From Wikipedia, the free encyclopedia
Літаратура (лац.: lit(t)eratura — напісанае, ад lit(t)era — літара) — у шырокім сэнсе кожны пісьмовы тэкст.
Уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым або друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні літаратура — уся пісьменнасць агулам (тэхнічная, медыцынская, палітычная, рэлігійная, канцылярская, эпісталярная), у вузкім — толькі творы мастацкай пісьменнасці. Літаратура вылучаецца ў сістэме мастацкай культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.
Найчасцей пад «літаратурай» разумеюць мастацкую літаратуру, то-бок літаратуру як від мастацтва. Аднак такое разуменне склалася ў эпоху рамантызму, яго не варта напрост ўжываць да культуры аддаленых ад цяперашняга часу эпох. Старажытныя навуковыя трактаты і рэлігійна-міфалагічныя творы — напрыклад, як «Тэагонія» Гесіёда або «Пра прыроду рэчаў» Лукрэцыя — з пункту гледжання сучаснікаў не супрацьпастаўляліся як немастацкая літаратура мастацкай, напрыклад, эпічным паэмам («Іліядзе» Гамера або «Энеідзе» Вергілія). Адлучэнне мастацкай літаратуры іншых перыядаў ад літаратуры рэлігійнай, філасофскай, навуковай, публіцыстычнай — праецыраванне сучасных ўяўленняў на мінулае.
Аднак, літаратура мае шэраг універсальных уласцівасцей, нязменных ва ўсіх нацыянальных культурах і на працягу ўсёй чалавечай гісторыі, хаця кожная з такіх уласцівасцей звязана з пэўнымі праблемамі і агаворкамі.
Усім тром названым крытэрыям не зусім адпавядаюць некаторыя старажытныя тэксты, якія традыцыйна разумеюць як літаратурныя, — напрыклад, «Іліяда» і «Адысея»: імаверна[1], што Гамер не быў аўтарам гэтых дзвюх паэм, а іх тэксты склаліся са старажытнагрэчаскага фальклору, які спявалі казачнікі як песні. Аднак пісьмовая фіксацыя гэтых тэкстаў у іх завершаным варыянце адбылася настолькі даўно, што такі традыцыйны падыход можна лічыць апраўданым.
Ёсць яшчэ адзін крытэрый, які адносяць ужо не да структуры літаратурных тэкстаў, а да іх функцыі.
Звычайна вылучаюць паводле зместу — мастацкую (падзяляецца на вусна-паэтычную творчасць (фальклор) і пісьмовую), інфармацыйна-даведачную і навукова-тэхнічную літаратуру, паводле прызначэння — навучальную, тэхнічную, публіцыстычную і іншыя літаратуры, паводле крыніц — арыгінальную і перакладную літаратуру.
Аднак, строга трымацца прынцыпу адзінага крытэрыя пры класіфікацыі літаратуры цяжка. Таксама класіфікацыя можа ўводзіць у зман, можа аб’ядноўваць непадобныя і абсалютна розныя з’явы. Часта тыпалагічна розныя тэксты адной эпохі значна бліжэйшыя адзін да аднаго, чым тыпалагічна аднолькавыя тэксты розных эпох і культур — у Платонавых «Дыялогаў», якія ляжаць у аснове еўрапейскай філасофскай літаратуры, значна болей агульнага з іншымі помнікамі старажытнагрэцкай славеснасці (напрыклад, з Эсхілавымі драмамі), чым з працамі філосафаў Новага часу, Гегеля або Расела. Лёс некаторых тэкстаў складаецца такім чынам, што ствараліся яны у межах аднаго віду літаратуры, а з часам аказваюцца бліжэй да іншага віду, напрыклад, «Падарожжы Гулівера», напісаныя Джонатанам Свіфтам, чытаюцца цяпер хутчэй як твор дзіцячай літаратуры, а пісаліся не проста як твор мастацкай літаратуры для дарослых, але як вострасацыяльны памфлет са знайчнай роляй публіцыстычнасці. Таму пералік асноўных відаў літаратуры можа быць толькі арыенціровачны, а пэўная структура літаратурнай прасторы вызначаецца толькі ў адносінах да нейкай пэўнай культуры і пэўнага перыяду. Для ўжытку, аднак, гэтыя цяжкасці не маюць прынцыповага значэння, таму практычныя патрэбы кніжнага гандлю і бібліятэк забяспечваюць даволі разгалінаваныя, хоць і павярхоўныя сістэмы бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі.
