From Wikipedia, the free encyclopedia
Персі́дская мо́ва або фарсі́ (саманазва: فارسی, вымаўл. [fɒːɾˈsiː] або زبان فارسی, вымаўл. [zæ'bɒːne fɒːr'siː]) — адна з моў іранскай групы індаіранскай галіны індаеўрапейскай сям’і моў, распаўсюджаная найперш у Іране, Афганістане, Таджыкістане[1], а таксама ў многіх суседніх краінах.
Персідская мова, фарсі | |
---|---|
| |
Саманазва | فارسی (fārsi) |
Краіны | Іран, Афганістан, Таджыкістан, Узбекістан, Пакістан, Ірак, Кувейт, Бахрэйн |
Рэгіёны | Сярэдняя Азія, Пярэдняя Азія |
Афіцыйны статус |
Іран Афганістан (дары) Таджыкістан (таджыкская) |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Акадэмія персідскай мовы і літаратуры (Іран) |
Агульная колькасць носьбітаў |
|
Статус | у бяспецы[d] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Пісьменнасць | Persian alphabet[d] і арабскае пісьмо[d] |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | пер 535 |
ISO 639-1 | fa |
ISO 639-2 | fas і per |
ISO 639-3 | fas |
Ethnologue | fas |
ABS ASCL | 4106 |
IETF | fa |
Glottolog | fars1254 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Сённяшняя персідская мова — самая пашыраная мова з іранскай галіны. Персідская мова, саманазва якой фарсі (fârsi), а ў больш пурыстычнай форме парсі — афіцыйная мова Ісламскай Рэспублікі Іран. Мясцовыя адмены персідскай мовы з’яўляюцца дзяржаўнымі мовамі ў Афганістане (дары́ ці фарсі́-кабулі́) і ў Таджыкістане (тоджыкі, таджыкская мова). Агулам па-персідску размаўляюць каля 50 мільёнаў чалавек у Іране (каля 80 % насельніцтва), 7 мільёнаў у Афганістане (да 40 % насельніцтва), 4 мільёны ў Таджыкістане.
Агульная колькасць асоб, што лічаць мову роднай — каля 60 млн чал., яшчэ каля 50 млн размаўляюць як на другой[2].
У гісторыі персідскай мовы вылучаюць 3 перыяды: старажытны, сярэдні і новы. Мовы гэтых эпох адпаведна называюцца: старажытнаперсідскай, сярэднеперсідскай (пахлаві або пехлеві) і новаперсідскай (ці сучасны фарсі).
Старажытнаперсідская мова ўзнікла на паўднёвым захадзе Ірана (гістарычны рэгіён Парс, з якім звязваецца паходжанне мовы) і функцыянавала, на думку навукоўцаў, да III ці IV ст. да н.э. Была роднай мовай уладароў старажытнаперсідскай Ахеменідскай дзяржавы (farsi-ye hakhameneshyan). У пісьме выкарыстоўваўся клінапіс (які быў дастаткова развітай сістэмай пісьменнасці, бо ім паспяхова карысталіся самыя розныя мовы аж тры з палавінай тысячагоддзі). У пачатку I тыс. да н.э. сфарміравалася і роднасная старажытнаперсідскай авестыйская мова, літургічная мова, на якой былі напісаны рэлігійныя тэксты Авесты.
Мяркуецца, што старажытнаперсідскі клінапіс, які ўяўляе сабой спрошчаны від асіра-вавілонскага, выкарыстоўваўся Ахеменідамі толькі ў асабліва ўрачыстых момантах, а мовай дзяржаўнай канцылярыі была тагачасная міжнародная мова — арамейская. Пазней арамейская пісьменнасць стала выкарыстоўвацца ў персідскай мове, і на яе аснове былі створаны пісьменнасці, якія выкарыстоўваліся ў Іране да канчатковай ісламізацыі (сярэднеіранскія пісьменнасці).
