1917 From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), да сярэдзіны 1920-х гг. — Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, са студзеня 1936 г. — Беларускае народнае аб’яднанне (БНА) — беларуская палітычная партыя нацыянальна-дэмакратычнага характару сацыялістычнай арыентацыі.
Заснаваная ў маі 1917 г. у Петраградзе. Сярод заснавальнікаў і ідэолагаў: Ф. Абрантовіч, В. Гадлеўскі, А. Станкевіч, Л. Хвецька, Ф. Будзька, А. Зязюля (А. Астрамовіч), К. Сваяк (К. Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газета «Беларуская крыніца». Партыя выступала за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і за парламенцкія формы барацьбы.
Беларускі хрысціянскі палітычны рух паўстаў у пачатку XX ст. у асяродках беларускіх студэнтаў-тэолагаў і семінарыстаў. Хрысціянская дэмакратычная злучнасць (ХДЗ) заснавана ў маі 1917 г. у Петраградзе. Напачатку ХДЗ аб’ядноўвала невялікія гурткі беларускай інтэлігенцыі з настаўнікаў, слухачоў Пецярбургскай духоўнай акадэміі (Беларускі гурток студэнтаў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі створаны ў 1913 г.), клерыкалаў Мінска.
Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-палітычнай дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. На з’ездзе беларускага каталіцкага духавенства 24-25 мая 1917 г. у Мінску адным з галоўных пытанняў была дзейнасць беларускай каталіцкай партыі (дакладчык В. Гадлеўскі). У прынятай рэзалюцыі адзначалася, што «з’езд дамагаецца аўтаноміі ў Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы». Прадстаўнікі хрысціянскіх дэмакратаў уваходзілі ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнічалі ў Першым Усебеларускім з’ездзе ў Мінску ў снежні 1917 г. У 1918 г. хрысціянскія дэмакраты віталі акт абвяшчэння незалежнай беларускай дзяржавы — БНР.[1]
Першапачаткова сувязі ХДЗ з сялянствам былі нязначныя. У пачатку 1920-х гадоў яе гурткі існавалі ў Дзісне, Друі, Іказні, Барадзенічах, Шаркоўшчыне, Ашмянах, Барунах. Іх арганізатарамі былі ксяндзы Ф. Абрантовіч, В. Ташкун, А. Станкевіч, М. Пятроўскі, Я. Германовіч і інш., якія вялі культурна-асветную работу выключна сярод беларусаў-католікаў. У выніку гэтага ў 1920 г. налічвалася крыху больш за 500 членаў ХДЗ. У якасці актыўнага ўдзельніка Беларускага нацыянальнага камітэта (ад ХДЗ у яго ўваходзіў В. Гадлеўскі), а ў далейшым і Вялікай Беларускай Рады ХДЗ падтрымлівала Часовы ўрад А. Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да Савецкай улады. На І з’ездзе ХДЗ у лютым 1918 г. у Петраградзе гаварылася, што ў адносінах да такіх народаў як літоўцы, латышы, беларусы і ўкраінцы, трэба стаяць на грунце поўнага іх самавызначэння.
Рэвалюцыйныя настроі, якія пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ахалілі працоўных і пэўныя колы беларускай інтэлігенцыі, у т.л. духавенства, адбіліся і на змесце 1-й праграмы ХДЗ, прынятай у 1920 г. у Мінску. У 2-м яе пункце падкрэслівалася, што «хрысціянская дэмакратыя змагаецца перад усім з капіталізмам, у каторым бачыць адну з найважнейшых прычын беднасці і галечы працоўных мас і хоча завесці такі лад, каб кожнаму чалавеку магчыма было сваёй працай здабыць сабе хлеб патрэбны і карыстацца з усяго культурнага багацця».
