From Wikipedia, the free encyclopedia
Нганаса́ны (саманазва ня) — карэнны народ Таймыра. Кампактна насяляюць паўночныя раёны Краснаярскага края Расіі. Падзяляюцца на ўсходнюю і заходнюю групы, кожная з якіх размаўляе на асабістым дыялекце. Агульная колькасць у Расіі (2010 г.) — 862 чал.
У традыцыйнай гістарыяграфіі нганасаны лічацца часткова нашчадкамі старажытнага палеаазіяцкага насельніцтва, відавочна блізкага да сучасных юкагіраў, якое з’явілася на Таймыры каля 4 тысяч гадоў таму і да XI ст. займалася паляваннем на дзікіх аленяў. Нганасаны як асобны этнас склаліся ў другой палове XVII ст. з далучэннем да старажытных карэнных насельнікаў самадыйскіх перасяленцаў, прадстаўнікоў розных племянных груп з поўдню. З самадыйцамі звязвалі ўзнікненне саннай аленегадоўлі. Аднак дадзены пункт гледжання меў статус гіпотэзы, паколькі археалагічныя матэрыялы за XII — XVII стст. адсутнічалі[1]. Сучасныя генетычныя даследаванні паказалі, што нганасаны — тыповыя самадыйцы, якія практычна не змешваліся з іншымі народамі[2][3].
З XVII ст. на Таймыры з’яўляліся рускія казакі. У перыяд паміж 1618 г. і 1638 г. яны фармальна падпарадкавалі продкаў нганасанаў і абклалі іх ясакам. У 1666 г., 1683 г. і ў пачатку XVIII ст. адбываліся лакальныя паўстанні нганасанаў, якія суправаджаліся ахвярамі сярод прышлых рускіх. Акрамя таго, расійскія пісьмовыя крыніцы зафіксавалі ваенныя сутычкі нганасанаў з ненцамі і эвенкамі. У XVIII — XIX стст. яны практычна не падпарадкоўваліся расійскаму ўраду, а кантакты з рускімі абмяжоўваліся выплатамі ясака і абменным гандлем. Характэрна адсутнасць сталай місіянерскай дзейнасці з боку праваслаўнай царквы ў дачыненні да тубыльцаў Таймыра. У 1907—1908 гг. адбылася эпідэмія воспы, што прывяла да істотнага скарачэння колькасці насельніцтва.
У 1921 г. да нганасанаў прыбылі першыя прадстаўнікі савецкай улады. З 1925 г. праводзіліся рэформы традыцыйнага ладу жыцця. Яны садзейнічалі разбурэнню родавых арганізацый. У 1931—1938 гг. адбылася калектывізацыя, пачалося будаўніцтва сталых паселішчаў на поўдзень ад традыцыйных тэрыторый (фактычна на землях, да таго занятых далганамі). У наш час жыхары гэтых паселішчаў складаюць аснову нганасанскага насельніцтва Таймыра. У 1938 г. была адчынена першая нганасанская нацыянальная школа.
Да 1930-х гг. рускія звычайна ўжывалі ў дачыненні да нганасанаў назву «самаеды», якую таксама распаўсюджвалі на астатнія самадыйскія народы. Неабходнасць у канкрэтызацыі прывяла да памылковай замены мовазнаўцамі старой назвы на штучную «нганасаны» (ад нанаса, нанасан — «чалавек»).
Колькасць нганасанаў у Расіі:
XVII ст. | 1926 г. | 1959 г. | 1979 г. | 1989 г. | 2002 г. | 2010 г. |
каля 1300 чал. | 887 чал. | 748 чал. | 867 чал. | 1278 чал. | 834 чал. | 862 чал. |
Нганасаны здаўна займаліся аленегадоўляй і паляваннем. У мінулым пераважала качавая гаспадарка, прычым рух сем’яў быў абумоўлены менавіта сезоннай міграцыяй дзікіх аленяў, якія з’яўляліся асноўнай здабычай паляўнічых. Разам са статкамі праводзілі зіму на мяжы тундры і тайгі, а ўлетку адкачоўвалі на поўдзень, дзе частка паляўнічых і пастухоў са свойскімі аленямі пакідала стойбішча. Астатнія лавілі рыбу і дзікіх гусакоў, назапашвалі на зіму драўніну. Некаторыя сем’і з вялікімі статкамі, што меней залежалі ад палявання, заставаліся ў тундры і ў халодны сезон. Увесну, калі харчы скончваліся, збіралі ядомае карэнне і перазімавалыя ягады.