Мастацкая літаратура — від мастацтва, які ўжывае як адзіны матэрыял словы і канструкцыі натуральнай (пісьмовай) чалавечай мовы. Спецыфіка мастацкай літаратуры выяўляецца ў супастаўленні, з аднаго боку, з відамі мастацтва, якія ўжываюць іншыя матэрыялы замест моўнага (музыка, выяўленчае мастацтва) або разам з ім (тэатр, кіно, песня), з другога боку — з іншымі тыпамі слоўнага тэксту: філасофскім, публіцыстычным, навуковым і іншымі. Акрамя таго, мастацкая літаратура, як і іншыя віды мастацтва, аб’ядноўвае аўтарскія (у тым ліку і ананімныя) творы ў адрозненне ад твораў фальклору, якія прынцыпова не маюць аўтара.
Дакументальная проза — від літаратуры, для якога характэрна пабудова сюжэтнай лініі выключна на рэальных падзеях, з рэдкімі ўкрапваннем мастацкай выдумкі. Дакументальная проза ўключае біяграфіі выдатных людзей, гісторыі падзей, краіназнаўчыя апісанні, расследаванні злачынстваў.
Мемуары — запіскі сучаснікаў, ўдзельнікаў пра мінулыя падзеі. Важная асаблівасць мемуараў — устаноўка аўтараў на «дакументальны» характар тэксту, які прэтэндуе на дакладнасць узнаўлення мінулага.
Навуковая літаратура — сукупнасць пісьмовых прац, якія створаны як вынікі даследаванняў, тэарэтычных абагульненняў, зробленых у межах навуковага метаду. Навуковая літаратура прызначана для інфармавання навукоўцаў і спецыялістаў пра апошнія дасягненні навукі, а таксама для замацавання прыярытэту на навуковыя адкрыцці. Звычайна, навуковая праца не лічыцца завершанай, калі яна не апублікавана[2].
Першыя навуковыя творы ствараліся ў розных жанрах — як трактаты, развагі, павучанні, дыялогі, падарожжы, жыццяпісы і нават у вершаваных формах[2]. Цяпер формы навуковай літаратуры стандартызаваны і складаюцца з манаграфій, аглядаў, артыкулаў, дакладаў (у тым ліку іх тэзісаў), аўтарэфератаў, рэфератаў і рэцэнзій. Цяпер у многіх краінах дзейнічае механізм атэстацыі навуковай літаратуры, які падтрымліваецца ўрадам або грамадскімі навуковымі арганізацыямі. У Беларусі, напрыклад, такую атэстацыю праводзіць ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія). У ліку асноўных патрабаванняў да выдання навуковай літаратуры — абавязковае яе рэцэнзаванне. У межах гэтага працэсу выдавецтва або рэдакцыя навуковага часопіса перад публікацыяй новай навуковай працы накіроўвае яе некалькім (звычайна двум) рэцэнзентам, якія лічацца спецыялістамі ў гэтай галіне. Працэс рэцэнзавання мусіць выключыць публікацыі ў межах навуковай літаратуры матэрыялаў з грубымі метадалагічнымі памылкі або простымі фальсіфікацыямі, плагіятам. З пачатку XX стагоддзя назіраецца рэгулярнае экспанентнае павелічэнне аб’ёму публікаванай навуковай літаратуры. У сувязі з гэтым адным з найгалоўнейшых носьбітаў навуковай літаратуры ў цяперашні час сталі перыядычныя выданні, галоўным чынам, рэцэнзаваныя навуковыя часопісы. З канца XX стагоддзі назіраецца тэндэнцыя пераходу гэтых часопісаў з папяровых носьбітаў на электронныя, у прыватнасці, у інтэрнэт.
Навукова-папулярная літаратура — творы пра навуку, навуковыя дасягненні і пра навукоўцаў, прызначаныя для шырокага круга чытачоў. Навукова-папулярная літаратура накіравана як на спецыялістаў з іншых галін ведаў, так і на малападрыхтаваных чытачоў, у тым ліку дзяцей і падлеткаў[3]. У адрозненне ад навуковай літаратуры, творы навукова-папулярнай літаратуры не рэцэнзуюцца і не атэстуюцца.
Навукова-папулярная літаратура ўключае творы пра асновы і асобныя праблемы фундаментальных і прыкладных навук, біяграфіі дзеячаў навукі, апісанні падарожжаў і падобнае, напісаныя ў розных жанрах.
