From Wikipedia, the free encyclopedia
Казімеж Міхалоўскі (польск.: Kazimierz Józef Marian Michałowski; 14 снежня 1901, Цярнопаль, Аўстра-Венгрыя — 1 студзеня 1981, Варшава) — польскі археолаг, егіптолаг, гісторык мастацтваў, член Польскай акадэміі навук, ардынарны прафесар Варшаўскага ўніверсітэта. Заснавальнік нубіалогіі і польскай школы міжземнаморскай археалогіі.
Казімеж Міхалоўскі | |
---|---|
Kazimierz Michałowski | |
| |
Дата нараджэння | 14 снежня 1901[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 студзеня 1981[3] (79 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | антраполаг, мастацтвазнавец, археолаг, егіптолаг |
Навуковая сфера | археалогія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктарская ступень[d][5] |
Навуковае званне | прафесар |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Эдмунд Булянда |
Вядомы як | археолаг |
Член у | |
Узнагароды |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся 14 снежня 1901 года ў Цярнопалі.
Скончыў Тэрнопальскую гімназію, пасля чаго атрымаў вышэйшую адукацыю на філасофскім факультэце Універсітэта Яна Казіміра ў Львове; там жа быў слухачом на лекцыях філосафа прафесара Казімежа Твардоўскага. Паглыбляў веды ў навучальных установах Берліна, Гайдэльберга, Парыжа, Рыма і Афін. Будучы яшчэ маладым навукоўцам, удзельнічаў у раскопках у Дэльфах, на Тасасе і Дэласе, якія праводзіла Французская школа ў Афінах[7]. У 1926 годзе на Львоўскім універсітэце пад навуковым кіраўніцтвам Эдмунда Булянды абараніў доктарскую дысертацыю аб ніабідах ў грэцкім мастацтве (на працягу года дысертацыя была апублікаваная таксама на французскай мове)[8]. У 1931 годзе атрымаў габілітацыю, дзякуючы працы на тэму эліністычных і рымскіх партрэтаў Дэласа (праз год праца была апублікаваная ў Парыжы). Адразу пасля габілітацыі быў запрошаны ў Варшаўскі ўніверсітэт, дзе ў 1931 годзе арганізаваў кафедру класічнай археалогіі[9], у 1953 годзе перайменаваную ў міжземнаморскую, і стаў яе кіраўніком аж да выхаду на пенсію ў 1972 годзе. Па яго ініцыятыве ў 1936 годзе польскія археолагі з Варшаўскага ўніверсітэта пачалі археалагічныя працы ў егіпецкім Ідфу[10].
Падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных Афлаг II C Вольденберг (Oflag II C Woldenberg), у які трапіў як афіцэр запасу і ўдзельнік Вераснёўскай кампаніі[11]. Там кіраваў адукацыйнай праграмай для палонных, праводзіў лекцыі і семінары па археалогіі і егіпталогіі[12].
Пасля вайны Міхалоўскі далучыўся да справы аднаўлення польскай культуры і навукі. Яшчэ з 1939 года, калі быў намеснікам дырэктара Нацыянальнага музея ў Варшаве, займаўся арганізацыяй галерэі старажытнага мастацтва, адкрытай для наведвальнікаў ў 1949 годзе[13], а пасля — Галерэі Фарас, адкрытай ў 1972 годзе. Арганізаваў шмат выстаў, на якіх дэманстраваліся помнікі, знойдзеныя на раскопках пад яго кіраўніцтвам. У 1945—1947 гадах быў дэканам гуманістычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, пасля — прарэктарам гэтай жа навучальнай установы (1947—1948). У Александрыі (1957—1958) і Абердзіне (1971) быў запрошаным прафесарам[14]. У 1956 годзе стварыў Аддзяленне міжземнаморскай археалогіі Польскай акадэміі навук, якое сам і ўзначаліў. У 1960 годзе прывёў да адкрыцця Цэнтра міжземнаморскай археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта ў Каіры, якім кіраваў да канца жыцця. Адкрыццё цэнтра лічыў сваім самым вялікім дасягненнем[12].
Памёр 1 студзеня 1981 года ў Варшаве. Пахаваны на могілках Брвінава паблізу Падковы-Лесьнай[15].
