Шанхайскі міжнародны сэтльмент (Шанхайскае міжнароднае паселішча; англ.: Shanghai International Settlement, кіт.: 上海公共租界) — тэрыторыя Шанхая, якая знаходзілася пад міжнародным кіраваннем з 1842 па 1943 гады.
Першапачаткова гэта быў адзін з пяці «дагаворных партоў », адкрытых Кітаем для знешняга гандлю ў адпаведнасці з палажэннямі Нанкінскага дагавора, які Цынская імперыя была вымушана падпісаць пасля паражэння ў Першай опіумнай вайне ў 1842 годзе. Порт знаходзіўся пад брытанскім кіраваннем. Неўзабаве паблізу размясціліся амерыканскі і французскі сэтльменты, і ў 1854 годзе для кіравання трыма сэтльментамі быў створаны аб’яднаны муніцыпальны савет. У 1862 годзе Шанхайская французская канцэсія вырашыла, што лепш існаваць незалежна, а брытанскі і амерыканскі сэтльменты ў наступным годзе фармальна аб’ядналіся ў Шанхайскі міжнародны сэтльмент.
Да канца 1918 года ў сэтльмент ўваходзілі пасяленцы з 17 краін свету: Вялікабрытаніі, ЗША, Японіі, Расіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Аўстра-Венгрыі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Іспаніі, Партугаліі, Перу, Мексікі і Швейцарыі[1].
У адрозненне ад такіх брытанскіх уладанняў, як Ганконг або Вэйхайвэй, Шанхайскі міжнародны сэтльмент заставаўся суверэннай кітайскай тэрыторыяй, і, да прыкладу, калі ў 1939 годзе Вялікабрытанія ўступіла ў вайну з Германіяй, нямецкія грамадзяне свабодна працягвалі сваю дзейнасць на яго тэрыторыі.
Міжнародны сэтльмент быў заняты японскімі войскамі ў снежні 1941 года, пасля нападу Японіі на Пёрл-Харбар. Паколькі Японская імперыя афіцыйна перадала сэтльмент марыянеткаваму кітайскаму ўраду, каб утрымаць урад Чан Кайшы ад заключэння сепаратнага міру з Японіяй, урады ЗША і Вялікабрытаніі ў пачатку 1943 года падпісалі з ім пагадненні аб адмове ад прывілеяў для сваіх падданых. Тым самым Шанхайскі міжнародны сэтльмент быў афіцыйна ліквідаваны.
Гісторыя
Першымі іншаземцамі, якія пасяліліся ў Шанхаі, былі падданыя Брытанскай імперыі. У 1843 годзе, пасля заканчэння Першай опіумнай вайны, Шанхай быў абвешчаны «адкрытым портам», і туды быў прызначаны брытанскі консул. Калі ён прыбыў на месца, кітайскі даатай Шанхая адмовіўся вылучыць будынак пад консульства, тады адзін кітайскі гандляр з Гуанчжоу, які ставіўся прыхільна да брытанцаў, прапанаваў свой дом. Праз год будынак для консульства быў пабудаваны ўнутры афіцыйных межаў сэтльмента, на поўдзень ад Сучжоухэ . Пасля Францыя і ЗША таксама падпісалі з цынскай імперыяй дагаворы, якія давалі іх падданым экстэрытарыяльныя правы ў Кітаі, аналагічныя брытанскім, але спачатку яны згаджаліся з тым, што замежнае паселішча ў Шанхаі дзейнічае пад брытанскай консульскай юрысдыкцыяй.
У 1844 годзе амерыканскі дыпламат Калеб Кушынг заключыў з цынскім урадам Вансяскі дагавор , у адпаведнасці з якім амерыканцы атрымалі ў «дагаворных партах » тыя ж правы, што і брытанцы. Артыкулы дагавора рабілі Шанхай экстэрытарыяльнай зонай, хоць і не выводзілі яго з-пад кітайскай юрысдыкцыі. Толькі ў 1845 годзе брытанцы пайшлі па слядах амерыканцаў і падпісалі пагадненне, якое дазваляла брытанскім падданым арандаваць у Шанхаі зямлю на нявызначаны перыяд часу. Наяўнасць пасады амерыканскага консула не стварала для брытанцаў праблем, бо ён ніколі не займаў гэтую пасаду асабіста. Паколькі амерыканскім гандлярам у Кітаі забаранялася гандляваць опіумам, яны рабілі гэта праз брытанскія фірмы. У 1848 годзе на тэрыторыі паміж паўднёвай мяжой брытанскага сэтльмента і паўночнай мяжой абнесенага сцяной кітайскага горада была ўтворана Шанхайская французская канцэсія , якая падпарадкоўвалася французскаму консулу.
