From Wikipedia, the free encyclopedia
«Набука» (італ.: Nabucco) — опера ў чатырох дзеях Джузэпэ Вердзі, заснаваная на біблейскіх сюжэтах.
Набука | |
---|---|
італ.: Nabucco[1] | |
Кампазітар | |
Лібрэтыст | Тэмістокле Салера[d][1] |
Мова лібрэта | італьянская мова |
Крыніца сюжэту | Стары Запавет |
Жанр | опера[1] |
Дзеяў | 4[1] |
Карцін | 7 |
Год стварэння | 1841 |
Першая пастаноўка | 9 сакавіка 1842[1] |
Месца першай пастаноўкі | Ла Скала[1] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У ёй апавядаецца пра бедствы габрэяў, пра іх палон вавіланянамі, а затым адпушчэнне на радзіму царом Вавілона Навухаданосарам. Набука — скарочаная італьянская форма імя гэтага цара.
Прэм'ера оперы адбылася 9 сакавіка 1842 года ў тэатры La Scala ў Мілане.
Менавіта гэтая опера, трэцяя ў творчасці Вердзі, прынесла яму сапраўдную славу. Сам Вердзі пісаў пасля, што з гэтай оперы, можна сказаць, пачалася яго сапраўдная дзейнасць у мастацтве. Сапраўды, опера «Набука» мела ў публікі грандыёзны поспех.
Час: 587 год да нашага часу Месца: Іерусалім і Вавілон
Ізраільцяне моляцца, у той час як вавілонскае войска набліжаецца да іх горада. Першасвятар Захарыя кажа людзям не адчайвацца, а верыць у Бога. У якасці заложніцы юдэі трымаюць Фенену, малодшую дачку цара Набука. Гэта дае ім магчымасць на час захаваць мір. Захарыя даручае Фенену Ізмаілу, пляменніку цара [Іерусаліма і былому амбасадару ў Вавілоне. Застаўшыся сам-насам, Фенена і Ізмаіл успамінаюць, як яны пакахалі адзін аднаго, калі Ізмаіл быў у вавілонскім палоне, і як Фенена дапамагла яму збегчы ў Ізраіль. Абігайль, старэйшая дачка Набука, разам з пераапранутымі вавілонскімі салдатамі ўваходзіць у храм. Яна таксама любіць Ізмаіла. Выявіўшы закаханых, яна пагражае Ізмаілу: калі ён не растанецца з Фененай, Абігайль абвінаваціць яе ў здрадзе. Аднак, калі ён верне Абігайль яе каханне, яна будзе прасіць Набука за ізраільцян. Ізмаіл кажа, што не можа кахаць яе, і яна клянецца адпомсціць. З'яўляецца Набука разам з ваярамі. Захарыя кідае яму выклік, пагражаючы забіць Фенену, калі Набука атакуе храм. Ізмаіл абяззбройвае Захарыя і ратуе Фенену. Набука загадвае разбурыць храм. Захарыя і ізраільцяне праклінаюць Ізмаіла.
Набука прызначае Фенену рэгентам і вартавым ізраільскіх палонных, у той час як ён сам працягвае вайну з ізраільцянамі. Абігайль выяўляе дакумент, які даказвае, што яна дачка рабыні, і, такім чынам, не можа прэтэндаваць на прастол. Яна пакутліва абдумвае адмову Набука дазволіць ёй удзельнічаць у вайне з ізраільцянамі і ўзгадвае мінулае. Вярхоўны жрэц паведамляе Абігайль аб тым, што Фенена вызваліла ізраільскіх палонных. Жрэц задумаў зрабіць Абігайль кіраўніцай Вавілона і з гэтым намерам распаўсюдзіў чуткі аб тым, што Набука загінуў у бітве. Абігайль вырашае захапіць трон.
Захарыя чытае Скрыжалі Запавету, затым кліча Фенену. Група лявітаў абвінавачвае Ізмаіла ў здрадзе. Захарыя вяртаецца з Фененай і сваёй сястрой Ганнай. Ганна кажа лявітам, што Фенена прыняла юдаізм, і пераконвае іх дараваць Ізмаіла. Абдала, салдат, аб'яўляе аб смерці Набука і папярэджвае аб паўстанні, арганізаваным Абігайль. З'яўляецца Абігайль з вярхоўным жрацом і патрабуе карону Фенены. Нечакана з'яўляецца сам Набука; прабраўшыся скрозь натоўп, ён захоплівае карону і абвяшчае сябе не толькі царом вавіланян, але і іх богам. Першасвятар Захарыя праклінае яго і папярэджвае аб боскай кары; разгневаны Набука ў адказ загадвае забіць усіх ізраільцян. Фенена кажа яму аб тым, што яна прыняла юдаізм, і падзеліць лёс ізраільцян. Раз'юшаны Набука паўтарае, што ён цяпер бог. Над галавою блюзнера зіхаціць маланка; Набука вар'яцее. Карона падае з яго галавы ў рукі Абігайль. Яна абвяшчае сябе ўладаркай Вавілона.
Знішчыўшы дакумент, які сведчыць аб яе рабскім паходжанні, Абігайль прымушае вар'ята бацьку падпісаць смяротны прысуд усім юдэям, а значыць, і Фенене. Усвядоміўшы гэта, Набука моліць Абігайль пашкадаваць сястру. Не слухаючы маленняў бацькі, Абігайль загадвае змясціць яго ў турму. У чаканні пакарання смерцю палонныя юдэі аплакваюць сваю долю і сумуюць аб страчанай радзіме. Першасвятар Захарыя падтрымлівае іх дух, прарочаць аб непазбежным падзенні Вавілона.
Набука абудзіўся; ён у замяшанні і трызненні. Ён бачыць, як Фенену ў кайданах вядуць на смерць. У роспачы, ён моліцца Богу іудзеяў. Ён просіць аб прабачэнні і абяцае аднавіць храм у Іерусаліме, калі яго малітвы будуць пачуты. Неверагодным чынам яго сіла і розум вяртаюцца. Абдала і верныя салдаты прыйшлі вызваліць яго. Набука вырашае вызваліць зняволеных і пакараць здраднікаў.
Фенену і ізраільскіх зняволеных вядуць на ахвярапрынашэнне. Фенена спакойна рыхтуецца да смерці. З'яўляецца Набука з салдатамі. Ён абяцае аднавіць храм у Іерусаліме і схіліцца перад Богам юдэяў. Паганскі ідал падае на зямлю і разлятаецца на кавалкі. Набука кажа, што цяпер усе ізраільцяне вольныя, і ўсе яднаюцца ў малітве да Яхвэ. Салдаты прыводзяць Абігайль. Яна выпіла яд. Яна моліць Фенену аб прабачэнні, моліць Бога аб міласэрнасці і памірае. Захарыя аб'яўляе Набука Божым слугой і царом цароў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.