Да пачатку XX ст. асноўнымі прыладамі для палявання былі дзіда, лук і стрэлы. Пясцоў ловяць з дапамогай пастак і самастрэлаў. Рыбу здабываюць сеткамі і касцянымі спіцамі, якія замяняюць крукі. Нганасанскія свойскія алені маларослыя і маладужыя ў параўнанні з ненецкімі, аднак добра прыстасаваны для клімату Таймыра, цягавітыя, хутка адыходзяць пасля бяскорміцы. Для пасьбы пастухі выкарыстоўваюць дапамогу каратканогіх сабак, так званых нганасанскіх лаек. У наш час у выніку павелічэння дзікага статка паўночных аленяў аленегадоўля стала адыгрываць меншую ролю, чым у мінулым.
Тэхніка вырабу розных прадметаў, апрацоўка дрэва, металаў і косці (у тым ліку мамантавай) доўгі час захоўвала архаічныя рысы. Апрацоўкай аленіх скур займаліся выключна жанчыны. Для дублення выкарыстоўвалі звярыную або рыбную печань. Частка скур ішла на выплату ясака або абменьвалася на тавары. Народная кухня ўключае значную колькасць мясных і рыбных страў. Мяса і рыбу назапашвалі пераважна ў кароткі летні сезон, сушылі на нартах, потым захоўвалі ў тлушчы. Мяса елі таксама сырым або замарожаным.
У паданнях нганасанаў кажацца, што іх продкі калісьці жылі ў зямлянках. Аднак у гістарычны перыяд асноўным жытлом служыў чум, падобны на ненецкі. Вопратку шылі з аленіх скур. Яна была двухслаёвай, але досыць лёгкай і прыстасаванай для доўгай пешай хады. Пакупныя чорныя тканіны выкарыстоўвалі толькі для аплікацый. Для язды на нартах шылі са скур мылі, цёплы мяшок, у які апускалі ногі. Увесну насілі сеймі-кунды, акуляры з металічных пласцін з вузкімі прарэзамі.
Асноўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляецца род, які падзяляецца на малыя нуклеарныя сем’і. У мінулым шлюбы заключаліся толькі паміж прадстаўнікамі розных родаў. Шлюбы са сваякамі па лініі бацькі і маці забараняліся да трэцяга пакалення. Дашлюбныя сексуальныя сувязі і дзеці, народжаныя да стварэння сям’і, лічыліся нормай. У наш час звычай экзагаміі ўжо не з’яўляецца жорсткім.
Нягледзячы на тое, што нганасаны — малы народ, яны маюць надзвычай багаты фальклор, уласную міфалогію, паэтычную і эпічную спадчыну. Музыка і спевы да нядаўняга мінулага разглядаліся толькі як частка сакральнага жыцця. Музычныя інструменты нганасанаў — бубен з выбівачкай, «спеўны» лук, розныя імітатары прыродных гукаў, што ладзіліся з трыснягу, драўніны і птушынага пер’я. Кожны нганасан меў асабістую песню, якую прыдумляў сам або атрымоўваў у падарунак. Яна мела ўстойлівы матыў, але дазваляла стала імправізаваць са словамі.
Нганасанская мова адносіцца да самадыйскай групы моў. Падзяляецца на два асноўныя дыялекты. Спроба стварэння першай граматыкі была няўдала прадпрынята яшчэ ў XIX ст. У наш час карыстаюцца алфавітам на аснове кірыліцы.
Нганасаны захавалі старажытныя вераванні і шаманісцкую абраднасць. У іх аснове знаходзіцца шанаванне навакольнага свету, сонца, месяца, зорак, агня, розных жывёл і іх выяў у форме духаў-маці. Шаманы арганізоўвалі агульныя святы, займаліся лячэннем хворых. У нашы дні многія рэлігійныя звычаі адраджаюцца зноў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.