былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Краснасе́лле[1] (трансліт.: Krasnasiellie, руск.: Красноселье) — да аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці.
Вёска
Краснаселле
|
У сувязі з радыяцыйным забруджваннем пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары (97 сем’яў) пераселены ў экалагічна больш утульныя месцы, пераважна ў вёску Антонаўка Жлобінскага раёна.
Ліст караля Жыгімонта Старога пану Сямёну Фёдаравічу Палазовічу ад 26 лютага 1509 года паведамляе, што «братъ нашъ щчастъное памяти Александръ, корол и великии князь, за его служъбу далъ ему две земли пустовъскии на Прыпяти у Белосороцкои волостъце Киевсъкого повету на имя Пилиповъщыну а Кузнецовъщыну»[2]. Кароль Аляксандр памёр у 1506 годзе. Тым годам і датуецца першая згадка пра паселішча, хоць на нейкі час яно заставалася пусткаю.
У судовым дакуменце ад 24 кастрычніка 1550 года згаданыя людзі кузцоўскія, што прыналежалі да маёнтка князя Дзмітрыя Любецкага і жонкі яго Фенны, дачкі пана Сямёна Палазовіча: «Жаловал за позвы моими игумен Свтго Михайла Золотоверхого Сава и вся братя чернцы того манастыря [у Кіеве] на кнзя Дмитрея Романовича Любецкого и кнгню его млсти жону Полозовну о том, иж люди его кузцовскии отнимают луг в людей их манастырских в лысковцов». У 1556 годзе сустракаецца звестка пра «сяло Кузцоўзкае».
Назву «сяло Краснасельскае», або «Краснаселле» паселішча атрымала пры панах Харлінскіх, якія валодалі Астраглядаўскім маёнткам з канца 1568 года. У выпісцы з гродскіх кніг Кіеўскага ваяводства ад 20 кастрычніка 1603 года паведамляецца: «А то о кгвалтовное выбите спокойного держаня з луга сполного манастыру Михайловскому от именя их Лысковского и Лучичов з ыменем его млсти п. Харлинского Кузницовцами, новопрозываемым Красноселем, из озер, прозываемых Подворного и Осетрицы и теж о нестане, яко на завитом року на грунте преречоным лысковским и красноселским…»[3].
Да парэформеннага перыяду ўжо ў Расійскай імперыі Краснаселле належала тым уладальнікам, што і Хойнікі з Астраглядамі, г. зн. Палазовічам, Любецкім, Харлінскім, Абрамовічу, Бжазоўскім, Шуйскім і Прозарам.
Напярэдадні Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 г. Кіеўскае ваяводства (у т. л. Краснаселле) было далучана да Кароны Польскай[4].
29 верасня 1569 года было дасягнута пагадненне паміж струкчашым каралеўскім панам Шчасным Харлінскім і чарняцамі Свята-Міхайлаўскага манастыра ў Кіеве адносна спрэчак за грунты паміж краснасельскімі і лыскоўскімі падданымі[5]. 20 снежня 1625 года датаваны пратэст пані Гальшкі Мікалаевай Харлінскай, пададзены ў Кіеўскі гродскі суд супраць пана Зыгмунта Копця за спаленне млына і ўчыненне іншых гвалтаў у вёсцы Краснаселле[6].
