From Wikipedia, the free encyclopedia
Плошча 2010 — масавая акцыя пратэсту ў Беларусі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбраў, якая адбылася 19 снежня 2010 года і была жорстка разагнаная.
У акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці ў Мінску ўзялі ўдзел ад 10 да 60 тысяч чалавек[1][2]. Было аб'яўлена пра стварэнне народнага руху за свабодныя выбары без Лукашэнкі. Некаторыя ўдзельнікі спрабавалі прарвацца ў Дом урада. Адбыліся сутычкі са спецназаўцамі. У выніку дзясяткі людзей былі затрыманыя і збітыя, у тым ліку і кандыдаты на прэзідэнта Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі[3].
Яшчэ напярэдадні выбараў Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч заклікалі сваіх прыхільнікаў да сходу на Кастрычніцкай плошчы Мінска 19 снежня. Да яе былі сцягнуты ўзмоцненыя сілы міліцыі. У Мінску былі недаступныя шэраг апазіцыйных сайтаў, а таксама LiveJournal, Twitter і некаторыя іншыя сайты[4][5]. Таксама недаступныя сайты па абароненым пратаколе HTTPS. Акрамя таго, падчас нападу працяглы час былі недаступныя апазіцыйныя сайты «Беларускі партызан» і «Хартыя’97»[6].
Яшчэ да пачатку збору, а палове на восьмую, невядомымі ў чорным быў здзейснены напад на калону Уладзіміра Някляева, якая накіроўвалася на плошчу. Падчас збіцця Уладзімір Някляеў страціў прытомнасць, яго забрала «хуткая дапамога»[7]. Кандыдата ў прэзідэнты збіваў камандзір «Алмаза» Мікалай Карпянкоў[8].
Іншыя вылучэнцы ад апазіцыі а 20-й гадзіне далучыліся да сваіх прыхільнікаў на плошчы. Праз гадзіну 5 вылучэнцаў узялі ўдзел у шэсці да плошчы Незалежнасці, дзе размяшчаецца Дом Урада, дзе засядаюць Нацыянальны сход Беларусі і Цэнтральная выбарчая камісія, дзе ў той час ішоў падлік галасоў. Там быў зладжаны мітынг і спроба дамагчыся перамоў з урадам.
Падчас акцыі пратэсту група нявызначаных асоб спрабавала ўзяць штурмам Дом урада, разбіўшы пры гэтым шкло і выламаўшы дзверы.[9] Высоўвалася таксама версія[10][11], што шкло і дзверы ў Доме Урада былі разбіты правакатарамі[12]. У адказ на гэта міліцыя без разбору пачала збіваць мірных удзельнікаў шэсця, што прывяло да нанясення некалькім дэманстрантам чэрапна-мазгавых траўмаў і пакідання плошчы большасцю ўдзельнікаў шэсця. Каля 5 тысяч з іх засталіся разам з Саннікавым і Рымашэўскім. Апоўначы пасля спробаў арганізатараў мітынгу выклікаць на перамовы кіраўніцтва сілавых структур сотні міліцыянераў разагналі і іх. Былі затрыманы Кастусёў, Міхалевіч, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч і Вус[13][14], кіраўнікі іх штабоў і давераныя асобы, некалькі сотняў прыхільнікаў, таксама шэраг журналістаў і замежных грамадзян. Акрамя таго пры разгоне мітынгу ад дзеянняў міліцэйскіх спецпадраздзяленняў пацярпелі дзясяткі пераапранутых міліцыянераў, якія знаходзіліся ў натоўпе[11]. Збіты раней Уладзімір Някляеў вывезены супрацоўнікам КДБ з бальніцы[15].
Разам з гэтым, адзін з кандыдатаў у Прэзідэнты Віктар Цярэшчанка, які не прымаў ніякага ўдзелу ў акцыі і адразу прызнаў сваё паражэнне ад Лукашэнкі, яшчэ 20.12.2010 апублікаваў на сваім сайце інфармацыю, што «яшчэ за 10 дзён да штурму Дому ўрада кандыдаты ў прэзідэнты прапанавалі разгледзець гэты сцэнарый» і запрасілі яго ўдзельнічаць, але ён адмовіўся[16]. Пры гэтым Цярэшчанка прызнаўся, што з-за сітуацыі, якая склалася пасля прэзідэнцкіх выбараў, ён планаваў эміграваць разам з сям'ёй прасіць палітычнага прытулку ў іншай краіне[17].
Арганізатары заявілі, што акцыя будзе бестэрміновай і заклікалі ўсіх прыйсці на плошчу Незалежнасці ў панядзелак 20 снежня а 18-й гадзіне[3]. На наступны дзень пасля выбараў — 20 снежня ў 18:00 на Плошчы Незалежнасці сабралася ад 50 да 200 чалавек, якія былі разагнаны АМАПам, частка пратэстуючых была арыштавана.
20 снежня Лукашэнка паведаміў аб арышце 639 асоб і пацвердзіў, што вылучэнцаў у прэзідэнты дапытвалі ў месцах зняволення КДБ[18]. 29 снежня Някляева, Рымашэўскага, Саннікава і Статкевіча абвінавацілі ў арганізацыі недазволенага грамадскага мерапрыемства, што паводле артыкула 293 КК прадугледжвала зняволенне ад 5 да 15 год. 17 лютага ўдзельніка кампаніі Някляева асудзілі да 4 гадоў зняволення. Большасць арыштаваных суды асудзілі да выплаты спагнанняў да 30 «базавых велічынь» (каля 265 еўра) і 15-дзённага зняволення. 31 снежня Міністэрства замежных спраў паведаміла пра спыненне паўнамоцтваў прадстаўніцтва АБСЕ ў Мінску па прычыне нежадання ўраду іх працягваць. 21 студзеня Лукашэнку прывялі да чацвёртай прэзідэнцкай прысягі[19].
Афіцыйная газета адміністрацыі Лукашэнка «СБ. Беларусь сегодня» на падставе рассакрэчаных дакументаў беларускіх спецслужбаў абвінаваціла ў дачыненні да падзей 19 снежня ў Мінску спецслужбы Польшчы і Германіі[20][21].
Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што факт біцця дзвярэй у Доме ўрада адмоўна паўплываў на падтрымку апазіцыі з боку грамадства[41].
Публіцыст Севярын Квяткоўскі мяркуе, што 19 снежня 2010 года ўлада зладзіла першую карную аперацыю, скіраваную не столькі на разгон пратэсту, колькі на застрашванне грамадзян. Плошча 2010 сталася апошняй буйной акцыяй «старой апазіцыі». Улада разлічвала, што «зачысціла» грамадскую прастору ад актывістаў. Але ўжо хутка выйшла новая генерацыя — з маўклівымі акцыямі пратэсту[42].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.