзівіла, аднак той таксама выступіў супраць вяртання рэчаў.
Кароль Жыгімонт, атрымаўшы ад Алены скаргу, спярша зняў забарону[9], аднак неўзабаве загадаў арыштаваць княгіню. Цераз Трокі каралеўскія ваяводы даставілі Алену ў Бірштаны. Казна ў яе гарадах і воласцях была канфіскавана. Усё гэта стала адной з прычын пачатку чарговай літоўска-маскоўскай вайны 1512—1522 гадоў[5].
У 1513 37-гадовая Алена сканала. Паводле версіі храніста Яна Камароўскага, яна была атручана ключнікам па загаду ахвочага да яе багацця Мікалая Радзівіла, хоць ніякімі іншымі крыніцамі гэтая версія не пацвярджаецца[9]. У далейшым скарб Алены перайшоў да каралевы Барбары Запольскай. Жыгімонт адрэагаваў на звестку пра смерці Алены прыхільна, заўважыўшы ў лісце да кракаўскага біскапа, што яе скон пазбавіў дзяржаву ад мноства клопатаў[9].
Алена была пахавана ў віленскім Прачысценскім саборы[12].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.