У 1628 г. пан ваяводзіч смаленскі Мікалай Абрагамовіч (Абрамовіч) з двух дымоў Krasnosila мусіў плаціць па тры злотыя[7]. 10 лістапада 1643 года айцец Антоній Гарбачэўскі, намеснік Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве, ад свайго імя і вялебнага айца Філафея Кізарэвіча, ігумена міхайлаўскага, і ўсёй капітулы апратэставаў у Кіеўскім гродскім судзе тое, што пан падстолі кіеўскі Максіміліян Бжазоўскі, дзедзіч добраў Астраглядавічы і іншых, «греблю засыпал на острове монастырским Узлужью, озера власные на монастыр належачие половити казал, с пол и сеножатей, так монастырских, яко и подданых виолентер [гвалтоўна] повыбиял, а потым на въласным кгрунъте, с которых выбил подле Красноселя, осадив слободу, назвисъком Туръжин назвал…»[8]. Менавіта адсюль, ад Краснага Сяла пачалі свой пешы марш прыплыўшыя з нізоўяў Прыпяці на чаўнах казакі палкоўніка Ільі Галоты, каб перад світаннем 17 чэрвеня 1649 года няўдала атакаваць абоз пісара літоўскага Уладзіслава Валовіча пад Загаллем[9]. У часы цяжкай і надта працяглай вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай ігумен Феадосій і чарняцы Кіеўскага Свята-Міхайлаўскага манастыра выкарысталі зручны момант, каб завалодаць шляхецкімі добрамі, білі чалом маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. 31 снежня 1659 года манарх выдаў пажаданую для іх грамату[10]:
…И мы, великий гсдр цр и великий княз, Алексий Михайлович всея Великия и Малыя и Белыя Россиі самодержец, Михайловского мнстра игумена Феодосия з братиею пожаловали теми шляхетскими маетностями: Бородянкою, Новою Греблею, Загалцами, да на Полесю за Припетю двема деревенками: Мосанами и Красносельем[upper-alpha 1] со всеми доходи буде те маетности нне впусте и никто ими не владеет и впредь о тих маетностях спору и челобитя от казаков не будет велели владеть им и на те маетности велели им дат ншу великого гсдря жаловалную грамоту за ншею гсдрскою печатью и по ншей гсдрской милости Михайловского мнстра игумену Феодосию з братиею и хто по нем иний игумен и братия будут тими маетностями, селцом Бородянком доходи всякия збирать попрежнему, как имано напред сего. Дана ся нша царскаго величества жалованная грамота в ншем црстующем граде Москве лета от создания миру 7168 мсца декабра 31 дня.
22 лютага 1660 года тое маскоўскае падараванне пацвердзіў універсалам украінскі гетман Юрый Хмяльніцкі[11]. Але пасля наступлення пералому ў ходзе вайны, 26 чэрвеня 1664 года дачка нябожчыка М. Бжазоўскага пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі на мужа князя Канстанціна Шуйскага[12].
У 1683 годзе з 18 дымоў у вёсцы Краснаселле падымнае ў 3 злотыя плацілі астраглядаўскія айцы дамініканы, якія, верагодна, трымалі іх у заставе, але ў другі пабор тыя ж тры злотыя плаціў сам дзедзіч, пан Шуйскі[upper-alpha 2][13] (Канстанцін Ян). Інвентар 1698 года засведчыў, што краснасельцы з 13 гаспадарак не паасобку, але грамадою мусілі плаціць уладальніку маёнтку князю Дамініку Яну Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты 50 злотых, даніны мядовай 18 бельцаў, рыбалоўны рыштунак вырабляць, рыбу лавіць, да замку Хойніцкага кожную сераду і пятніцу прысылаць, выконваць падводную і будаўнічую павіннасці для двара Астраглядаўскага. Названыя Ігнат Войт, Андрэй Арцюшэнка, Мацвей Арцюшэнка, Астап Панчанка, Даніла Аляксеенка, Іоў Аляксеенка, Харытон Аляксеенка, Лявон Патапенка, Васіль Карпенка, Ігнат Кананенка, Кузьма Кармазенка, Лука Клімянок, Усцін Клімянок[14]. Пэўна, плацілі і за тыя 5 гаспадарак, што пакінулі грамаду. 9 чэрвеня 1707 года князь Дамінік Шуйскі, харунжы берасцейскі, абвінаваціў у Мазырскім гродскім судзе пана Крыштафа Маніцкага, падчашага кіеўскага, за гвалтоўны наезд з вялікай грамадой людзей на добры Краснасельскія і падданых тамтэйшых збіццё, будынкаў спаленне і розных іншых гвалтаў учыненне[15].
Згаданыя выплаты чыншу і даніны мядовай краснасельцамі яшчэ і ў рэвізіі 1716 года[16] А вось у кастрычніку 1719 года Оўруцкі гродскі суд, выконваючы пастанову Люблінскага трыбунала, перадаў Краснаселле за даўгі пану оўруцкаму мечніку Мацвею Трыпольскаму[17]. Відавочна, па той прычыне пра вёску няма згадкі ў інвентары 1721 года.