Быў членам многіх польскіх і замежных акадэмій, навуковых таварыстваў і інстытутаў: Нацыянальнай акадэміі дэі Лінча, Брытанскай акадэміі, Акадэміі навук ГДР, Саксонскай акадэміі навук, членам прэзідыума камітэта навук аб антычнай культуры Польскай акадэміі навук, камітэта аріентальных навук Польскай акадэміі навук, Археалагічнага інстытута Амерыкі, Нямецкага археалагічнага інстытута, Егіпецкага інстытута, інстытута егіпталогіі Чэхаславацкай акадэміі навук, Французскага інстытута археалогіі Далёкага Усходу ў Каіры, Польскага археалагічнага таварыства (старшыня ў 1953—1957 гадах і ганаровы член), таварыства нубійскай даследаванняў (старшыня ў 1972 годзе), Міжнароднай асацыяцыі егіптолагаў (віцэ-старшыня ганаровага камітэта ў 1976 годзе), Міжнароднай асацыяцыі Лацінскай эпіграфікі (віцэ-старшыня), Варшаўскага навуковага таварыства (генеральны сакратар ў 1949—1952 гадах), Міжнароднай асацыяцыі класічнай археалогіі, Археалагічнага грэцкага таварыства, Саюза гісторыкаў мастацтваў, Французскай школы ў Афінах.
Займаў пасаду старшыні: Міжнароднага Камітэта экспертаў ЮНЕСКА па выратаванні Абу-Сімбела (1961—1970), Міжнароднага камітэта музеяў археалогіі і гісторыі ІКОМ (1965—1971).
Быў экспертам ЮНЕСКА па справах музеяў і археалагічных раскопак у Алжыры (1966) і членам Камітэта экспертаў ЮНЕСКА па Махенджа-Дара (1969). Атрымаў званне ганаровага доктара ўніверсітэтаў Страсбурга (1965), Кембрыджа (1971), Упсалы (1977)[16].
Казімеж Міхалоўскі актыўна займаўся папулярызацыяй міжземнаморскай археалогіі. Пераклаў і выдаў кнігу Уільяма Генры Болтана Вечнасць пірамід і трагедыя Пампеі (1958) і шырока распаўсюдзіў вынікі работ у Ідфу. Пісаў для польскага штотыднёвіка «Сталіца», падымаючы пытанне старажытных экспанатаў ў калекцыях Нацыянальнага музея ў Варшаве. Чытаў шматлікія лекцыі, праводзіў семінары, прысвечаныя антычнай тэматыцы. Эфектам гэтага стаў рост грамадскай зацікаўленасці дадзенай галіной навукі — на адкрытай лекцыі праф. Міхалоўскага ў Нацыянальным музеі ў Варшаве ў 1957 годзе аб мастацтве старажытнага Егіпта ўдзельнічала да 5 тыс. слухачоў[17].
Дзедам Казімежа Міхалоўскага быў Эміль Міхалоўскі, пасол на Галіцкі Сойм, дырэктар Настаўніцкай семінарыі ў Цярнопалі і бургамістр гэтага горада[18]. Пасля Другой сусветнай вайны Міхалоўскі ажаніўся з Крысцінай Баневіч (польс. Krystyna Baniewicz), дачкой інжынера Тадэвуша Баневіча (польс. Tadeusz Baniewicz), аднаго з заснавальнікаў Падковы-Лесьнай[19]. Крысціна Міхалоўская далучылася да працы мужа — у наступныя гады ў віле Баневічаў у Падкове-Лесьнай размясцілася Майстэрня міжземнаморскай археалогіі ПАН.
Па словах прафесара Міхалоўскага, не толькі для свету навукі, але і ў шырокай грамадскай думкі цывілізаванага грамадства фактычны ўзровень культуры той ці іншай краіны вымяраецца тым, ці мае яна ўласныя раскопкі ў Егіпце[20]. У 1936 годзе, дзякуючы яго ініцыятыве пачаліся археалагічныя працы ў Ідфу, якія працягваліся да 1939 года. У экспедыцыі ўдзельнічалі археолагі з Варшаўскага ўніверсітэта і Французскага інстытута археалогіі Ўсходу[10]. Гэта былі першыя раскопкі з удзелам польскіх археолагаў на тэрыторыі Міжземнамор’я. Работы праводзіліся на некропалі фараонаў і ў антычным горадзе грэка-рымскіх і візантыйскіх часоў. Колькасць і мастацкая якасць знаходак, выяўленых падчас першай кампаніі (1936 год), дазволіла стварыць экспазіцыю ў галерэі старажытнага мастацтва Нацыянальнага музея ў Варшаве (адкрытай у чэрвені 1937 года).