Пад назвай Беларуская хрысціянская дэмакратыя арганізацыя дзейнічала ад пачатку 1920-х г. У гэты перыяд фарміравалася яе ідэалогія. На думку А. Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця беларускай нацыі, адмаўленне класавай барацьбы ўнутры беларускага народа, бо партыяй беларускі народ разглядаўся як вылючна сялянскі (без свайго дваранства і буржуазіі), бяскласавы, цалкам працоўны, «сярмяжны» люд. Як сцвярджала ў 1928 г. «Беларуская крыніца», «…беларусы — гэта народ малазямельнага сялянства. Справа ў тым, што Беларусь уся працоўная. У нас няма непрацоўных па прыкладу іншых краін, адкуль нам гэты фальшывы раздзел прынесены. Мы не маем уласных прамыслоўцаў-капіталістаў, не маем уласных памешчыкаў, ні так званых кулакоў… А калі так, то становіцца ясным, што класавая барацьба ў народзе, у якім адсутнічаюць класы, не можа мець месца».
За час свайго існавання БХД прайшла эвалюцыю ад арганізацыі клерыкальнага кірунку да свецка-клерыкальнай палітычнай партыі. Усе пяць праграм БХД, пачынаючы з 1920 г., адстойвалі канфіскацыйную зямельную рэформу без грашовай кампенсацыі былым зямельным уласнікам. 2-я праграма (1927) дэкларавала, што «БХД імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку». У 4-й праграме (1932) падкрэслівалася, што «БХД прынцыпова супраць аддзялення касцёла ад дзяржавы і змагаецца з палітыкай, што выкарыстоўвае рэлігію для палітычных мэтаў, або падтрымлівае адну рэлігію супраць другой». Адзначалася таксама абавязковасць вывучэння рэлігіі «як у школах урадавых, так і ў школах прыватных». Больш выразна апошнія праграмы БХД ставілі сацыяльныя пытанні, як вынік працэсу радыкалізацыі, што ахапіла нізавыя гурткі партыі. Так, у § 34 абноўленай 4-й праграмы адзначана, што «ўсе землі, перавышаючыя працоўную норму, перадаюцца ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам». Змяшчаліся патрабаванні 8-гадзіннага рабочага дня, права на забастоўку, стварэння рабочых камітэтаў з правам нагляду за вытворчасцю і прыбыткамі і інш.
З мэтай пашырэння сацыяльнай базы партыі ў чэрвені 1926 г. у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК) як філіял БХД. Пры дапамозе розных гаспадарчых і культурна-асветных мер (выдача грашовых пазык, стварэнне сялянскіх кааператываў і інш.) рабіліся спробы ўзмацніць уплыў БХД сярод сялян. З гэтай жа мэтай на II (1927) і III (1928) з’ездах партыі было падкрэслена, што сябрамі БХД з’яўляюцца не толькі беларусы-католікі, але і праваслаўныя. 3 ліку тых і другіх выбіраўся склад членаў ЦК БХД. Гэта спрыяла колькаснаму росту партыі.
На IV з’ездзе БХД (1931), які быў самы шматлікі і апошні, прысутнічалі 101 прадстаўнік і 24 госці ад Ашмянскага, Баранавіцкага, Браслаўскага, Валожынскага, Ваўкавыскага, Вілейскага, Віленска-Трокскага, Дзісенскага, Лідскага, Пастаўскага і Сакольскага паветаў. На працягу 1931—1934 гг. колькасць гурткоў БІГіК вырасла з 12 да 51 (налічвалі 937 чал.). Паступова БХД заняла лідзіруючае становішча ў Беларускім нацыянальным камітэце сярод партый і груп беларускага нацыянальнага лагера. Да сярэдзіны 1930-х гг. яна засталася адзінай беларускай нацыянальнай партыяй, якая захавала і павялічыла свой колькасны склад.