У лістападзе 1723 года складзены інвентар на маёнтак Краснаселле, які перадаваўся ў пасэсію пану Грузевічу, лоўчаму новагародскаму, ім жа і падпісаны[18]. Валодаў вёскай Krasnosile з 15 халупамі (хатамі) пан лоўчы Базыль Грузевіч і ў 1734 годзе[19] 7 чэрвеня 1746 года князь Шуйскі пратэставаў у Оўруцкім гродзе супраць ужо былога пасэсара пана Базыля Нячая і іншых Грузевічаў, выстаўляў прэтэнзію на 4 400 злотых за наезд на вёску Краснаселле, збіццё людзей, спаленне будынкаў і рабункі[20]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Краснаселле было сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[21]. 31 ліпеня і 6 жніўня 1749 года айцы цыстэрцыянцы Кімбараўскага канвента, якім належала вёска Малочкі, і князь Ігнацы Шуйскі, уладальнік Краснаселля, абмяняліся пратэстамі ў Оўруцкі гродскі суд за насланне сваіх людзей і ўчыненне розных гвалтаў і рабункаў[22]. Шматлікія непаразуменні і канфлікты паміж ўладальнікамі (кіеўская мітраполія, оўруцкія базыляне, кімбараўскія цыстэрцыянцы), жыхарамі вёскі Малочкі ды ўладальнікамі (князі Шуйскія, апякуны паны Быстрыя, старосты ліноўскія, альбо пасэсары — паны Грузевічы, Загароўскі), жыхарамі Краснаселля адбываліся на працягу 1730 — 1780-х гадоў.
У жніўні 1750 года ў Хойніках былі схопленыя краснасельскія сяляне Саўка Лутчанка, Лук’ян Кананенка, Ігнат, войтаў сын (у інвентары 1698 года краснасельскага войта таксама звалі Ігнатам[23]), Селівон, Іванаў унук, Цімох і Іван Панчанкі і «іншыя», а таксама атаман іхні Кулешык, абвінавачаныя ў гайдамацтве — нападзе на Малочкі і зрабаванні (забралі 20 тыс. грывень) тамтэйшага арандатара Бэні Ізраэлевіча[24]. У 1754 годзе з 31 двара (×6 — каля 186 жыхароў) вёскі Krasnosile Хойніцкага маёнтка выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 4 злотыя і 25 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 19 зл. і 12 гр.[25] Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі, што ў Краснаселлі пражывалі адпаведна 15, 3 і 6 чалавек (głow), якія належалі да Хойніцкага кагала[26]. Значнае ўбыванне насельнікаў-яўрэяў у вёсцы магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Краснаселле апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[27]. Паводле рэвізіі 1795 года, у Краснаселлі налічвалася 25 двароў з 59 прыгоннымі мужчынскага і 77 жаночага полу. Разам з Уласамі за 32 000 злотых вёска аддадзена панамі Прозарамі ў заставу ўдаве па падстолію Яну Караліне, дачцэ Габрыэля, Крушэўскай. У фальварку жылі таксама яе сыны Юзаф і Вінцэнт, дочкі Бальбіна, Яўгенія, Эльжбета і Амелія. Эканомам быў шляхціч Яўхім, сын Юзафа, Марцінкевіч, на ўслугах — шляхціч Мікалай, сын Францішка, Мадзелеўскі[28]. 24 чэрвеня 1812 года Людвіка Прозар пісьмова засведчыла шляхцічу Томашу Янушэўскаму права на 4-гадовую арэнду фальварка Краснаселле з аднаімённай вёскай[29].
На снежань 1844 года ў інвентары маёнтку Юзафаў, прыналежнага Юзафу, сыну Караля, Прозару, названыя фальварак і вёска Краснаселле[30]. У 1850 годзе тут было 34 двары, 181 жыхар. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 153 жыхары вёскі Краснаселле абодвух полаў з’яўляліся прыхаджанамі Аравіцкай Раства-Багародзіцкай царквы[31].
У парэформенны перыяд паселішча належала да Дзёрнавіцкай воласці. У пачатку 1870 года ў Краснаселлі — 69 мужчынскіх душ сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства[32]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Краснаселле заставалася ў прыходзе Аравіцкай царквы[33]. Паводле перапісу 1897 года тут было 63 двары, 360 жыхароў, хлебазапасны магазін. Побач — аднайменны фальварак. На 1909 года налічвалася 70 двароў, 451 жыхар, у фальварку 1 двор, 5 жыхароў[34].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Краснаселле ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[35].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Краснасельскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Аравіцкага сельсавета.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Краснаселлі было 110 двароў з 338 жыхарамі. У маі 1943 года акупанты спалілі 82 двары, загубілі 18 жыхароў[36]. 50 вяскоўцаў загінулі на франтах.
Паводле перапісу 1959 года, у Краснаселлі налічвалася 375 жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад саўгаса «Аравічы» (цэнтр — аднайменная вёска). Да 1987 года паселішча заставалася ў складзе Аравіцкага сельсавета, пасля перададзена ў Стралічаўскі сельсавет[37]. Сёння не існуе.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.