From Wikipedia, the free encyclopedia
«Твін Пікс» (англ.: Twin Peaks) — амерыканскі драматычны тэлесерыял, створаны рэжысёрам Дэвідам Лінчам і сцэнарыстам Маркам Фростам[5][6][7]. Дзея серыяла адбываецца ў выдуманым мястэчку Твін Пікс на паўночным захадзе штата Вашынгтон побач канадскай мяжы[5][6].
Серыял упершыню выйшаў у эфір у ЗША на канале ABC і трансляваўся з 8 красавіка 1990 да 10 чэрвеня 1991 года. Прэм'ера сабрала каля тэлеэкранаў 8 150 000 гледачоў[5][8]. Сам Лінч зняў шэсць серый, а рэшту здымалі запрошаныя рэжысёры. Супрадзюсарам фільма выступіла кампанія Аарона Спелінга, дыстрыбуцыяй займалася кампанія Worldvision Enterprises. Серыял складаецца з 30 серый, падзеленых на два сезоны, уключаючы пілотную серыю — 7 серый першага сезона і 22 серыі другога. У 1992 годзе быў зняты прыквел «Твін Пікс: Агонь, ідзі са мной», які ў амерыканскім пракаце абярнуўся камерцыйным правалам. У 2007 годзе часопіс «Time» уключыў серыял у лік найлепшых ТВ-шоу ўсіх часоў. 21 мая 2017 года пачаўся паказ трэцяга сезона з 18 серый, здымкі якога пачалася ўвосень 2015 года і скончылася ў красавіку 2016 года. Усе серыі новага сезона зняў Дэвід Лінч. Сезон пазіцыянавалі не як серыял, а як падзелены на васямнаццаць частак фільм.
Асноўная сюжэтная лінія серыяла ў першых 16 серыях — гісторыя расследавання спецыяльным агентам ФБР Дэйлам Куперам жахлівага забойства старшакласніцы Лоры Палмер у мястэчку Твін Пікс, што ў штаце Вашынгтон.
Перад гледачамі серыяла адкрываецца жыццё невялікага правінцыйнага мястэчка, населенага дружнымі, наіўнымі і трохі эксцэнтрычнымі людзьмі.
Гісторыя пачынаецца з навіны пра знойдзенае цела Лоры Палмер, абверчанае ў поліэтылен і вынесенае хвалямі на бераг возера. У ходзе расследавання пад падазрэнне Купера, шэрыфа Трумана і яго памочнікаў трапляюць розныя жыхары Твін Пікс. З часам глядач адкрывае для сябе цёмны і страшны бок жыцця насельнікаў, на першы погляд, ціхага мястэчка.
Дзея першых двух сезонаў адбываецца ў 1989 годзе, дзе кожная серыя, за рэдкім выключэннем, – гэта адзін дзень з жыцця мястэчка.
Прыблізны час дзеі трэцяга сезона — праз 25 гадоў пасля забойства Лоры Палмер, але ёсць і флэшбэкі (1945 і 1956 гады). У адрозненне ад папярэдніх сезонаў, дзе падзеі разгортваліся ў Твін Пікс, геаграфія падзей трэцяга істотна пашырылася. Сезон збудаваны на ўяўленнях пра ірэальнасць свету і глядач вымушаны самастойна вызначаць сэнс убачанага на экране.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.