Remove ads
сярэдневяковая усходнеславянская дзяржава на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі, Украіны, (часткова) Латвіі, Польшчы і Эстоніі ў IX — XII ст. From Wikipedia, the free encyclopedia
Русь або Руская зямля — сярэдневяковая ўсходнеславянская дзяржава ў X—XII стст. на тэрыторыях сучасных Украіны, Беларусі, Расіі, а таксама (часткова) Малдовы, Польшчы і Эстоніі. Найвышэйшага росквіту дзяржава з цэнтрам у Кіеве дасягнула ў першай палове XI ст. падчас уладарства Яраслава Уладзіміравіча. З 1130-х гадоў распадаецца на землі-княствы, галоўнымі з іх былі Кіеўская, Чарнігаўская, Пераяслаўская, Галіцкая, Валынская, Полацкая, Уладзіміра-Суздальская, Смаленская і Наўгародская землі.
Паняцце «Кіеўская Русь» уведзены ў навуковы зварот гісторыкамі для азначэння перыяду існавання ўсходнеславянскай дзяржавы Русь, а таксама тэрыторыі, якімі ўладала дынастыя Рурыкавічаў (да сярэдзіны ХІІІ ст.), калі цэнтрам гэтай дзяржавы быў Кіеў. Гістарычна назва «Русь» ужывалася ў вузкім і шырокім значэннях. У X—XIII стст. у вузкім сэнсе пад Руссю разумелася Сярэдняе Падняпроўе (тэрыторыя Украіны). У ХІІІ—XIV стст. пашырылася этнаканфесійнае значэнне — Руссю пачынаюць называць усе ўсходнеславянскія землі. Гэта засведчана ў берасцяных граматах і літаратурных творах (гл. Слова пра пагібель Рускай зямлі). Найбольш шырокае значэнне зафіксавана датычна ўсіх праваслаўных краёў, дзе богаслужэнне вялося на царкоўнаславянскай мове: усходнеславянскія, румына-малдаўскія і паўднёваславянскія землі (гл. Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх).
Гл. таксама: Паходжанне назвы Русь.
«Аповесць мінулых гадоў» датуе 862 годам запрашэнне славянамі і фіна-уграмі на княжанне варагаў. Паводле летапіснага падання, варагі на чале з Рурыкам прыйшлі ў горад Ладагу, потым — у Ноўгарад, а каля 880 года князь Алег перанёс цэнтр улады ў Сярэдняе Падняпроўе, у Кіеў. Неўзабаве Кіеў пазбавіўся хазарскай залежнасці, на працягу X ст. падпарадкаваў сабе ўсходнеславянскія этнапалітычныя аб’яднанні. Росквіту Русі спрыяла геаграфічнае становішча, праз краіну праходзілі важныя гандлёвыя шляхі «з варагаў у грэкі» (з Балтыйскага да Чорнага мора, па Дняпры) і з Балтыйскага мора ў краіны Сярэдняй і Усходняй Азіі, па Волзе. Кіеўская Русь экспартавала ў іншыя краіны футра, воск, мёд.
К канцу X ст. варажскі ўплыў на Русі паступова змяншаецца, хаця княжацкая дружына да сярэдзіны XI ст. заставалася пераважна варажскай.
Падчас княжання Святаслава (945—972) Русь нанесла паражэнні хазарам і булгарам.
У 988 годзе князь Уладзімір (княжыў у 980—1015) зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй. Прыняўшы хрысціянства ўсходняга абраду, ён падкрэсліў стратэгічную скіраванасць Русі на супрацоўніцтва з Візантыяй. З прыняццем хрысціянства на Русі пачалі ўзводзіцца храмы і манастыры, якія сталі асяродкамі культуры.
Найвышэйшага росквіту дзяржава дасягнула ў XI ст. ва ўладарства Яраслава Уладзіміравіча.
Да сярэдзіны XII ст. Русь распадаецца на некалькі самастойных зямель і фактычна перастае існаваць як адзіная дзяржава. Большасць гэтых княстваў у XIII ст. спустошаны або падпарадкаваны мангола-татарамі.
У другой палове XIII — пачатку XIV стагоддзя на тэрыторыях былой Русі ўзнікаюць новыя палітычныя цэнтры — Каралеўства Русі, Вялікае Княства Літоўскае і Вялікае Княства Маскоўскае. Ад апошняга бярэ пачатак сучасная Расія. Гэтыя дзяржавы распачалі між сабой жорсткую барацьбу за спадчыну даўняй Русі.
У Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. Руссю называлі ўсходнебеларускія землі. З XVIІ ст. за паўночна-ўсходняй Беларуссю замацоўваецца назва Белая Русь.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.