Удзел польскіх археолагаў у раскопках у Ідфу выклікаў цікавасць навуковага свету да працы польскіх даследчыкаў і дазволіў пачаць наступныя замежныя раскопкі. Міхалоўскі арганізаваў супрацоўніцтва з савецкімі археолагамі ў Крыме. У ліпені 1956 года гурт польскіх археолагаў пачаў даследчыя працы ў антычнай грэцкай калоніі Мірмекій, якія праводзіліся да 1958 года. Працы не вяліся сумесна, як гэта было падчас польска-французскай місіі ў Ідфу. Навукоўцы працавалі ў двух асобных камандах, даследуючы два ўчасткі. Польскую групу ўзначальваў праф. Міхалоўскі, савецкую — праф. Віктар Гайдукевіч з Ленінградскага ўніверсітэта. Выяўлена вінакурню эліністычнага перыяду з усім абсталяваннем і фрагменты жылых будынкаў[21]. Усе рухомыя знаходкі, знойдзеныя польскай экспедыцыяй, са згоды савецкага археалагічнага аддзела былі перавезены ў Варшаву.
Пасля Другой сусветнай вайны праф. Міхалоўскі хацеў працягнуць працу ў Егіпце. Ён мог аднавіць даследаванні ў Ідфу, аднак французам забаронена раскопкі. Праф. Міхалоўскі вырашыў, што, паколькі французскія археолагі падчас Другой сусветнай вайны не вярнуліся ў Ідфу без польскіх археолагаў, дык і ён гэтага не зробіць. Новай тэрыторыяй для раскопак стаў Атрыбіс, сталіца дзясятага нома Ніжняга Егіпта, сучасная Бенха. Работы працягваліся ў 1957—1969 гадах. Выяўлена рэшткі: вадаправоднай сістэмы рымскага горада, сакральных збудаванняў Позняга перыяду, падмуркі сьвятыні Амасіса II, дэпазіт, печы для абпалу вапны і рымскія лазні[22].
год
4 мая 1959 года група польскіх археолагаў пад кіраўніцтвам праф. Міхалоўскага пачала раскопкі ў Пальміры; яны працягваліся да 1973 года. Праца археолагаў трывала на двух участках. Першым з іх быў т.зв. лагер Дыяклетыяна ў заходняй частцы горада, даследаванні праводзіліся на тэрыторыі паміж прэтарыянскімі варотамі і Тэтрапілонам, на форуме перад т.зв. Святыняй сцягоў і ўнутры самой святыні. Таксама даследавана гарадскія сцены і адкапана фрагмент прэтарыянскага шляху. На другім участку, у т.зв. Даліне магіл, гэта значыць на Пальмірскім некропалі, адкрыта грабніцы Забды, Алаіна і Юлія Аўрэлія Гермеса[23]. Раскопкі дазволілі даследаваць урбаністычнае развіццё горада і ажыццявіць датыроўкі адкрытых будынкаў на падставе знойдзеных эпіграфчных матэрыялаў[24]. Сенсацыяй стала адкрыццё скарбу, у якім знаходзіліся ювелірныя вырабы і 27 залатых солідаў Фокі, Іраклія I і Канстанта. Багацце і значэнне адкрытага матэрыялу было настолькі вялікім, што з 1966 года ў Варшаве пачалі выдаваць штогоднік «Studia Palmyreńskie», які выходзіць і сучасна (2016)[25]. Польскія археолагі сталі экспертамі па даследаваннях старажытнай Пальміры.
Раскопкі ў Александрыі вяліся ў 1960—1973/74 гадах. Польскія археолагі сталі першай замежнай экспедыцыяй, якой удалося атрымаць дазвол на самастойнае вывучэнне гэтага горада. Групы італьянскіх, ангельскіх і нямецкіх навукоўцаў працавалі па кантракце пад патранатам Грэка-рымскага музея а Александрыі[26]. Даследаванні былі цяжкія, паколькі ў 1740-х гадах Мухамед Алі Егіпецкі загадаў пабудаваць у гэтым месцы новы горад. Сляды мінулага знаходзяцца пад новай забудовай. Раскопкі канцэнтраваліся на тэрыторыі Ком эль-Дзік. Тут адкрыта манументальныя рымскія лазні з вялікай колькасцю басейнаў і цыстэрнаў і рымскую вілу. Польскія археолагі раскапалі таксама першы знойдзены на тэрыторыі Егіпта тэатр. Гэта адкрыццё было настолькі сенсацыйным, што праф. Міхалоўскі атрымаў ад гарадскіх уладаў дадатковыя сродкі на працяг працы. Антычны тэатр быў цалкам раскапаны і рэканструяваны. Цяпер гэта адзін з галоўных турыстычных аб’ектаў Александрыі, які выкарыстоўваецца для паказу спектакляў. Такім чынам удалося захаваць старажытны будынак паміж сучаснымі будынкамі. На тэрыторыі Ком эль-Дзік польскія археолагі даследавалі таксама два арабскія некропалі.