З 2-й пал. 1920-х гг. Беларуская хрысціянская дэмакратыя бярэ курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-палітычную арганізацыю на грунце агульнахрысціянскай ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы БХД на Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА). У склад новага ЦК БНА (выбраны ў студзені 1936 г.) увайшлі А. Клімовіч, Я. Пазняк, Я. Малецкі, М. Дварэцкі, Я. Найдзюк, Я. Шутовіч, В. Нарановіч-Бабарыка, Я. Чарнецкі, Я. Ярмаковіч, М. Казаровіч; у яго прэзідыум — Я. Пазняк (старшыня), С. Грынкевіч (1-ы віцэ-старшыня), М. Дварэцкі (2-і віцэ-старшыня), А. Клімовіч.
Змена назвы партыі павінна была паказаць незалежнасць ад кліра і прэтэнзію на аднаасобнае палітычнае прадстаўніцтва беларускага народа. У якасці галоўнай палітычнай мэты ў праграме падкрэслівалася імкненне БНА да таго, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы да эксплуатацыі адных другімі, забяснечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян. БНА супраць дыктатуры капіталізму фашызму і камунізму». Выхад з цяжкага становішча працоўных кіраўніцтва БНА бачыла ў арганізацыі кааператываў, асветна-гаспадарчых гурткоў, бібліятэк-чытальняў і інш. У праграме гаварылася, што «БНА да сваіх мэт ідзе дарогай арганізацыі, усведамлення беларускага сялянства, работнікаў і інтэлігенцыі, на аснове грамадскай роўнасці і справядлівасці і беларускай народнай культуры». Кіраўнікі БНА у зямельным пытанні па-ранейшаму лічылі хутарскую сістэму «найбольш адпаведнай формай прыватнай зямельнай гаспадаркі». Праграма адзначала, што «БНА, стоячы на прынцыпе самастанаўлення народаў, імкнецца да самастойнасці беларускага народа ва ўсіх яго этнаграфічных землях, аб’яднаных у незалежную дзяржаву». У намечаных шляхах вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем было шмат супярэчлівага. Кіраўнікі БНА прэтэндавалі трэці шлях грамадскага развіцця, які не знайшоў канкрэтнага адлюстравання ў палітычных праграмах партыі.
Кіраўніцтва БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ стварыць адзіны фронт барацьбы супраць курсу польскіх улад на дэнацыяналізацыю беларускага насельніцтва. Аднак у лютым 1936 г. паміж БІГіК і Таварыствам беларускай школы (знаходзілася пад уплывам КПЗБ) было заключана пагадненне пра адзінства дзеянняў у справе барацьбы за школу на роднай мове. Гэта выклікала раскол, у чэрвені 1936 г. кансерватыўна настроеная частка членаў БНА не прыняла ідэі супрацоўніцтва з камуністамі і стварыла т.зв. Беларускі народны фронт (БНФ) на чале з В. Гадлеўскім.
Адначасова польскія ўлады пільна сачылі за любымі праявамі апазіцыйных настрояў сярод беларускага нацыянальнага лагера. У снежні 1936 г. паводле пастановы Віленскага староства спынена дзейнасць БІГіК. З-за ганенняў і ўціску з боку польскай адміністрацыі ў 1937 г. спынілася выданне «Беларускай крыніцы». У 1938 г. забаронены віленскі Беларускі нацыянальны камітэт. Пераследаваліся многія актывісты БНА. У выніку да канца 1930-х гг. дзейнасць БНА была моцна аслаблена.
Пасля ўз’яднання Беларусі, у 1939—1940 гг. многія лідары і актывісты БХД за сваю дзейнасць былі рэпрэсаваныя савецкім, а пасля і нацысцкім рэжымам, у 1940 г. партыя спыніла сваё існаванне[2].
Летам 1943 г. ў выніку аб’яднання членаў БНА (на чале з С. Грынкевічам), Партыі беларускіх нацыяналістаў (пад кіраўніцтвам Я. Станкевіча) і некалькіх іншых, больш дробных, груп створана нелегальная арганізацыя пад назвай Беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднанне. Яна арыентавалася на супрацоўніцтва з польскім падполлем, шырокай дзейнасці разгарнуць не здолела.[3]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.