Remove ads
помнікі пісьменства, лісты або запіскі, часам малюнкі, зробленыя на бяросце (кавалку знятай кары бярозы) From Wikipedia, the free encyclopedia
Берасцяныя граматы — пісьмы, запіскі і дакументы на бяросце, помнікі пісьмовасці XI—XV стст., якія выяўлены пры археалагічных раскопках сярэдневяковых гарадоў. Маюць вялікае значэнне як гістарычныя крыніцы аб паўсядзённым жыцці людзей, а таксама для вывучэння гісторыі развіцця ўсходнеславянскіх моў. З'яўляюцца адным з важных сведчанняў таго, што на ўсходнеславянскіх землях пісьмовасць была пашырана не толькі сярод феадалаў і духавенства, але і ў простых гарадскіх жыхароў.
На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі вострай касцяной або жалезнай палачкай — пісалам. Верагодна, берасцяная пісьменнасць была распаўсюджана ва многіх месцах, аднак не паўсюль мясцовы грунт спрыяе захаванню бяросты пасля траплення ў зямлю. Першая берасцяная грамата была выяўлена ў 1951 годзе ў г. Ноўгарадзе. Яе знайшла жыхарка горада Ніна Акулава, якая прыйшла на раскопкі падпрацаваць падчас водпуску па цяжарнасці (на яе магіле цяпер усталяваны помнік у гонар гэтай знаходкі, а на месцы раскопа — памятны знак). Берасцяным граматам прысвойваюцца нумары па парадку іх выяўлення.
У Беларусі выяўлены 3 берасцяныя граматы: у Віцебску (кан. XIII ст., знайшоў у 1959 г. пры будаўнічых працах экскаватаршчык Я. Фралоў), і 2 на Замкавай гары ў Мсціславе, Магілёўская вобласць — пачатку XIII ст. (знойдзена ў 1980 г., археолаг Л. В. Аляксееў) і першай паловы XII ст. (знойдзена ў 2014 г., археолаг І. А. Марзалюк). Акрамя таго, у 2014 г. у Мсціславе знойдзены фрагмент берасцяной граматы на якім фіксуюцца 2 літары і княжацкі знак у форме трызуба[1].
У Расіі берасцяныя граматы выяўлены ў наступных месцах: Ноўгарад — 1067 грамат і 1 берасцяная грамата-іконка; Старая Руса (Наўгародская вобласць) — 45 грамат; Таржок (Цвярская вобласць) — 19; Смаленск — 16; Пскоў — 8; Цвер — 5; Масква — 4; в. Старая Разань (на гарадзішчы сярэдневяковага г. Разань, Кутукоўскае сельскае пасяленне, Спаскі раён, Разанская вобласць) — 1, Волагда — 1 (звесткі на 2015 г).
Ва Украіне берасцяная грамата знойдзена ў в. Звенігарад (сярэдневяковы горад Звенігарад) — Пустамыціўскі раён, Львоўская вобласць.
Найбольш ранняя з іх (XI ст.) выяўлена ў Ноўгарадзе, яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка або Віцебска. Асноўная тэма грамат XI— XII стст. — крэдыторства, пазыка грошай у доўг; у XIII—XV стст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы з гаспадарчых угоддзяў, абавязацельствы, завяшчанні.
Звесткі, якія даюць берасцяныя граматы ў галіне фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу, каштоўныя для вывучэння гісторыі беларускай мовы. Для іх характэрна адсутнасць царкоўнаславянскай кніжнай лексікі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.