Працы ў Дэйр эль-Бахры пачаліся ў 1961 годзе па просьбе егіпецкага міністра культуры, якому было важна аднавіць святыню ўладаркі Хатшэпсут. З 1968 года з групай археолагаў працавалі таксама інжынеры з Польскіх майстэрняў па рэстаўрацыі помнікаў, выконваючы будаўніча-рэканструкцыйныя работы ў гэтай жа святыні. Падчас работ праф. Міхалоўскі адкрыў невядомую да таго часу грабніцу Тутмоса III (ужо падчас першай кампаніі), што выклікала перанос большасці даследаванняў на гэты ўчастак. Святыня, з пункту гледжання размяшчэння і планавання, выключная, адрознівалася ад іншых сакральных будынкаў эпохі Новага царства. Раскопкі працягваліся да 1972 года.
Фарас, антычны Пахорас, быў сталіцай паўночнага царства Нубіі. У 1961—1964 гадах тут прайшлі выратавальныя раскопкі пад кіраўніцтвам праф. Міхалоўскага. Гэтыя даследаванні былі часткай вялікага праекту, т.зв. Нубійскай кампаніі, якую праводзілі пад патранатам ЮНЕСКА. Яе мэтай было выратаванне помнікаў ад затаплення водамі Ніла з-за будаўніцтва Высокай Асуанскай плаціны. Тады былі знойдзены руіны сярэднявечнай базылікі фараскіх біскупаў, а ў ёй — сцянныя роспісы на рэлігійную тэматыку, датаваныя VII—XIV стагоддзямі. Комплекс т.зв. фрэсак з Фараса (на самай справе гэта не фрэскі, а роспісы, выкананыя тэмперай на сухой глеістай тынкоўцы), які налічвае больш за 150 малюнкаў, стаў адным з найбуйнейшых і самых цікавых адкрыццяў Нубійская кампаніі[27]. 67 роспісаў, частка каменнага архітэктурнага ўбрання базілікі і іншых храмаў і будынкаў у Фарасе, эпітафіі мясцовых біскупаў і святароў, а таксама мясцовыя вырабы рамеснікаў, у тым ліку распісаны керамічны посуд, знаходзяцца ў Галерэі Фарас імя прафесара Казімежа Міхалоўскага ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Іншыя знаходкі з Фараса знаходзяцца таксама ў Нацыянальным музеі Судана ў Хартуме.
Праф. Міхалоўскі пачаў раскопкі ў Данголе ў 1964 годзе; у 1965—1972 гадах імі кіраваў Стэфан Якабельскі. У Старой Данголе ад VIII да пачатку XIV стагоддзя знаходзіліся рэзідэнцыі ўладароў аб’яднаных царстваў Нубіі. Ужо першыя тыдні работ прынеслі вынікі — адкрыта цэнтральны неф царквы з захаванымі in situ калонамі. Гэта адкрыццё ўвайшло ў літаратуру пад назвай «царква з калонамі» (kościół z kolumnami). Знойдзеныя ў ім надмагільныя надпісы дазваляюць датаваць яе на другую палову VIII стагоддзя[28]. Капітэлі ў святыні па стылі падобныя да выяўленых ў базыліцы ў Фарасе. Акрамя таго пад царквой даследчыкі натыкнуліся на старыя падмуркі сакральнай пабудовы. Таксама праведзены раскопкі другога будынка, пабудаванага на плане крыжа, і мячэці, якая, як аказалася, была пабудавана на былым царскім палацы, а не на хрысціянскай святыні, як лічылася раней. Да таго ж польскія археолагі выявілі баптыстэрый. З 1966 года польская экспедыцыя паралельна праводзіла раскопкі ў дагістарычным пласце ў ваколіцах вёскі Гаддар.