Надпісы ўладароў Дарыя і Ксеркса захавалі да цяперашняга часу старажытнаперсідскую мову ў яе класічнай форме, якая адрознівалася багатай марфалогіяй, блізкай да сістэмы іншай старажытнаіранскай мовы — авестыйскай — і да сістэмы санскрыту. Пазнейшыя надпісы — Артаксеркса I і Артаксеркса II — сведчаць пра значнае спрашчэнне марфалогіі, а надпісы Артаксеркса III паказваюць, што ў яго часы (IV ст. да н.э.) пачынаўся сярэднеперсідскі перыяд развіцця мовы. Сярэднеперсідская мова адрозніваецца ад старажытнаперсідскай у асноўным марфалагічнай сістэмай. Спрашчэнне і распад старажытнаперсідскага скланення і спражэння, звядзенне розных катэгорый, класаў і склонаў да аднаго-двух, паступовае падзенне канчаткаў пад уплывам новага, экспіраторнага націску — увесь гэты працэс, пачатак якога прыкметны ўжо ў надпісах Артаксеркса III, прывёў у канцы сасанідскай эпохі (III—VII стагоддзі) да таго аналітычнага стану персідскай мовы, які назіраецца пазней у той жа мове ў помніках, напісаных новай, арабскай графікай — на новаперсідскай мове.
Сярэднеперсідская мова (пахлаві́) прыйшла на змену старажытнаперсідскай прыкладна ў 250 г. да н.э. і праіснавала ў тым ліку як афіцыйная мова дзяржавы Сасанідаў прыкладна да 700 года. Пасля заваявання Ірана арабамі ў VII ст. гэтая мова, як і старажытныя рэлігійныя веды ў закансерваваным выглядзе захаваліся ў зараастрыйскіх супольнасцях Ірана і ў нашчадкаў імігрантаў з Ірана — парсаў Індыі. Іменна парсы дапамаглі першым еўрапейскім даследчыкам дэшыфраваць старажытныя тэксты. На пісьме ў пахлаві выкарыстоўваліся варыянты арамейскага пісьма.
Вынікам арабскага заваявання і распаўсюджання ў Іране ісламу стала грунтоўнае пераўтварэнне мовы і з’яўленне новаперсідскай мовы, першыя помнікі якой вядомыя з IX ст. Яна выкарыстоўвае ўдасканаленае арабскае пісьмо (былі дабаўлены літары для гукаў [p], [ʧ], [ʒ], [g], змененыя фанетычныя значэнні многіх арабскіх літар і агаласовак). Персідская мова хутка трансфарміравалася пад уплывам арабскай. Часткова гэта тлумачыцца тым, што яшчэ да арабскага заваявання Ірана, у краіне, як і ва ўсім рэгіёне, шырока выкарыстоўвалася роднасная арабскай арамейская мова. Між тым, заваяваныя насельнікі Ірана мелі больш развітую культуру ў параўнанні з арабамі, што датычылася, у тым ліку, мовы і літаратуры. Арабы нават мусілі яшчэ доўгія гады працягваць весці сваё справаводства на заваяваных іранскіх землях на пахлаві, яе пісьменнасцю і пры дапамозе мясцовых сакратароў-адміністратараў сасанідскай школы.
Новаперсідская мова фарміравалася, як літаратурная мова персідскай арыстакратыі, што і адлюстроўвае старая назва гэтай мовы забан-і-дарі (прыдворная мова). З такім асяроддзем фарміравання звязаныя і многія яе рысы — пэўная іерархічная ўстаноўка, якая выяўляецца ў тым, што для цэлага рада паняццяў, і найперш для дзеясловаў, існуюць паралельныя рады слоў, якія ўказваюць, якія адносіны існуюць паміж суразмоўцамі, напрыклад, рознае сацыяльнае становішча суразмоўцаў ці ўзровень у грамадскай іерархіі. Напрыклад, паняцце «казаць» (паміж роўнымі — гофтан, пра вышэйшага — формудан, у яго прысутнасці і ўвогуле — арз кярдан). У новаперсідскую мову ў вялікай колькасці пранікалі арабскія запазычанні: арабскія словы звычайна выкарыстоўваліся паралельна з іх персідскімі адпаведнікамі. Новаперсідская мова дары пачала складвацца на аснове персідскіх гаворак Сярэдняй Азіі і паўночна-ўсходніх правінцый Ірана ў ІХ-Х стагоддзях.
