Гісторыя беларускай мовы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісторыя беларускай мовы — працэс непарыўнага развіцця беларускай мовы са старажытнай праіндаеўрапейскай протамовы.
Беларуская мова з’яўляецца старажытнапісьменнай, гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за 10 стагоддзяў. Мова беларускага народа склалася ў XIV—XVI стагоддзях, калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага[1].
У познім XVII — пач. XIX ст. у Рэчы Паспалітай жывая старабеларуская гаворка захоўвалася толькі на беларускіх землях і ў простага народа, да пары — у драбнейшай шляхты. Сацыяльная верхавіна грамадства, выхаваная ў польскай культуры, лічыла беларускую мову наогул непрыдатнай для выкарыстання ў літаратуры[2]. Менавіта ў гэты перыяд беларусы зведалі асабліва моцны ўціск паланізацыі. Пасля паўстанняў 1830 і асабліва 1863 гадоў паланізацыя, якую праводзілі тагачасныя мясцовая буйная шляхта і каталіцкае духавенства, змянілася русіфікацыяй, якую праводзіў царскі ўрад.
Узоры жывой старабеларускай гаворкі траплялі ў літаратуру пераважна ў творах «школьнай драмы», з якіх толькі адзін[3] быў пры сваім з’яўленні надрукаваны (сатыра «Вітанне на першы выезд з Каралеўца…», 1642), рэшта засталася ў рукапісах. Гэтыя творы, а дакладней, іх фрагменты, і з’яўляюцца практычна адзінымі ўзорамі жывой беларускай мовы таго часу. Мова іх падобная на народную канца XIX — пач. XX ст., нямала паланізмаў. Запісаныя яны пераважна лацініцай, малая іх частка, што са Смаленскай зямлі — кірыліцай[2]. Апроч таго, некаторыя фанетычныя асаблівасці старабеларускай мовы захаваліся ў помніках пісьменства беларускіх татар канца XVI — пачатку XVII ст.[2], напрыклад, у кітабах.
Сучасны этап развіцця беларускай мовы ўмоўна адлічваецца ад пачатку XIX стагоддзя, калі былі зробленыя спробы стварэння літаратурнай мовы на аснове народных гаворак.