У Абу-Сімбеле праф. Міхалоўскі не займаўся раскопкамі, аднак разам з групай польскіх археолагаў ўдзельнічаў у аперацыі па ахоўных работах скальных святынь Рамсеса II, якія былі пад пагрозай затаплення водамі возера Насер. Удзельнікамі праекта былі і іншыя замежныя археолагі, у прыватнасці італьянскія і французскія. Па адной з ідэй, трэба было перанесці помнікі ў больш бяспечнае месца, па іншай — пакінуць іх на месцы. ЮНЕСКА склікала з гэтай нагоды спецыяльную камісію, у склад якой увайшлі Генеральны дырэктар ЮНЕСКА, кіраўнік дарадчага камітэта, і тры эксперта — сярод іх і праф. Міхалоўскі. Яны падтрымалі шведска-егіпецкі праект, у якім планавалася разрэзаць святыні на буйныя часткі вагой да 30 тон, перанесці іх у іншае месца і рэканструяваць[29]. Праф. Міхалоўскі ўзначаліў экспертны камітэт з 7 чалавек, які назіраў за працамі па пераносе святынь Рамсеса II. Работы працягваліся 10 гадоў і скончыліся поспехам.
У ліпені 1965 года польская археалагічная місія Варшаўскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам праф. Міхалоўскага пачала раскопкі ў Неа Пафасе на Кіпры. Гэты горад быў заснаваны ў канцы IV стагоддзя да н.э. як порт для грэчаскіх паломнікаў, якія прыбывалі сюды ўшанаваць Афрадыту. Ужо ў першыя дні работ у паўднёва-заходняй частцы Пафасу былі адкрыты мармуровыя статуі Асклепія і Артэміды. Знойдзены і манеты з профілем Аляксандра Македонскага, якія пацвярджаюць дату заснавання горада. Адкрыта гарадскую забудову эліністычнага перыяду з захаванымі роспісамі ў т.зв. першым пампейскім стылі і палац рымскага праконсула з прыватнымі лазнямі. Гэта збудаванне ўпрыгожвала мазаіка Тэсея, які змагаецца ў лабірынце з Мінатаўрам, а за імі назіраюць Арыядна і жанчына-персаніфікацыя Крыта. Гэта самая прыгожая дэкарацыя падобнага тыпу на ўсім Міжземнамор’е[30]. Польскія раскопкі паказалі, што горад Неа Пафас быў галоўным палітычным цэнтрам вострава. Працы, пачатыя праф. Міхалоўскім, працягваюцца Цэнтрам міжземнаморскай археалогіі ім. Казімежа Міхалоўскага.
У 1947 годзе «за заслугі ў справе абароны шэдэўраў польскай культуры» Міхалоўскі атрымаў Камандорскі крыж і Камандорскі крыж з зоркай Ордэна Адраджэння Польшчы[31], 21 ліпеня 1977 года — Ордэн Будаўнікоў Народнай Польшчы I класа[32]. Таксама ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай ўзнагароды I і II ступеняў[33]. Акрамя таго, атрымаў Ордэн «Знамя Працы»|Ордэн «Знамя Працы»]] I класа, крыж Virtuti Militari V класа (за кампанію 1939 года), Залаты Крыж Заслугі; егіпецкі Ордэн Рэспублікі II класа, сірыйскі Ордэн Заслуг I класа, Афіцэрскі і Камандорскі крыж французскага Ордэна Ганаровага легіёна, Камандорскі крыж Ордэна Кароны Італіі, Камандорскі крыж грэцкага Ордэна Фенікса, Вялікі афіцэрскі крыж бельгійскага Ордэна Леапольда I[34].
У яго гонар названы Цэнтр міжземнаморскай археалогіі Варшаўскага універсітэта[35] і Галерэя Фарас ў Нацыянальным універсітэце ў Варшаве[36]. У 2001 годзе Пошта Польская накладам 200 тыс. экземпляраў выдала паштоўку з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння праф. Міхалоўскага з выявамі прафесара і аднаго з нефаў фараской базілікі[37]. У парку Каірскага егіпецкага музея знаходзіцца бюст праф. Міхалоўскага[38], а ў калекцыі музея Варшаўскага універсітэта — шмат пакінутых ім прадметаў[39]. Прозвішчам прафесара названа некалькі вуліц у польскіх гарадах[40].
З 2015 года публічнай гімназіі ў Падкове-Лесьнай прысвоена імя Казімежа Міхалоўскага[41].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.