Найлепшыя папулярныя творы прапагандуюць дасягненні перадавой навукі ў форме найболей даступнай мэтавай аўдыторыі чытачоў. У паэтычнай форме напісаны першы ў Еўропе папулярны твор пра навуку — «Пра прыроду рэчаў» Лукрэцыя Кара. З гутарак узніклі «Гісторыя свечкі» М. Фарадэя і «Жыццё расліны» К. А. Ціміразева. Вядомы папулярныя творы, напісаныя ў форме календара прыроды, эцюдаў, нарысаў, «інтэлектуальных» прыгод і іншых.[3]
Літаратура дапаможнага зместу, якая ўжываецца для атрымання агульнай, несумненнай інфармацыі па розных пытаннях. Асноўныя віды даведачнай літаратуры:
У ідэале даведачныя выданні мусяць толькі змяшчаць факты, якія лічаць аб’ектыўна вызначанымі і адэкватна адлюстроўваць узровень чалавечых ведаў на цяперашні час. Аднак на практыцы немагчыма цалкам аддзяліць факты ад інтэрпрэтацый і няяўных дапушчэнняў, таму нейкая доля тэндэнцыйнасці ёсць у кожным даведачным выданні. У некаторых выпадках гэтая доля даволі вялікая і мэтанакіравана зробленая: такая, у прыватнасці, большасць даведачных выданняў савецкай эпохі, асабліва ў гуманітарных ведах, — нават кароткія слоўнікавыя артыкулы ў іх ідэалагічна афарбаваны. Тычыцца гэта і адбору матэрыялу: так, у літаратурных энцыклапедыях, выпушчаных у СССР, знаходзілася месца для другарадных пісьменнікаў сацыялістычнай і камуністычнай арыентацыі, але не згадваліся значныя аўтары, вядомыя негатыўным стаўленнем да савецкага ладу. Нават праз кароткі час карыстацца такімі выданнямі як даведачнымі складана — занадта намаганняў даводзіцца выдатковаўць, каб аддзяліць факты ад інтэрпрэтацый; аднак менавіта гэта ідэалагічная афарбоўка робіць даведачныя выданні асабліва цікавымі як гістарычныя сведчанні, помнікі сваёй эпохі.
Навучальная літаратура, якая дзеліцца ў асноўным на ўласна падручнікі і зборнікі задач (практыкаванняў), мае нямала агульнага з даведачнай: як і даведачная літаратура, навучальная мае справу з той часткай ведаў па пэўным пытанні, якую лічыць больш-менш агульнапрызнанай. Аднак прызначэнне навучальнай літаратуры іншае — выкласці гэтую частку ведаў сістэмна і паслядоўна, каб адрасат склаў пра яе досыць поўнае і выразнае ўяўленне і авалодаў шэрагам патрабаваных у пэўнай галіне навыкаў, ці то ўменнем рашаць ураўненні або слушна расстаўляць знакі прыпынку. Гэта прагматычная задача вызначае асаблівасці будовы навучальных тэкстаў — паўторы, падхваты, праверачныя пытанні і заданні, і іншае.
Тэхнічная літаратура — літаратура, якая адносіцца да галіны тэхнікі і вытворчасці (каталогі вырабаў, інструкцыі па эксплуатацыі, абслугоўванні і рамонце, каталогі дэталяў, патэнты і падобнае).
Літаратура па псіхалогіі і самаразвіццю — літаратура, якая дае парады па развіцці здольнасцяў і навыкаў, дасягненні поспеху ў асабістым жыцці і працы, наладжванні адносін з навакольнымі, выхаванні дзяцей і падобнае.
Таксама ёсць духоўная, рэлігійная літаратура, рэкламная літаратура, вылучаная ў асобны від (улёткі, брашуры, рэкламныя праспекты і іншае), і іншыя віды.
Літаратурны тэкст застаецца самім сабой незалежна ад матэрыяльнага ўвасаблення — рукапіс, кніга, камп’ютарны файл на маніторы. Аднак, эвалюцыя носьбітаў таксама ўплывае на саму літаратуру. Стан літаратуры ў аглядным мінулым цалкам вызначаецца цывілізацыйнай рэвалюцыяй, здзейсненай вынайдзеным Гутэнбергам кнігадрукаваннем, да гэтага кожны колькі-небудзь вялікі тэкст патрабаваў значных выдаткаў часу і сіл пісца, гэта накладала значныя абмежаванні на колькасць і характар тэкстаў, якія фіксаваліся на пісьме і выходзілі па-за межы непасрэднага кола сувязяў аўтара. На зыходзе XX ст. новая цывілізацыйная рэвалюцыя выклікала да жыцця два якасна новыя носьбіты тэксту — аўдыёкнігу і камп’ютарны файл. Цалкам магчыма, што шырокае распаўсюджанне гэтых носьбітаў неўзабаве прывядзе да новых сур’ёзных змен у структуры літаратурнай прасторы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.