аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Смалья́ны[2] (трансліт.: Smaĺjany, руск.: Смольяны) — аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Дзярноўцы. Адміністрацыйны цэнтр Смальянскага сельсавета.
Аграгарадок
Смальяны
| ||||||||||||||||||||||||||
Знаходзяцца за 20 км на паўночны захад ад Оршы, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Смальяны, за 200 м на поўдзень ад аўтамабільнай дарогі Р15 (Орша — Лепель). Насельніцтва на 2009 год — 593 чалавекі[3].
На думку краязнаўца А. Шынкевіча, тапонім «Смальяны» ўтварыўся ад слова «смала», якую тут некалі гналі ў мясцовых смалакурнях. Паводле Андрэя Мяцельскага, назва паселішча мае сувязь з яго размяшчэннем на мяжы Полацкага і Смаленскага княстваў[4].
Упершыню згаданы як маёнтак Смальяны ў Аршанскім намесніцтве, уладанне князя Сямёна Іванавіча Бельскага, у прывілеі яму ад 25 жніўня 1484 года, з гэтага ж прывілея вынікае, што раней маёнтак быў дажывотным уладаннем яго маці княгіні Васілісы Бельскай з Гальшанскіх.
Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў мястэчка ў складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.
У розныя часы Смальяны знаходзіліся ў валоданні князеў Курбскіх , Астрожскіх, Сангушкаў і іншых. Да 1626 года князь Сямён Сангушка-Ковельскі збудаваў тут мураваны замак Белы Ковель, які пацярпеў ад ваенных дзеянняў у часе войнаў 1654—1667 і 1700—1721 гадоў. Аднак заняпад замка пачаўся ў канцы XVIII стагоддзя, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя пасля паўстання 1830—1831 гадоў новы гаспадар паселішча калежскі асэсар Васіль Сямёнаў прадаў збудаванні на цэглу[5].
Статус мястэчка Смальяны мелі з 1678 года. У 1680 годзе тут збудавалі мураваны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ордэна дамініканцаў, а ў 1742 годзе — драўляную ратушу і важніцу.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Смальяны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабіліся цэнтрам воласці Аршанскага павета. У 1792 годзе тут збудавалі драўляную Спаса-Праабражэнскую, а ў 1864 годзе — мураваную Аляксееўскую цэрквы.
У вайну 1812 года 13—14 лістапада пад Смальянамі адбылася бітва паміж расійскімі і французскімі войскамі. У 1877 годзе мястэчка наведаў мастак Напалеон Орда, які замаляваў магілу Тамаша Зана.
На 1880 год у Смальянах было 252 будынкі, 55 крам, 4 царквы, касцёл, 4 малітоўныя дамы, сінагога. У 1900 годзе адкрылася сельскагаспадарчая школа. У пачатку XX стагоддзя існавалі гарбарны і цагельны заводы, бальніца, аптэка, народная чытальня, пошта, вадасховішча з дамбай і шлюзамі, дзе гадавалі карпаў.
У 1895—1914 гадах дзейнічала Смальянская спіртаачышчальная фабрыка. Мела паравыя машыны. У 1895 годзе ён перапрацавана 31 тыс. пудоў жыта, 46 тыс. пудоў ячменю, 11 293 тыс. пудоў бульбы. У 1913 года працавала 55 рабочых, выраблена 3 млн градусаў спірту.
1 студзеня 1919 года паводле пастановы І з’езду КП(б) Беларусі Смальяны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня перададзены разам з іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года Смальяны вярнулі БССР, дзе яны былі вёскай і цэнтрам сельсавета Аршанскага раёна.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў Смальянах існавала гета , вязні якога былі растраляны 5 кастрычніка 1942 года. Загінула 560—610 яўрэяў[6] (паводле іншых звестак — 800[7]). Выратаваўся толькі Каган Навум, які пасля ўступіў у партызанскі атрад.
Станам на 1999 год 537 гаспадарак. У наш час у Смальянах дзейнічае толькі драўляная праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква 2-й паловы XVIII стагоддзя.
У 2011 годзе ў склад аграгарадка ўвайшла вёска Агранамічная[8].
У Смальянах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі. Дзейнічае сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова — Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.