Скора пасля ісламізацыі Ірана персідская мова стала другой па значэнні літаратурнай мовай ісламскага свету. Дзякуючы сваёй ролі ў ісламскай цывілізацыі персідская мова перажыла чарговую хвалю свайго пашырэння па ўсім Блізкім Усходзе, а таксама на Каўказе, у Сярэдняй Азіі і Індыі (у яе гістарычным значэнні, гэта значыць у сённяшняй Індыі і Пакістане). Персідская мова аказала велізарны ўплыў на фарміраванне мовы урду (а таксама і яе індыйскага варыянта хіндзі) і асманскай турэцкай мовы. Персідская мела ролю лінгва франка на ўсходзе ісламскага свету на працягу тысячагоддзя, што, у тым ліку, тлумачыцца параўнальнай прастатой яе граматыкі, марфалогіі і сінтаксісу.
Цяперашняя вобласць пашырэння персідскай мовы значна паменшылася ў параўнанні з адносна нядаўнім часам. Да 1835 года персідская мова была афіцыйнай мовай пры вядзенні дзяржаўных спраў на ўсім індыйскім субкантыненце (пазней яе змяніла англійская). На Каўказе персідская мова як мова адміністрацыі, справаводства і літаратуры (побач з асманскай) была паступова заменена на рускую мову толькі ў другой палавіне ХІХ ст.
Узбагаціўшыся запазычаннямі з арабскай, цюркскіх, мангольскай і еўрапейскіх моў у XX стагоддзі новаперсідская мова змагла ператварыцца ў дзейсны сродак зносін сучаснага грамадства ва ўсіх яго сферах.
Два іншыя варыянты мовы (мова дары і таджыкская) цяпер займаюць горшае становішча, што звязана з доўгатэрміновым заняпадам навукі ў Афганістане і інтэнсіўнай русіфікацыяй у Таджыкістане. Але ўсе тры варыянты застаюцца цалкам узаемна зразумелымі (прынамсі, у вуснай форме; для запісу сучаснай таджыкскай мовы выкарыстоўваецца кірыліца). На цяперашні час персідская мова, зазнаўшы тры гістарычныя этапы, мае тры рэгіянальныя варыянты і дзве пісьменнасці (арабска-персідскі алфавіт і кірыліцу). Пры ўсім гэтым яна захоўвае адзінства, што праяўляецца ва ўзаемазразумеласці яе дыялектаў — ад Паміра да Каўказа.
У Іране на персідскай мове размаўляе каля 50—60% насельніцтва краіны, яна з’яўляецца нацыянальнай мовай персаў і дзяржаўнай мовай Ірана. У краіне персідскай мовай звычайна валодаюць таксама іншыя іранскія народы (мазендэранцы, курды, белуджы і г.д.), а таксама народы неіранскага паходжання (напрыклад, азербайджанцы).
У якасці моў меншасці іранская мова мае распаўсюджанне ў Пакістане, ва Узбекістане (дзе сярод старажытнага насельніцтва іранскага паходжання існуюць прыкметныя супольнасці носьбітаў персідскай мовы), у Азербайджане і Дагестане (распаўсюджаная сярод народнасці татаў, што размаўляюць на ўласным дыялекце персідскай, а таксама горскіх яўрэяў, якія маюць падобныя дыялекты), а таксама ў іншых суседніх краінах і дыяспары.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.