11 ліпеня 1854 года група заходніх бізнесменаў, нягледзячы на пратэсты консульскіх работнікаў, сабралася на першы (пасля стаў штогадовым) сход Шанхайскага муніцыпальнага савета і выпрацавала правілы абыходжання з зямлёй, што заклала асновы самакіравання. Мэтай першага сходу была дапамога ў будаўніцтве дарог і ліквідацыя падвойнага падаткаабкладання пры перамяшчэнні каштоўнасцяў з адной канцэсіі ў іншую.
Падчас Тайпінскага паўстання, калі замежныя канцэсіі аказаліся адрэзанымі ад мора (з аднаго боку — маньчжурскімі ўрадавымі войскамі, з другога — паўстанцамі з «Таварыства малых мячоў »), замежныя падданыя, якія жылі на тэрыторыі замежных канцэсій, адмовіліся плаціць падаткі кітайскаму ўраду, за выключэннем збораў за карыстанне зямлёй і морам (фармальна — на той падставе, што будынак Шанхайскай мытні быў спалены ў ходзе баявых дзеянняў). Таксама яны дэкларавалі права на адсутнасць кітайскіх войскаў на тэрыторыі канцэсій — раней тут дазвалялася сяліцца толькі іншаземцам, цяпер жа туды лінуў паток кітайцаў, якія ратаваліся ад тайпінаў, і пражыванне кітайцаў на тэрыторыі замежных канцэсій было паступова легалізавана. У 1863 годзе Амерыканская канцэсія афіцыйна аб’ядналася з брытанскай ў Шанхайскі міжнародны сэтльмент; на поўдзень утварылася Французская канцэсія, а тэрыторыя кітайскага горада і зямля вакол канцэсій засталася пад юрысдыкцыяй кітайскага ўрада. Пасля такі падзел часам прыводзіў да бюракратычнага абсурду (напрыклад, каб праехаць праз горад на аўтамабілі, патрабавалася мець тры вадзіцельскія ліцэнзіі).
У канцы 1860-х гадоў пытанні паўсядзённага жыцця ўзяў на сябе Шанхайскі муніцыпальны савет (кітайская назва — 工部局, «аддзел работ», ад традыцыйнай англійскай назвы мясцовых выканаўчых органаў «Board of works»). Юрыдычна ўлада ў сэтльменце належала брытанскаму консулу, аднак на практыцы яго рашэнні ўступалі ў сілу толькі пасля адабрэння Саветам, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных заходніх краін, уключаючы брытанцаў, амерыканцаў, датчан і немцаў; большасць месцаў у Савеце займалі падданыя Брытанскай імперыі, яны ж узначальвалі ўсе дэпартаменты. Адзіным выключэннем быў муніцыпальны аркестр, які ўзначальваў італьянец. Да 1928 года ў Савет забаранялася абірацца кітайцам, нават тым, хто пастаянна пражываў на тэрыторыі сэтльмента.
Міжнародны сэтльмент меў уласныя пажарную службу, паліцыю , а часам — і ўласныя войскі ; пасля беспарадкаў у брытанскай канцэсіі ў Ханькоу ў 1927 годзе для ўзмацнення абароны Шанхая прыбылі батальён брытанскай арміі (вядомы як «Сілы абароны Шанхая ») і кантынгент марской пяхоты ЗША. У сярэдзіне 1880-х Савет кантраляваў увесь гарадскі бізнэс, уключаючы гандаль опіумам і прастытуцыю (забароненыя адпаведна ў 1918 і 1920 гадах).
У канцы XIX стагоддзя Японская імперыя пачала актыўную экспансію. У 1915 годзе колькасць японскіх падданых перавысіла ў Шанхаі колькасць брытанскіх падданых, а ў пачатку 1930-х гадоў японцы складалі 80 % замежнікаў у Шанхаі. Японцы сяліліся ў асноўным у раёне Хунцяа , які ператварыўся ў неафіцыйны японскі сэтльмент; парадак там падтрымлівалі Паліцыя японскага консульства і японскія члены Шанхайскай муніцыпальнай паліцыі, хоць афіцыйна гэты «маленькі Токіа» і не ўваходзіў у склад Міжнароднага сэтльмента.
У 1932 годзе на тэрыторыі міжнароднага сэтльмента пражывала 1 040 780 кітайцаў. У 1937 годзе, пасля пачатку япона-кітайскай вайны , на тэрыторыі сэтльмента схавалася яшчэ 400 тысяч чалавек. 8 снежня 1941 года, пасля ўступлення Японіі ў Другую сусветную вайну, яе войскі ўвайшлі на тэрыторыю Міжнароднага сэтльмента. Французскія і амерыканскія часткі капітулявалі без адзінага стрэлу, брытанская рачная кананерка «Peterel » адмовілася здацца і была знішчаная. Консулы і старэйшыя кіраўнікі засталіся без сваіх пасад, але еўрапейскі персанал ніжняга звяна працягваў працу на сваіх месцах у адміністрацыі да лютага 1943 года, калі ўсе еўрапейцы ў Шанхаі былі інтэрнаваныя.
