From Wikipedia, the free encyclopedia
Дом Абрампо́льскага — колішні даходны дом у стылі мадэрн у Мінску, размешчаны на пл. Незалежнасці па адрасе вул. Савецкая, 17. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы. Выкарыстоўваецца пад адміністрацыйныя ўстановы. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].
Славутасць | |
Дом Абрампольскага | |
---|---|
| |
53°53′47″ пн. ш. 27°32′55″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Тып будынка | даходны дом |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Архітэктар | Станіслаў Гайдукевіч |
Дата заснавання | 1912 |
Дата пабудовы | 1912 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000231 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Эмануіла Абрампольскага, дырэктара аднаго з мінскіх банкаў, пабудаваны ў 1912 годзе паводле праекта беларускага архітэктара Станіслава Гайдукевіча (гэта яго першы праект пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў). Стары адрас — Захар’еўская, 33 (на рагу з Трубнай)[2] Сем пакояў першага паверха здымала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл, вядомая мецэнатка беларускага нацыянальнага руху. Верхнія пакоі займаў сам Абрампольскі з сям’ёй[3].
У 1917 годзе дом быў канфіскаваны бальшавіцкімі ўладамі. У 1920-я гады ў доме месціліся кватэры супрацоўнікаў беларускага аддзялення АДПУ (Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне), пазней — НКУС. Таксама тут жылі прадстаўнікі найвышэйшага дзяржаўнага, партыйнага і гаспадарчага кіраўніцтва БССР. У адной з кватэр у 1919—1931 гадах жыў наркам земляробства і сакратар Менскага гаркама КПБ(б) Адам Славінскі. За гэтым часам дом неафіцыйна звалі Першы Дом Саветаў[3]. У 1930-я гады ў доме жылі і былі арыштаваныя Дзмітрый Прышчэпаў, Аскар Сапрыцкі, Максім Ляўкоў[4].
У жніўні 1924 года ў адной з кватэр гэтага дома арыштаваны Барыс Савінкаў[3].
За Другой сусветнай вайной, у 1941—1942 гадах у будынку месціліся канспіратыўная кватэра савецкага падполля. Пасля Другой сусветнай вайны кіраўніцтва БССР пасялілася ў адмыслова пабудаваных для іх дамах, а дом Абрампольскага аддалі прадстаўнікам савецкай інтэлігенцыі[3]. У 1948—1955 гадах тут жыў навуковец-геадэзіст, акадэмік Васіль Папоў[5].
Сёння будынак займае УКБ Мінгарвыканкама, месціцца рэстаран.
Даходны дом Абрампольскага і дом Уніхоўскага злучаны паміж сабой тарцамі і ўтвараюць адзіны фронт забудовы.
Дом Абрампольскага мураваны прамавугольны ў плане трохпавярховы будынак з трапецападобнай мансардай пад вальмавым дахам[6]. Сіметрычную кампазіцыю галоўнага фасада парушае зрэзаны заходні вугал, завершаны невысокім атыкам з лацінскімі літарамі (дата пабудовы). Пластыку галоўнага фасада ўзбагачаюць ляпныя віньеткі, гірлянды, балконы з металічнай агароджай. Уваходы з боку галоўнага і дваровага фасадаў. Галоўны ўваход вылучаны казырком на дзвюх калонках і высокім паўцыркульным аконным праёмам над ім[6]. Дваровы фасад зроблены мінімалістычна, без усялякіх дэталяў[6].
Архітэктура дома сфарміравалася пад безумоўным уплывам стылю арт-нуво, што адбілася ў пластычнасці яго фасада (скошаны вугал, трапецападобная мансарда), у строгім рытме разнастайных аконных праёмаў з балконамі, у стрыманым дэкаратыўным аздабленні[6].
Планіроўка будынка змененая. Планіровачным ядром ёсць лесвічны вузел, вакол якога раней месціліся кватэры.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.