Вайна ў Харватыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вайна́ ў Харва́тыі (сербахарв.: Rat u Hrvatskoj / Рат у Хрватској, харв.: Domovinski rat — Айчынная вайна; сакавік 1991 — лістапад 1995) — ваенны канфлікт на тэрыторыі былой Сацыялістычнай Рэспублікі Харватыя, выкліканы выхадам Харватыі са складу Югаславіі.
Вайна ў Харватыі Вайна за незалежнасць Харватыі харв.: Domovinski rat (Айчынная вайна) | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Югаслаўскія войны | |||
| |||
Дата | 31 сакавіка 1991 — 12 лістапада 1995[заўв. 1] | ||
Месца | Харватыя[заўв. 2] | ||
Прычына | Абвяшчэнне Харватыяй незалежнасці і абвяшчэнне сербамі Рэспублікі Сербская Краіна. | ||
Вынік | Незалежнасць Харватыі ў межах, якія існавалі ў СФРЮ, і ліквідацыя Рэспублікі Сербская Краіна[заўв. 3]. | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пасля аб’яўлення Харватыяй незалежнасці сербскае насельніцтва Харватыі спрабавала стварыць сваю дзяржаву на яе тэрыторыі, каб не выходзіць са складу Югаславіі[33][34]. Харватыяй гэта было расцэнена як спроба ўключэння тэрыторый Харватыі ў склад Сербіі[35][36]. У 2007 годзе Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі (МТБЮ) было даказана, што лідар Рэспублікі Сербскай Краіны Мілан Марціч меў дамоўленасць са Слабаданам Мілошавічам аб далучэнні РСК да Саюзнай Рэспублікі Югаславія і стварэнні «адзінай сербскай дзяржавы»[37]. У 2011 годзе Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі вынес прысуд, згодна з якім харвацкія генералы Гатовіна і Маркач па загаду ваенна-палітычнага кіраўніцтва Харватыі ў ходзе вайны здзяйснялі ваенныя злачынствы супраць сербаў з мэтай іх выгнання і засялення гэтых тэрыторый харватамі[38], аднак у 2012 апеляцыйная камісія МТБЮ цалкам апраўдала абодвух генералаў[39][40].
Першапачаткова вайна вялася паміж сіламі Югаслаўскай народнай арміі, харвацкімі сербамі і харвацкай паліцыяй. Кіраўніцтва Югаславіі сіламі федэральнай арміі паспрабавала захаваць Харватыю ў складзе краіны[41]. Пасля распаду краіны і спынення існавання ЮНА на тэрыторыі Харватыі было створана самаабвешчаная дзяржава сербаў — Рэспубліка Сербская Краіна. Затым пачалася барацьба паміж харвацкай арміяй і арміяй краінскіх сербаў. У 1992 годзе было падпісана пагадненне аб спыненні агню, і адбылося прызнанне Харватыі як суверэннай дзяржавы[42][43]. У Харватыю былі ўведзеныя міратворчыя войскі ААН, у выніку чаго канфлікт прыняў вялацякучы, ачаговы характар[44]. У 1995 годзе войска Харватыі правяло дзве буйныя наступальныя аперацыі, у выніку якіх значная частка тэрыторыі РСК перайшла пад харвацкі кантроль[3][45]. Вайна скончылася падпісаннем Эрдуцкага і Дэйтанскага пагадненняў, паводле якіх Усходняя Славонія была ўключана ў склад Харватыі ў 1998 годзе[4][8]. Канфлікт суправаджаўся ўзаемнымі этнічнымі чысткамі сербскага і харвацкага насельніцтва.
У выніку вайны Харватыя дамаглася незалежнасці і захавання сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці[3][4]. У ходзе баявых дзеянняў многія гарады і вёскі моцна пацярпелі і былі разбураны[46]. Шкода народнай гаспадарцы Харватыі ацэньваецца ў 37 млрд $[47]. Агульная колькасць загінулых падчас вайны перавышае 20 000 чалавек[29]. Вялікая колькасць харвацкіх бежанцаў была выгнана з тэрыторый, якія кантраляваліся сербамі ў 1991—1992 гадах. У той жа час, згодна з паведамленнямі Камісарыята па справах бежанцаў ААН, да 1993 толькі з тэрыторый пад кантролем Заграба была выгнана 251 000 сербаў[48]. Іншы буйны паток сербскіх бежанцаў (каля 230 000 чалавек) быў зафіксаваны ў 1995 годзе пасля правядзення аперацыі «Бура». 115 000 сербскіх бежанцаў пасля вайны вярнулася ў Харватыю.
У Харватыі для абазначэння канфлікту выкарыстоўваецца тэрмін «Айчынная вайна» (харв.: Domovinski rat), радзей выкарыстоўваецца тэрмін «Сербская агрэсія» (харв.: Velikosrpska agresija)[20][49]. У Сербіі часцей за ўсё гэты канфлікт называюць «Вайна ў Харватыі» (сербск.: Рат у Хрватскоj)[50] або «Вайна ў Краіне» сербск.: Рат у Крајини)[51][52]. У рускай гістарыяграфіі гэты канфлікт звычайна аб’ядноўваюць з Баснійскай вайной і выкарыстоўваюць тэрмін югаслаўскі крызіс[53][54].