У лютым 1943 года Вялікабрытанія і ЗША заключылі пагадненні з кітайскім урадам аб вяртанні сэтльмента пад кітайскую юрысдыкцыю. Аднак гэта адбылося толькі на паперы, паколькі Шанхай знаходзіўся пад японскай акупацыяй. У ліпені 1943 года японцы пераўтварылі Шанхайскі муніцыпальны савет у гарадскі ўрад Шанхая, які падпарадкоўваўся праяпонскаму марыянеткаваму кітайскаму ўраду.
Па заканчэнні вайны і вывадзе японскіх войскаў у горадзе была створана ліквідацыйная камісія, каб урэгуляваць дэталі перадачы. Да канца 1945 года большасць замежных падданых, якія не ўдзельнічалі ў кітайскай грамадзянскай вайне альбо не былі занятыя бізнэсам у Шанхаі, пакінулі яго. Пасля выгнання гаміньданаўцаў з Шанхая ў 1949 годзе ўвесь горад быў аб’яднаны ў адзінай структуры кіравання.
Структура грашовага абарачэння
Схема грашовага абарачэння ў Кітаі XIX стагоддзя была даволі складанай. Адзінай грашовай сістэмы не было. У розных частках Кітая выкарыстоўваліся розныя грошы, аднак паўсюдна хадзілі сярэбраныя іспанскія долары , якія на працягу некалькіх стагоддзяў паступалі з Мексікі на Манільскіх галеонах . Да 1840-х гадоў яны чаканіліся ў Мехіка, у выніку чаго пасля ўтварэння незалежнай Мексікі яны сталі замяняцца на мексіканскія даляры.
У Шанхаі ў канцэнтраваным выглядзе адбілася складанасць эканомікі, якая існавала на кітайскім ўзбярэжжы. Кітайцы вялі разлікі ў срэбры, што не заўсёды адпавядала манетам, якія былі ў абарачэнні. Асноўнай мерай вагі срэбра быў лян , які існаваў у розных варыянтах: мытны лян (для знешняга гандлю), баваўняны лян (для гандлю бавоўнай) і г. д. У Шанхаі быў уласны лян, блізкі па вазе да мытнага ляну і таму папулярны сярод замежных бізнесменаў. У Кітаі хадзілі розныя манеты — ад медных цяняў да срэбных мексіканскіх долараў. Еўрапейскія і паўночнаамерыканскія каланіяльныя банкі выпускалі і папяровыя грошы («Chartered Bank Of India, Australia and China» адзін час выпускаў у Шанхаі банкноты, намінаваныя ў мексіканскіх доларах). Замежная валюта афіцыйнага хаджэння ў Шанхаі не мела (за выключэннем іен у «маленькім Токіа»).
У 1899 годзе ў Кітаі ў якасці грашовай адзінкі быў уведзены кітайскі юань, які афіцыйна быў роўны 7 цяняў 2 фэні. Банкноты намінаваліся альбо ў доларах, альбо ў юанях. Пасля аб’яднання краіны сіламі партыі Гаміньдан, 6 красавіка 1933 года быў выдадзены закон аб уніфікацыі грашовай сістэмы, першыя рэспубліканскія юані чаканілі менавіта ў Шанхаі, і ўжо потым дастаўлялі ў Нанкін.
Паштовая служба
Пошта ў Шанхаі існавала ўжо ў часы імперыі Мін, аднак калі ён стаў дагаворным портам , іншыя дзяржавы пачалі перасылаць сваю пошту праз уласныя консульствы. Англічане першапачаткова выкарыстоўвалі звычайныя брытанскія паштовыя маркі з наддрукоўкай наміналу ў мясцовай валюце, аднак з 1868 года перайшлі на ганконгскія маркі, намінаваныя ў доларах. У Шанхаі ў 1865 годзе Міжнародны сэтльмент прыступіў да выпуску ўласных паштовых марак, намінаваных у шанхайскіх лянах.
Усю паштовую службу сэтльмента кантраляваў Шанхайскі паштамт, аднак пошта, якая праходзіць праз «дагаворны порт», павінна была ісці праз паштамт цынскай імперыі. У 1922 годзе Шанхайскі і Кітайскі паштамты былі аб’яднаны ў адзіны Кітайскі паштамт. Японія адмаўлялася карыстацца гэтым сэрвісам, і доўгі час уся японская пошта дастаўлялася ў Шанхай ў валізах, якія карысталіся дыпламатычнай недатыкальнасцю.
Зноскі
- William C. Johnstone, «International Relations: The Status of Foreign Concessions and Settlements in the Treaty Ports of China», The American Political Science Review, no 5, Oct. 1937, p. 942.
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.